Пасля Байдэна: беларускія ўлады аказаліся ў новай рэальнасці. Ці зробяць высновы?
Пасол Расіі ў ЗША Анатоль Антонаў вылецеў у Вашынгтон пасля таго, як тры месяцы знаходзіўся ў Маскве на кансультацыях. Антонаў быў адкліканы з Вашынгтона каля трох месяцаў таму пасля таго, як Байдэн назваў Пуціна забойцам, а пасол ЗША ў Расіі Джон Саліван вылецеў у Вашынгтон амаль два месяцы таму пасля таго, як Расія прапанавала яму вярнуцца ў Вашынгтон для кансультацый.
Вяртанне паслоў — гэта тое, пра што дамовіліся ў Жэневе 16 чэрвеня Джо Байдэн і Уладзімір Пуцін.А значыць, дамоўленасці пачалі выконвацца.
Ці мала было Беларусі?
Зразумела, ад гэтай сустрэчы нельга было чакаць чагосьці асаблівага. Проста таму, што гэта першая сустрэча такога ўзроўню. Многія аналітыкі сыходзіліся ў меркаваннях, што на ёй бакі папросту вызначаць далейшыя «правілы гульні», акрэсляць праблемы, якія трэба вырашыць, і выпрацуюць нейкія «чырвоныя лініі», за якія заходзіць нельга. Пры гэтым сітуацыя ў Беларусі, на думку многіх экспертаў, не была — дый не павінна была з’яўляцца — прыярытэтам. У Байдэна і Пуціна шмат праблем і без гэтага.
Тым не менш, тэма Беларусі падымалася. Сам Байдэн сказаў: «Я падзяліўся сваёй заклапочанасцю аб сітуацыі ў Беларусі... Ён (Пуцін) проста сказаў, што ў яго іншы погляд на тое, што трэба рабіць».
Пасля гэтыя словы былі дапоўнены іх памочнікамі. «Беларусь — адна з тых тэм, якія разглядаліся ў кантэксце ўчарашняга саміту. Прэзідэнт [Байдэн] выразна растлумачыў, што гэта адно з пытанняў, у якім мы глыбока нязгодныя з Расіяй. Я не думаю, што хтосьці з двух прэзідэнтаў аспрэчвае, што нашы погляды на сітуацыю ў Беларусі вельмі адрозніваюцца», — заявіла намесніца дзяржсакратара ЗША Вікторыя Нуланд на форуме «GLOBSEC».
Прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў таксама адзначыў, што «Беларусь не адносіцца да ліку прыярытэтаў, якія стаялі на парадку дня. А тэма Беларусі сапраўды была агучаная амерыканскім бокам, агучаная была ва ўсім добра вядомым ключы — мы ўсе ведаем пазіцыю амерыканцаў… Ёсць і праблематыка самалёта [«Ryanair», пасаджанага ў Мінску]. Яны лічаць гэта недапушчальным, і гэтак далей, і да таго падобнае, парушэннем усё і ўся. На гэта ў нас ёсць свая пазіцыя — што ў нас ёсць інфармацыя, атрыманая з першакрыніцы... Прэзідэнту Пуціну не з рукі не давяраць свайму беларускаму калегу. Было канстатавана, што гэта тое самае месца, дзе, напэўна, наўрад ці трэба спрабаваць зблізіць пазіцыі — гэта немагчыма».
Беларускія і расійскія СМІ ў загалоўкі вынеслі апошнія словы як тое, што зблізіць пазіцыі ЗША і РФ па Беларусі немагчыма ўвогуле. Аднак, на самой справе, як адзначыў аналітык Пётр Кузняцоў, такое выказванне справядлівае толькі ў дачыненні прымусовай пасадкі рэйса «Ryanair».
Удакладненні памочнікаў абодвух кіраўнікоў сведчаць, што «беларускае пытанне» абмяркоўвалася больш дэталёва, чым «у агульным». Бо прымусовая пасадка самалёта «Ryanair» — гэта якраз тая самая дэталь.
Наступствы пытанняў бяспекі
Некаторыя аналітыкі кажуць, што Пуцін і Байдэн дамовіліся на ўзгадненне сваіх пазіцый па нармалізацыі сітуацыі тэрмінам ад трох да шасці месяцаў. У гэтыя месяцы, імаверна, могуць быць выпрацаваныя прапановы па ўрэгуляванні спрэчных момантаў. Відавочна, што такі спрэчны момант — гэта Беларусь.
