Ведаць усіх пайменна. Дэпутаты прагаласавалі
Беларускія дэпутаты ў першым чытанні прынялі папраўкі ў Закон аб СМІ, згодна з якімі каментатараў на інтэрнэт-форумах павінны ідэнтыфікаваць, а супрацоўнікі інтэрнэт-выданняў, якія не прайшлі рэгістрацыю, не будуць лічыцца журналістамі.
Прадстаўляў змены ў Закон аб СМІ, якія робяць больш жорсткімі патрабаванні да інтэрнэт-выданняў, новы міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч. За змены прагаласавалі 98 дэпутатаў, супраць — 2.
Папраўкі ў Закон аб СМІ, нагадаем, маюць на ўвазе добраахвотную рэгістрацыю інтэрнет-рэсурсаў у якасці СМІ (іх будуць зваць «сеткавымі выданнямі»). Супрацоўнікі незарэгістраваных інтэрнэт-рэсурсаў не будуць лічыцца журналістамі, а дзяржорганы будуць мець права адмовіць ім у акрэдытацыі. Таксама ўводзіцца абавязковая ідэнтыфікацыя тых, хто размяшчае матэрыялы ў інтэрнэт-рэсурсах (не толькі ў сеткавых выданнях), у тым ліку каментатараў на форумах, дапускаецца магчымасць блакавання сацыяльных сетак.
Закон таксама забароніць распаўсюд прадукцыі замежных СМІ ў Беларусі без наяўнасці дазволу, а рэдакцыі тэлеканалаў павінны будуць забяспечыць у штотыднёвым аб'ёме вяшчання аб'ём тэлеперадач беларускай (нацыянальнай) вытворчасці не менш як 30 працэнтаў.
Па словах Аляксандра Карлюкевіча, неабходнасць зменаў у Закон аб СМІ звязана ў тым ліку з гарманізацыяй беларускага заканадаўства з заканадаўствам Расіі і Казахстана. А ў заключэнні дэпутацкай камісіі сказана, што «законапраект накіраваны на абарону дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў, нацыянальнай бяспекі».
— Інтэрнэт далёка не заўсёды служыць развіццю грамадства і дзяржавы, — патлумачыў дэпутатам міністр інфармацыі неабходнасць зменаў у закон.
— Вы казалі пра вопыт Расіі і Казахстана, а вопыт нашых бліжэйшых краін-суседзяў, Еўрасаюза, улічваўся? — спытала дэпутат Алена Анісім.
— Сур'ёзна вывучалася заканадаўчая база еўрапейскіх краін - Германіі, Францыі, Вялікабрытаніі, — запэўніў міністр.
— Чым выклікана захаванне нормы пазасудовага парадку абмежавання доступу да інтэрнэт-рэсурсаў? — удакладніла адна з дэпутатаў.
— Хуткасцямі выклікана, інакш рашэнне будзе прынята праз працяглы адрэзак часу.
Дэпутаты таксама пацікавіліся, ці не сыдуць каментатары пасля ўвядзення ідэнтыфікацыі ў інтэрнэце на іншыя, небеларускія пляцоўкі.
— Ідэнтыфікацыя сёння існуе ў шматлікіх уладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў, і гэта не выклікае абурэння, напэўна, той прагноз, пра які вы кажаце, будзе тычыцца буйных інтэрнэт-пляцовак, якія зацікаўлены ў вялікіх аб'ёмах рэкламы. Калі спажывец і тыя ўдзельнікі сацыяльных сетак, электроннай прасторы апрыёры не будуць выконваць заканадаўчую базу і будуць сыходзіць у нейкую іншую прастору, я не бачу нічога страшнага.
Кажучы пра тое, як менавіта будуць ідэнтыфікаваць каментатараў у інтэрнэце, міністр выказаў здагадку, што, магчыма, «праз эсэмэс будзе адпраўляцца паведамленне».
Тым часам Беларуская асацыяцыя журналістаў адправіла і ў Мінінфарм, і ў парламент свае заўвагі па законапраекту. Міністр запэўніў, што па папраўкам ужо ёсць адказы: «Магчыма, па некаторых пазіцыях прапановы будуць улічаныя».
Яшчэ адна папраўка, якую могуць унесці ў законапраект — тэрмін, за які тэлеканалы павінны забяспечыць 30% беларускага кантэнту.
Паводле tut.by