Пасля саміту ў Парыжы Зяленскі назваў Пуціна «складаным перамоўнікам», Пуцін сказаў пра «пацяпленне стасункаў»
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі па выніках перамоваў з прэзідэнтам Расеі канстатаваў, што з Уладзімірам Пуціным «надзвычай складана дамаўляцца». Пра гэта ён заявіў журналістам у Парыжы пасля саміту лідараў «нармандскай чацвёркі».
Зяленскі: «Пуцін кожнае пытанне разбірае на дэталі»
Як перадае агенцтва УНІАН, на пытанне, ці той Пуцін чалавек, з якім рэальна весці перамовы, Зяленскі адказаў, што так.
«Вельмі складана дамаўляцца. Ён кожнае пытанне разбірае на дэталі, і мы пачынаем кожнае слова спрабаваць урэгуляваць, гэта складана. Я проста іншы чалавек, я хуткі. Я думаў, што раз-раз – і дамовіліся. Не, тут ня так, іншая, скажам так, біямеханіка», – адзначыў украінскі прэзідэнт, удакладніўшы, што толькі праз нейкі час стане зразумела, ці змогуць бакі пра нешта дамовіцца.
Уладзімір Зяленскі падчас перамоваў у «нармандскім фармаце» пазначыў шэраг прынцыпаў, якія ён ніколі не парушыць: немагчымасць федэралізацыі Украіны, знешняга ўплыву на вектар руху краіны і кампрамісы ў абмен на тэрыторыі.
Пуцін: «Расея не з'яўляецца бокам канфлікту»
А вось прэзідэнт Расеі ня стаў публічна ацэньваць асобу ўкраінскага калегі, але пры гэтым заявіў пра «пацяпленне стасункаў з Украінай», паведамляе «Настоящее время».
«Глядзіце, ужо адбыўся абмен палоннымі, дасягнулі дамоўленасцяў аб развядзенні сілаў у трох пунктах. Мы сустрэліся ў «нармандскім фармаце«, абмеркавалі вельмі важнае кола пытанняў і па многіх з іх дасягнулі прагрэсу», – сказаў Пуцін, адзначыўшы неабходнасць «наўпроставага дыялогу паміж бакамі канфлікту». Пры гэтым ён настойвае, што Расея такім бокам «не зʼяўляецца».
Расейскі прэзідэнт таксама лічыць неабходным сінхранізаваць працэс замірэння з правядзеннем ва Украіне палітычных рэформаў, прадугледжаных Менскімі дамоўленасцямі. Паводле яго, у першую чаргу гаворка аб унясенні ў Канстытуцыю Украіны зменаў, якія замацоўваюць асаблівы статус Данбасу на пастаяннай аснове. Афіцыйны Кіеў заяўляе, што ня пойдзе на аднабаковыя саступкі, калі гаворка пра цэласнасць краіны.
«Нармандская чацвёрка»: «Сустрэчы будуць працягвацца»
У Парыжы дэлегацыі Украіны, Расеі, Францыі і Нямеччыны абмяркоўвалі спыненне агню на Данбасе, абмен палоннымі, кантроль над мяжой і правядзенне мясцовых выбараў.
На прэсавай канферэнцыі па выніках саміту было абвешчана пра дамову паміж прэзідэнтам Украіны і Расеі да канца 2019 году абмяняцца палоннымі паводле формулы «ўсіх на ўсіх».
Таксама была агучана чарговая дамова пра спыненне агню на Данбасе. Пры гэтым Уладзімір Зяленскі адзначыў, што пра такія дамоўленасці ўжо гаварылася «два дзясяткі разоў», і кожны раз яны парушаліся.
Зяленскі і Пуцін пацвердзілі, што не прыйшлі да пагаднення наконт паслядоўнасці мясцовых выбараў у раёнах Данбасу, якія не кантралююцца ўкраінскім урадам, і вяртання Украіне кантролю над мяжой з Расеяй.
Наступная сустрэча «нармандскай чацвёркі» запланаваная праз 4 месяцы.
svaboda.org