Але беларуская ўлада робіць усё, каб «спакойнае ўрэгуляванне» не адбылося, працягваючы «самазабойчы курс».
Што важнае Еўропе, ЗША і, па вялікім рахунку, Расіі ў нашым рэгіёне? У ім важныя бяспека і стабільнасць. Каб усе «гулялі па правілах», каб спакойна ішоў транзіт, каб ад нас не было ніякіх праблем. Прымусовае прызямленне рэйса «Ryanair» у Мінску паказала, што мы можам стварыць вялікія праблемы. А тое, што нелегальная міграцыя ў ЕС з боку Беларусі вырасла ў пяць разоў толькі ў літоўскім напрамку, паказвае: улада стварае праблему бяспекі Еўропе і надалей.
Канешне, цяпер у Пуціна, паводле слоў Байдэна, «іншы погляд на тое, што трэба рабіць». І калі ЗША імкнуцца да свабодных і дэмакратычных выбараў у Беларусі, то Расія пакуль спадзяецца на выхад з беларускага крызісу шляхам канстытуцыйнай рэформы. Аднак, калі кіраўнік Сінявокай працягне ствараць непрыемнасці Еўропе, падрываючы тым самым рэгіянальную бяспеку (асабліва ў пытанні хваравітай для ЕС праблемы міграцыі), то ЕС і ЗША з узгодненай пазіцыі цалкам могуць выставіць прэтэнзіі кіраўніку Расіі ў тым, што ён не здольны ўтаймаваць свайго пратэжэ.
А калі не здольны, то трэба думаць над іншымі варыянтамі, апроч канстытуцыйнай рэформы: «малдаўскім», «армянскім» альбо, крый Божа, «румынскім».
І часу на прыняцце рашэння ў Пуціна не так шмат. Наўрад ці ён, пасля сустрэчы з Байдэнам, і надалей будзе глядзець, як Лукашэнка зацягвае «гульню ў канстытуцыйную рэформу».
Ці ёсць чырвоныя лініі ў Байдэна?
Чамусьці ўсе засяродзіліся на тым, што нейкія «чырвоныя лініі» і недапушчальныя дзеянні павінен быў агучваць Уладзімір Пуцін у дачыненні да ЗША. Напэўна, таму, што апошнім часам менавіта ад яго мы чулі пра наяўнасць рысачак такога колеру. Словы ж Байдэна пра гэта да нас не даходзілі.
Але, калі ўважліва паглядзець на заявы, якія рабіліся адміністрацыяй ЗША па Беларусі, ёсць нешта, што выбіваецца з кантэксту «агульнай заклапочанасці» ўсялякіх «беларускіх» рэзалюцый. Амаль ва ўсіх дакументах па Беларусі ЗША падкрэсліваюць сваю прыхільнасць і падтрымку незалежнасці і суверэнітэту Беларусі, а таксама патрабуюць вырашэння беларускага крызісу без умяшання знешніх гульцоў, відавочна маючы на ўвазе Расію.
Канешне, зусім без умяшання справа не абыдзецца, але вельмі верагодна (асабліва пасля Крыма), што суверэнітэт і незалежнасць Беларусі могуць быць той самай «чырвонай рысай» Байдэна, пра якую мы не ведаем. І, гледзячы па кантэксце выказванняў Пяскова і Нуланд, гэтая рыса была пазначаная.
Мажліва, пасля Крыма і Данбаса ЗША ўсё ж перачыталі Будапешцкі мемарандум — і нейкія высновы з украінскай сітуацыі зрабілі.
ЗША як санкцыйны рухавік
Але значна больш цікава, да чаго прывяло «еўрапейскае турнэ» Байдэна. Сустрэча амерыканскага кіраўніка з Пуціным была толькі «вішанькай на торце». Больш істотнае — што ў гэтым турнэ Байдэн сустрэўся з калегамі на саміце G7 і NATO. І толькі напрыканцы — з Пуціным.
