Парадоксы сёлетніх пратэстаў

Хваля вулічных выступаў, якая пракацілася па Беларусі — гэта ўжо не сацыяльныя пратэсты супраць дэкрэту №3, а цалкам палітычныя. Парадокс у тым, што іх удзельнікі вылучаюць тыя самыя патрабаванні, на абяцанні выканаць якія Лукашэнка калісьці прыйшоў да ўлады.

Дзень Волі, 2016 год

Дзень Волі, 2016 год

 Бракавала чырвоных сцягоў

Нягледзячы на «прымаразку» дзеяння дэкрэту №3, маршы і акцыі пратэсту працягваюцца — і ў шматлікіх правінцыйных гарадах, і ў сталіцы. Ужо, здаецца, усе СМІ напісалі: у большасці на акцыі выходзяць простыя грамадзяне, а вось актывістаў апазіцыі было адносна няшмат. Гэта значыць, у рэгіёнах апазіцыянеры, блогеры і журналісты складалі відавочную меншасць. Большасць была прадстаўленая пенсіянерамі, працоўнымі і ўсімі тымі, хто быў альбо закрануты дзеяннем дэкрэту, альбо папросту апынуўся ў цяжкім сацыяльна-эканамічным становішчы.

Дзень Волі, 2016 год

Дзень Волі, 2016 год

Калі прааналізаваць патрабаванні пратэстантаў і іх прэтэнзіі да дзеючай улады, то апынецца, што ўсе гэтыя патрабаванні — цалкам і выключна «левыя». Людзі, якія мітынгуюць, патрабуюць не проста адмены дэкрэту (гэта было толькі нагодай). Іх патрабаванні — даць людзям працу, спыніць рост коштаў, спыніць дэіндустрыялізацыю, вярнуць рэальную «сацыяльную дзяржаву» з яе палёгкамі, спыніць рост тарыфаў ЖКГ і адмяніць падвышэнне пенсійнага ўзросту. Ва ўсім свеце падобнае ўспрымаецца адназначна: калі на плошчах гарадоў гучаць такога кшталту лозунгі, значыць, мітынгуюць левыя, сацыялісты або камуністы.

Маніфестацыя 1905 года

Маніфестацыя 1905 года

У тым і складаецца беларускі парадокс: пратэсты, якія праходзілі пад абсалютна «левымі» лозунгамі, паспрабавалі ўзначаліць «правыя» палітыкі. У той час як іх калегі з левага палітычнага флангу сядзяць як мышы пад венікам. На самай справе: Анатоль Лябедзька, Юры Губарэвіч, Вольга Кавалькова, Віталь Рымашэўскі, Павел Севярынец і шэраг іншых — усе яны выйшлі з пратэстоўцамі на вуліцы і добрасумленна выправіліся за гэта ў турму. Але Сяргея Калякіна мы на вуліцах не пабачылі. Па сутнасці, за ўвесь левы бок палітычнага спектру аддзімаліся адны анархісты.

Фота revbel.org.jpg

Фота revbel.org.jpg

З анархістамі зразумела — ім па статусе тое прызначана. А куды падзеўся «Справядлівы свет»? Чаму не падняў чырвоны сцяг у абарону інтарэсаў працоўных людзей?

У асяроддзі апазіцыі сёння пра гэта імкнуцца не гаварыць, але ўсе ўдзельнікі пратэстаў, пачынаючы з акцыі 17 лютага, патрабавалі, скажам так, зусім не ліберальных рынкавых рэформаў. Дэ-факта людзі пайшлі на вуліцы, патрабуючы вяртання той самай сацыяльнай дамовы часоў ранняга Лукашэнкі — «чарка, шкварка, іншамарка» ў абмен на няўдзел электарату ў палітычным жыцці.

