Папраўка да правоў
Змены
ў Закон аб СМІ: артпадрыхтоўка ці планамерная праца? Сёння беларускія парламентарыі прынялі ў першым чытанні папраўкі ў Закон аб СМІ, якія, як і варта было чакаць, яшчэ больш закручваюць гайкі ў медыйнай сферы.
Калі папраўкі будуць прыняты ў такім выглядзе, то:
- Супрацоўнікі незарэгістраваных інтэрнэт-рэсурсаў не будуць лічыцца журналістамі, а дзяржорганы будуць мець права адмовіць ім у акрэдытацыі.
- Уводзіцца абавязковая ідэнтыфікацыя тых, хто размяшчае матэрыялы ў інтэрнэт-рэсурсах (не толькі ў сеткавых выданнях), у тым ліку каментатараў на форумах
- У выпадку, калі ў сацыяльных сетках распаўсюджваецца кантэнт, непажаданы для дзяржавы, дапускаецца магчымасць блакавання цэлых сацыяльных сетак
Калі з першымі двума пунктамі праблем у дзяржаўных органаў яўна не будзе (у бюракратычнай кухні ліцэнзаванняў, акрэдытацый, дазволаў, забарон і штрафных санкцый ім няма роўных), то апошні выклікае складанасці. Як будуць ідэнтыфікаваць каментатараў? Можа, перад адпраўкай каментару абавязкова трэба будзе напісаць свае імя і прозвішча? Але хто замінае напісаць несапраўдныя? Можа, усе сайты СМІ абавяжуць уводзіць рэгістрацыю каментатараў з высылкай мадэратарам скану пашпарту? Ці трэба будзе атрымліваць ліцэнзію на каментаванне ў РАУСе па месту жыхарства, зацвержданую штампамі раённай управы КДБ і «Белай Русі»? Як бы там ні было, падаецца, што любыя меры, прынятыя ў гэтым напрамку, проста заб'юць традыцыю каментавання на сайтах і публічнай зваротнай сувязі. У лепшым выпадку сярод каментатараў застануцца толькі праўладныя тролі.
Што датычна блакавання сацсетак цалкам — гэта вельмі моцны ўдар па іміджу Беларусі (якую Аляксандр Рыгоравіч неасцярожна вырашыў прэзентаваць як IT-краіну) за мяжой, не кажучы ўжо аб паралічы сацыяльнага жыцця соцень тысяч людзей. Пра інвестыцыі ў высокія тэхналогіі ў гэтым выпадку можна будзе забыцца. Таму варта лічыць, што на такі крок улада пойдзе толькі ў выпадку ўзнікнення выразнай рэвалюцыйнай сітуацыі.
Тлумачэнне міністрам законапраекта, як «накіраванага на абарону дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў, нацыянальнай бяспекі» вызывае хіба што ўсмешку. Чые інтарэсы абараняе Мінінфарм можна лёгка адсачыць па ягоных дзеяннях. Што ж да сапраўдных прычын прыняцця закона менавіта зараз, то іх некалькі. Па-першае, у лада, спужаўшыся імклівага росту папулярнасці незалежных СМІ і блогераў, пачала жорсткі наступ на іх. Для гэтага наступу нашмат зручней мець прававыя механізмы, каб падысці да наступнай хвалі масавых пратэстаў «у поўным узбраенні». У гэтую канву добра кладуцца і блакіроўкі «Хартыі», «Беларускага Партызана», анархісцкіх сайтаў і паблікаў, вобшукі ў «Белсата», адміністратыўкі супраць блогераў.
Па-другое, новы закон аб СМІ, як мяркуецца, можа быць прыняты пад рэферэндум, які, хутчэй за ўсё, рыхтуе ўлада. Водгукі на такія ініцыятывы ўлады амаль на ўсіх сайтах і ў сацсетках рэзка негатыўныя. Адсюль і спроба абмежаваць іх праз прымус каментатараў да самацэнзуры. Вышэйшыя асобы не хочуць бачыць тое, што ім не падабаецца — і тут іх рэакцыя нагадвае закрыццё вачэй дзіцёнку, калі ён баіцца глядзець на нешта непрыемнае. Не бачу — значыцца няма.
І, зрэшты, новыя папраўкі можна таксама разглядаць як падрыхтоўку да прэзідэнцкіх выбараў, да якіх засталося менш чым паўтары гады. Прыдушэнне СМІ дапаможа зрабіць іх як мага больш вялымі, апатычнымі і прадказальнымі, а перамогу — яшчэ больш «элегантнай».
Урэшце, у нетрах ААЦ, КДБ і Адміністрацыі прэзідэнта даволі хутка зразумелі: дзяржава прайграе на медыйным полі літаральна па ўсіх франтах. Прайграе незалежным СМІ, прайграе блогерам, прайграе якаснай расійскай прапагандзе. Але, як і варта было чакаць, замест паляпшэння якасці сваёй працы (не кажучы ўжо аб якасці жыцця суграмадзян) яны ўдарылі па самых слабых з гэтага спісу. Тым самым яшчэ раз пацвердзеўшы: чыноўнікі ад верху да нізу ўспрымаюць свабоду слова не як імператыўнае права і абавязковую ўмову для прагрэсу і развіцця грамадства, а як прыдуркаватасць «занадта разумных», з якой часам прыходзіцца мірыцца, але трэба таптаць пры кожным зручным выпадку.