БХД не будзе вылучаць кандыдата і нікога не падтрымае на выбарах
Аргкамітэт партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" не будзе вылучаць свайго кандыдата на прэзідэнцкую кампанію 2015 года і таксама не будзе падтрымліваць непасрэдна ніводнага з кандыдатаў.
Разам з тым БХД гатовая да супрацоўніцтва з дэмакратычнымі кандыдатамі, блізкімі па пазіцыях, поглядах і каштоўнасцях да беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў. Такое рашэнне на сваім паседжанні 16
мая прыняла Нацыянальная рада аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя", паведамляе прэс-служба БХД.
"У Беларусі не толькі няма свабодных і справядлівых выбараў. За 20 год практычна улада робіць немагчымай працу незалежных прафсаюзаў, знішчаная незалежныя судовая сістэма, асноўным
аб`ектам, на які накіраваны прыгнёт улады, становіцца не апазіцыя, а беларускі народ. Прыняцце апошніх антынародных законаў (падатак "на дармаедства", ціск на прадпрымальнікаў,
працоўных) — таму яскравыя прыклады. Хрысціянскія дэмакраты павінны стаць абаронцамі беларускага народа, той партыяй, якая бароніць нацыянальная каштоўнасці і адстойвае правы простых
беларусаў", — адзначыў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.
"Партыя не ўдзельнічае ў "выбарах" — бо як можна ўдзельнічаць у тым, чаго няма? Але мы правядзем кампанію падтрымкі Міколы Статкевіча і іншых палітвязняў, а
таксама масавы збор подпісаў і прэзентацыю праграмнай альтэрнатывы "Урад для народа", — падкрэсліў сустаршыня БХД Павел Севярынец.
Асноўнай кампаніяй 2015 года для БХД стане рэформа сферы аховы здароўя, якая дазволіць больш паспяхова і эфектыўна кантактаваць з грамадзянамі. Таксама падчас кампаніі БХД прадставіць
"Урад для народа" — прапановы рэформаў па дзесяці галоўных сферах (адукацыя, ЖКГ, абарона і г.д,), што будзе прадстаўлена як канкрэтны адказ на існуючыя выклікі.
Апроч таго, БХД бярэ актыўны ўдзел у кампаніі назірання "Права выбару". "Нават калі хтосьці на Захадзе захоча зрабіць Лукашэнку законным прэзідэнтам, каб ён радзей ездзіў
у Маскву, то мы не павінны гэтага дапусціць. Гэта пастка, бо ў выпадку прызнання Лукашэнка зможа незаконна перадаць Беларусь у склад Расіі, абвясціць сябе царом ці адняць апошнія правы ў беларусаў.
Сёння прынятыя ім рашэнні ў міжнародным полі не маюць юрыдычнай моцы", — заявіў Севярынец.
Нагадаем, на 13 чэрвеня запланаваны з`езд БХД, які зацвердзіць план дзейнасці хрысціянскіх дэмакратаў у 2015 годзе.
БелаПАН