Сведкі апошніх акцый сцвярджаюць: у Бабруйску, напрыклад, некаторыя пратэстоўцы апелявалі да досведу Сталіна і Машэрава. У іншых гарадах спасылаліся на досвед пасляваеннага ўзнаўлення народнай гаспадаркі. Гэта значыць, людзі звярталіся да старых, яшчэ савецкіх мадэляў. Не выпадкова, пэўна, у пратэстах бралі ўдзел шмат пенсіянераў і людзей сярэдняга веку. Ім не патрэбна прыватызацыя заводаў і свабода СМІ, ім больш важнае пераразмеркаванне сціплых грамадскіх выгод ад «зажраўшыхся чыноўнікаў» да «простых людзей».

1323083084_b953.jpg


 Пастка не-рэформаў

Паспрабуем падсумаваць прэтэнзіі большасці пратэстоўцаў да дзеючай улады (ужо не чапаючы прывід дэкрэту №3):

  • Закрыццё фабрык і заводаў, альбо іх праца па 1–2 дні на тыдзень.
  •  Скарачэнні залішніх працоўных месцаў.
  •  Недахоп новых працоўных месцаў (асабліва ў рэгіёнах).
  • Немагчымасць пражыць, з’яўляючыся афіцыйна беспрацоўным.
  • Павелічэнне пенсійнага ўзросту.
  • Павелічэнне мінімальнага стажу для атрымання пенсій.
  • Выключэнне перыяду дэкрэтнага адпачынку з працоўнага стажу.
  • Згортванне льготнага крэдытавання будаўніцтва жылля.
  • Падвышэнне коштаў на паслугі ЖКГ.
  • Згортванне дзяржрэгулявання коштаў на жыццёва важныя групы тавараў.
  • Фактычная замарозка росту заробкаў і пенсій.

1433299_original.jpg

Праблема, аднак, у тым, што гэта менавіта тыя негатыўныя эканамічныя наступствы, якія звычайна суправаджаюць пачатак ліберальных рэформаў. Больш за тое, крытыкі дэмакратычнага шляху развіцця ўжо публічна заяўляюць, што большасць з пералічаных праблем — наступствы таго, што беларуская ўлада, жадаючы атрымаць новыя крэдыты, «дзейнічае па ўказцы МВФ і Сусветнага банка».

На самай жа справе афіцыйны Мінск з усіх шматлікіх рэкамендацый МВФ бярэ толькі тыя, якія яму выгадныя. Гэта значыць тыя, якія дазволяць знізіць нагрузку на бюджэт і прадпрыемствы, што застаюцца ў дзяржаўнай уласнасці. Усё астатняе проста ігнаруецца — або выконваецца на паперы, без рэальнай рэалізацыі. Як, напрыклад, падтрымка малога бізнесу. У выніку кіраўнік краіны заўсёды мае магчымасць заявіць: «Што вы дрэнна жывяце — дык гэта я выконваў рэкамендацыі МВФ. Вы ж самі прасілі рэформаў! Вось вам рэформы». І запярэчыць на такую казуістыку будзе складана.

Дзень Волі, 2016 год

Дзень Волі, 2016 год

Ёсць адзін гістарычны прыклад, які я вельмі люблю прыводзіць, гаворачы аб правядзенні паспяховых рэформаў — прыклад Польшчы. У нас прапагандысты любяць прыгадваць «рэформы Бальцаровіча», які збанкрутаваў стратныя дзяржпрадпрыемствы і тым самым пазбавіў працы мноства палякаў. Але мала хто ўспамінае, што «рэформам Бальцаровіча» (гэта 1991 год) папярэднічалі «рэформы Мазавецкага» (1989 год), якія далі поўную свабоду польскаму прыватнаму бізнесу. У выніку за два гады ў Польшчы з’явілася мноства дробных прыватных прадпрыемстваў, разнастайных фірмаў і фірмачак. Менавіта яны ў 1991–1992 гадах «згасілі» хвалю беспрацоўя, даўшы магчымасць працаўладкавацца і годна зарабляць людзям, звольненым з дзяржаўных заводаў і вугальных шахт. А ў сукупнасці рэформы Мазавецкага і Бальцаровіча дазволілі Польшчы набраць такі тэмп эканамічнага росту, які дагэтуль дзівіць усю Еўропу.

