Беларусь атрымае эканамічную дапамогу, Лукашэнка — санкцыі: вынікі візіту Ціханоўскай у Бельгію
Святлана Ціханоўская завяршыла рабочы візіт у Бельгію і Люксембург, дзе яна выступіла на пасяджэнні міністраў замежных спраў ЕС і сустрэлася з віцэ-прэзідэнтамі Еўракамісіі Верай Юравай і Франсам Тымермансам, высокім прадстаўніком Жазэпам Барэлем, дэпутатамі Еўрапарламента. Таксама яна правяла перамовы з міністрамі замежных спраў Люксембурга, Бельгіі, Аўстрыі, Швецыі, Славеніі і іншых краін ЕС.
![Фота з тэлеграм-канала Святланы Ціханоўскай Фота з тэлеграм-канала Святланы Ціханоўскай](/img/v1/images/photo_2021_06_23_17_56_25.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота з тэлеграм-канала Святланы Ціханоўскай
Пасля выступу Ціханоўскай міністры замежных спраў краін ЕС аднагалосна падтрымалі ўвядзенне 4 пакета санкцый супраць рэжыму. Міністры запэўнілі, што да канца тыдня ЕС прыме беспрэцэдэнтныя санкцыі супраць нафтахімічнага сектара эканомікі, банкаўскай сферы, тытунёвага бізнесу. Таксама ЕС узмоцніць эмбарга на пастаўку зброі з Беларусі і ў краіну.
Святлана Ціханоўская прапанавала пашырыць Усеабдымны план дапамогі Беларусі і правесці інвестыцыйны і донарскі форумы з удзелам Еўрапейскага інвестыцыйнага банка, ЕБРР і іншых міжнародных структур. «Трэба паказаць беларусам, беларускаму бізнесу і простаму абывацелю альтэрнатыву. Камусьці можа здавацца, што з сыходам Лукашэнкі ўсё абрынецца. Але ўсё адбудзецца з дакладнасцю да наадварот. Менавіта таму мы распрацоўваем гэты план разам з ЕС», — заявіла Святлана Ціханоўская.
Таксама Ціханоўская ўзняла пытанне павелічэння тэхнічнай дапамогі Беларусі. Яна прапанавала зрабіць прыярытэтам дапамогу незалежным медыя, грамадзянскай супольнасці, студэнтам, рабочым і ахвярам рэпрэсій.
Ціханоўская заручылася падтрымкай у правядзенні міжнароднай канферэнцыі высокага ўзроўню па рашэнні крызісу ў Беларусі. Ціханоўскую запэўнілі, што ніхто не збіраецца запрашаць Лукашэнку на саміт Усходняга партнёрства.