Санкцыі не працуюць? У кампаніі, якая валодае «МТБанкам», змяніўся ўласнік

У кампаніі «MTB INVESTMENTS HOLDINGS LIMITED», якой належыць больш за 99% акцый ЗАТ «МТБанк», змяніўся ўласнік.

xxl_10.jpg


Як паведамляе TUT.BY, завяршылася здзелка па набыцці 100% акцый холдынгавай кампаніі «MTB INVESTMENTS HOLDINGS LIMITED», якой належыць больш за 99% акцый ЗАТ «МТБанк». Пакупніком выступіла кампанія «Stoneva Limited» бізнесмена Рамэа Абдо. Ён вядзе бізнес як у Беларусі, так і ў краінах Азіі, Афрыкі і Еўропы з прыярытэтамі ў сектарах тэлекамунікацый, інфармацыйных тэхналогій і камерцыйнай нерухомасці.

У Беларусі Рамэа Абдо з'яўляецца адным з заснавальнікаў групы кампаній «BNK Estate», якая пабудавала ў Мінску гандлёва-забаўляльны цэнтр «Galileo», бізнес-цэнтры «Rubin Plaza» і «Silver Tower». Рашэнне аб набыцці кантрольнага пакета ў ЗАТ «МТБанк» было прынята з улікам інвестыцыйнай прывабнасці банка і вопыту інвестыцый у банкаўскі сектар партнёраў па бізнесе.

Партнёры па бізнесе Рамэа Абдо раней прымалі ўдзел у стварэнні ў Рэспубліцы Беларусь закрытага акцыянернага таварыства «Банк міжнароднага гандлю і інвестыцый» (ЗАТ «Межторгбанк»). Пасля ЗАТ «Межторгбанк» быў набыты кансорцыумам «Альфа-Груп». У цяперашні час партнёры бізнесмена з'яўляюцца саўладальнікамі двух буйных банкаў Непала.

Чакаецца, што прыцягненне інвестара дазволіць банку выйсці на новыя міжнародныя рынкі фінансавых рэсурсаў, у тым ліку краін Блізкага Усходу і Азіі.

Акцыі былі набытыя ў ранейшых бенефіцыярных уласнікаў ЗАТ «МТБанк» — кампаній «Энерга-Оіл» і «Белнафтагаз», якія валодалі банкам з 2015 года. Абедзве кампаніі звязаныя з Аляксеем Алексіным, які трапіў у чацвёрты санкцыйны спіс ЕС.

Варта зазначыць, што ЗАТ «МТБанк» нядаўна набыў «Ідэя Банк» у «Getin Holding S. A.» і «Getin International S. A.» (Польшча).

Афіцыйна абвяшчаецца, што трапленне Алексіна пад санкцыі ні пры чым: продаж ЗАТ «МТБанк» стаў «вынікам працы па пошуку патэнцыйнага інвестара, якая праводзіцца больш за год, з мэтай аптымізацыі інвестыцыйнага партфеля кампаній».