Але ў Беларусі падобнае немагчыма па чыста ідэалагічных чынніках. У нас сёння мноства дзяржаўных прадпрыемстваў (галоўных працадаўцаў) ужо апынуліся нават не на мяжы — за мяжой банкруцтва, але пры гэтым у краіне не створаная «падушка бяспекі» ў выглядзе вялікай колькасці дробных прыватных бізнесаў. А тыя, што ёсць, месцяцца збольшага ў Мінску — у той час як беспрацоўе больш б’е па рэгіёнах.

1433773_original.jpg


Памылка за памылкай

Тым часам кіраўніцтва краіны працягвае рашучы рух наперад — ад адных грабляў да іншых. Хібнасць дэкрэту №3 сёння гатовая аспрэчваць, напэўна, толькі Мар’яна Шчоткіна. Аднак кіраўнік дзяржавы ўжо даў іншае, не меней «геніяльнае» распараджэнне — неадкладна (да 1 мая) працаўладкаваць усіх беспрацоўных праз грамадскія працы. І пры гэтым пацвердзіў сваё патрабаванне давесці сярэднюю зарплату ў 2017 годзе да 500 долараў.

Сумесь атрымалася, мякка кажучы, выбуханебяспечная. Калі працаўладкаваць усіх, хто не працуе, то ў краіне адразу абрынецца сярэдні заробак, найперш у бюджэтнікаў. Бо невялікі кавалачак «масла» бюджэтнага фінансавання давядзецца размазваць па кавалку хлеба нашмат большага памеру. Таму што працаўладкаванне непрацуючых «павесілі» на мясцовыя бюджэты. Пра што, дарэчы, Андрэй Кабякоў нагадаў кіраўнікам абласцей 14 сакавіка.

Фота revbel.org.jpg

Фота revbel.org.jpg

Да таго ж зразумела, што службоўцы пад сцягам «усеагульнага працаўладкавання» першым чынам створаць новыя працоўныя месцы для сябе саміх. Бо вышэйшае ўказанне трэба ўвасабляць у жыццё, складаць спісы непрацуючых, кантраляваць выкананне, правяраць яўку на грамадскія працы новых «паднаглядных» і гэтак далей. А значыць, патрэбныя новыя і новыя службоўцы. Даўно вядома, што чынавенскі апарат вельмі добра ўмее сам сябе павялічваць. Думаю, да 1 мая мы ў гэтым зноў пераканаемся.

Што атрымліваецца ў выніку? Нашмат больш высокая сацыяльная нагрузка на дзяржбюджэт, чым планавалася на момант яго прыняцця. Па-першае, дэкрэт №3 замест прыбыткаў прынёс страты. Па-другое, зараз трэба працаўладкаваць каля 400.000 рэальных (а не «статыстычных») беспрацоўных — тых, хто не стаў плаціць «падатак на дармаедаў». І зрабіць гэта за кошт бюджэту, бо прыватны бізнес цяпер хутчэй заклапочаны выжываннем, чым пашырэннем. Так, нагрузка ляжа найперш на раённыя бюджэты. Але тыя, зразумела, адразу і цалкам абгрунтавана запатрабуюць датацый ад цэнтра…

Тася Нікіценка пікетуе пасольства Беларусі ў Маскве, 2015 год. Фота facebook.com/whyfreetibet

Тася Нікіценка пікетуе пасольства Беларусі ў Маскве, 2015 год. Фота facebook.com/whyfreetibet

У выніку ва ўрадзе ізноў можа паўстаць прывід Пятра Пракаповіча, які будзе спакушаць вырашыць усе праблемы адным махам, проста ўключыўшы друкарскі станок. Гэта дазволіць і «па пяццот» забяспечыць, і грамадскія працы аплаціць, і новых чыноўнікаў працаўладкаваць, і па замежных крэдытах расплаціцца. Праўда, праз пару-тройку гадоў гэта адгукнецца новым крызісам, нашмат глыбейшым, чым цяперашні. Але ці шмат хто ў беларускай уладзе загадвае так «далёка» наперад?