Відавочна: Байдэн узгадніў (калі ўвогуле не выпрацаваў агульныя) пазіцыі са сваімі хаўруснікамі па шмат якіх пытаннях, і па Беларусі ў тым ліку. Першым вынікам для Сінявокай сталася тое, што цяпер санкцыі ЕС і ЗША прымяняюцца не «ў раздроб», а, так бы мовіць, «оптам». 21 чэрвеня Жазэп Барэль агучыў чацвёрты пакет санкцый ЕС у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі і яго памагатых. У санкцыйны спіс увайшлі 86 фізічных і юрыдычных асоб, заявіў Вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі.
Паводле яго слоў, эканамічныя санкцыі ЕС датычна кіраўніцтва Беларусі будуць разгледжаныя на саміце ЕС 24–25 чэрвеня і зацверджаныя пасля яго.
У сваю чаргу, тая ж Вікторыя Нуланд на тым жа форуме «GLOBSEC» агучыла, што ЗША прыкладна ў тыя ж тэрміны ўвядуць новы пакет сваіх санкцый. Такое супадзенне па санкцыйных тэрмінах наўрад ці выпадковае.
Як вядома, Злучаныя Штаты ў сваіх санкцыях больш рашучыя, чым Еўрасаюз, і ўведзеныя імі ў дзеянне абмежаванні ў дачыненні да прадпрыемстваў канцэрна «Белнафтахім» прымусілі ўладу знервавацца значна больш, чым усе тры абвешчаныя раней пакеты санкцый ЕС разам узятыя. Можна з даволі вялікай ступенню ўпэўненасці сказаць, што ЗША будуць «рухавіком» эканамічнага ціску на ўладу Беларусі, за якім вымушаны будзе ісці ЕС.
Тым больш, што «штатаўскія» санкцыі традыцыйна падтрымліваюць Канада і Вялікабрытанія.
І, паводле тэлеграм-канала «Эканоміка па-беларуску», гэтыя санкцыі могуць пазбавіць Сінявокую 4% экспарту. А можа, і больш, таму што, імаверна, пад санкцыі трапіць тытунь, а з 2016 года даныя па экспарце тытунёвай прадукцыі закрытыя.
Акно магчымасцей
У любым выпадку, у выніку сустрэчы Пуціна і Байдэна і сінхранізацыі пазіцый ЗША і ЕС па «беларускім пытанні» ўлады Сінявокай аказаліся ў крышачку абноўленай рэальнасці, якую яны, як звычайна, спрабуюць не заўважаць. У адказ на санкцыі Захаду беларускія міністры кажуць пра «пераарыентацыю на Азію» і працягваюць казку пра імпартазамяшчэнне, зніжэнне выдаткаў на вытворчасць, эканомію і да таго падобныя рэчы, якія мы чуем ужо не адну пяцігодку.
Але ж санкцыі — гэта толькі адзін з інструментаў прымусу да вырашэння палітычнага крызісу. А таксама — элемент ціску на беларускія ўлады з тым, каб яны наяўнасць гэтага крызісу ўсвядомілі. Як і неабходнасць выйсця з яго.
Пры гэтым беларускія ўлады пастаўленыя ў нявыгадную сітуацыю: калі яны — аб’ект, а не суб’ект перамоў. То-бок, ад іх мала чаго залежыць.
У такіх умовах магчымасці атрымліваюць хто заўгодна, толькі не ўлады. Ёсць варыянты ў Пуціна: працягваць «канстытуцыйны» сцэнар, пагадзіцца на нейкі іншы варыянт альбо прасоўваць «глыбокую інтэграцыю».
Варыянты ёсць у «калектыўнага Захаду»: узмацняць ціск, вырашаць праблему Беларусі з Расіяй, альбо ўмацоўваць усходнія межы краін ЕС. Варыянты ёсць нават у грамадзянскай супольнасці Беларусі: пераводзіць заробкі ў долары, здымаць валюту, застацца тут ці выехаць за межы. І толькі ў беларускай улады колькасць варыянтаў звужаецца да мінімуму: альбо працягваць рэпрэсіі з нарастаючай перспектывай за ўсё адказаць, альбо — выпускаць палітвязняў і садзіцца за стол перамоў.
Другі варыянт — самы дзейсны для кардынальнага вырашэння палітычнага крызісу. Але ўлады яго пакуль у якасці выйсця нават не разглядаюць. Аднак часу на тое, каб вырашыць свой лёс самім, застаецца ўсё менш. Бо за іх спінамі ўжо пачалі дамаўляцца. Пасол Расіі, як казалася вышэй, ужо вярнуўся ў Вашынгтон.