Партыя БНФ: Мы ўдзельнічаем не ў выбарах, а ў выбарчай кампаніі
Сёння Партыя БНФ правяла з'езд, галоўным пытаннем якога было вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты.
Праўда, гэтым рашэннем дэлегаты не абмежаваліся, прагаласаваўшы і за тое, каб надалей мець магчымасць праводзіць пасяджэнні соймаў арганізацыі анлайн. Сойм – кіруючы орган партыі паміж з’ездамі, пасяджэнні якога праходзяць не радзей за два месяцы. Сярод яго абавязкаў – скліканне з'езду, арганізацыя ўдзелу ў выбарчых кампаніях, прыняцце рашэнняў аб зваротах у дзяржаўныя органы і заяў па найважнейшых пытаннях грамадскага жыцця і гэтак далей.
Магчымасць правядзення соймаў анлайн – вымушаная мера, абумоўленая, у тым ліку, і фінансава. Акрамя таго, партыя з-за запазычанасцяў па аплаце арэнды пазбавілася значнай часткі памяшканняў офіса, у якой як раз і праходзілі пасяджэнні сойма і іншыя (не толькі партыйныя) імпрэзы.
Што да вылуэння кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, то іх высунута 50 чалавек. Частка з іх таксама вылучаецца праз збор подпісаў.
Адзін з прэтэндэнтаў – Ілля Дабратвор – спадзяецца, што ўсе кандыдаты данясуць дакументы на рэгістрацыю, «а не як у мінулы раз, калі дзесяць не данеслі».
– Хаця, зразумела, шанцаў стаць дэпутатамі пры цяперашняй сістэме ў нас няма. Магчыма, нам трэба было пайсці па шляху якасці, а не колькасці (ад партыі, напрыклад, вылучаюцца прадстаўнікі «Еўрапейскай Беларусі»), але гэта было б пяць-сем кандыдатаў на ўсю краіну, – адзначыў ён. – Калі б выбары былі сапраўднымі, з гэтых 50-ці чалавек пару ў парламент трапіла б дакладна. Да таго ж партыя была бы здольная закрыць усе акругі.
Хоць вынікі выбараў усе дэмакратычныя сілы і называюць прадказальнымі і ўжо вызначанымі, старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў старанна пазбягае называць удзел у іх фармальным.
– Мы ўдзельнічаем не ў выбарах, а ў выбарчай кампаніі. Партыя ведае, што спіс дэпутатаў зацверджаны на самым высокім узроўні і нашых прадстаўнікоў там няма. Таму мы ўдзельнічаем у гэтай кампаніі дзеля іншых мэтаў: каб працаваць з людзьмі, данесці да іх свае ідэі, сказаць, што ў краіне бардак (гэта паніжэнне жыцця людзей, развал эканомікі, негатыўныя працэсы ў сілавых структурах, судах, самім нашым жыцці), які Партыя БНФ здольная выправіць. Да таго ж выбарчая кампанія дазваляе легітымна, прасцей і лягчэй праводзіць пікеты.
Мы таксама ўдзельнічаем у кампаніі назірання, выкарыстоўваючы яе, каб паказаць і беларусам, і сусветнай супольнасці, што выбараў у нашай краіне няма. Толькі ўдзел, а не ігнараванне выбарчых кампаній дазваляе пераканаўча пацвердзіць наяўнасць парушэнняў і фальсіфікацый. Магчыма, аб іх усе ўжо ведаюць. Але дзякуючы каму? Менавіта нашаму ўдзелу ў кампаніі і вынікам назірання, дзякуючы якому працэнтаў восемдзесят беларусаў разумеюць, як па-сапраўднаму праходзяць выбары ў Беларусі.
– Чаму вы так ўпэўнены, што вашага кандыдата не ўключаць у палату?
–Тут не трэба гадаць. Мы дакладна ведаем, што для людзей ва ўладзе лепш адзін дзень сораму падчас падліку галасоў, чым праблемы, якія б яны мелі, калі б дэпутатам стаў прадстаўнік Партыі БНФ. Бо ён будзе казаць праўду і на пасяджэннях парламенту, і ў сродках масавай інфармацыі, і пры размове з людзьмі. На жаль, многія чыноўнікі праўды не любяць, а з хлуснёй жывуць ужо 25 гадоў.
– А як жа прыклад Алены Анісім і Ганны Канапацкай?
– Два чалавекі надвор'я не робяць. Шчыра кажучы, яны і не да канца скарысталі свае магчымасці дэпутацтва, хаця, напэўна, і былі абмежаваныя ў сваіх дзеяннях.