Чырвоныя лініі засталіся некранутымі

Падвядзем некаторыя вынікі Парыжскага саміту ў нармандскім фармаце (Н4) 9 снежня, якія безумоўна маюць важнае значэнне для далейшага развіцця падзеяў у нашай геапалітычнай прасторы.

Фота: 24tv.ua

Фота: 24tv.ua

Чырвоныя лініі не былі пяройдзеныя, ключавыя моманты, агульны наратыў прамовы прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага падчас прэс-канферэнцыі шмат у чым быў падобны да праграмных палажэнняў Пятра Парашэнкі.
Да канца году мае адбыцца абмен палоннымі паводле прынцыпу «ўсіх на ўсіх», пачынаючы «з усіх вызначаных на «ўсіх вызначаных», гэта ёсць адным з галоўных дасягненняў саміту.
Адвядзення войскаў па усёй больш за 400-кіламетровай лініі фронту не будзе (вядзецца толькі пра наступныя тры пункты, якія будуць вызначаныя да канца сакавіка 2020 года падчас перамовоў у межах Трохбаковай кантактнай групы).
Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі афіцыйна зазначыў пра немажлівасць федэралізацыі Украіны (адная з чырвоных лініяў), разам з тым удзельнікі саміту задэкларавалі неабходнасць інкарпараваць «формулу Штайнмаера» ва ўкраінскае заканадаўства згодна з версіяй, ухваленай Н4 і Трохбаковай кантактнай групай. Разам з тым прэзідэнт Украіны выразна зазначыў, што мае адрозны ад Пуціна пункт гледжання на асаблівы статус і правядзенне выбараў на акупаваных тэрыторыях: спярша вывядзенне «замежных войскаў» і вяртанне кантролю над дзяржаўнай мяжой і толькі потым правядзенне электаральнай кампаніі.
Зяленскі аніводнага разу не згадаў наўпрост пра расійскую агрэсію супроць Украіны, акупацыйны кантынгент Збройных сілаў РФ на Данбасе назваў сепаратыстамі, разам з тым пазначыў Данбас і Крым – украінскімі. На мой погляд, гэта можна патлумачыць тым, што прэзідэнт Украіны вымушаны захоўваць дыпламатычны палітэс дзеля ўдзелу ў саміце кіраўніка дзяржавы-агрэсара РФ Уладзіміра Пуціна.
Не адбылося ўзгаднення кантракту на пастаўкі «таннага» газу для Украіны (суверэнітэт не прадаецца, аднак не выключаныя й схаваныя ад грамадскасці кулуарныя пагадненні, ухваленыя падчас двухбаковых перамоваў прэзідэнтаў Украіны й Расіі. След асабліва зазначыць, што пазіцыя Украіны ў газатранспартнай сферы значна ўзмацнілася на фоне закладзеных у абаронны бюджэт на 2020 год санкцыяў ЗША супроць расейскіх газаправодаў Nord Stream 2 і TurkStream, якія будуць застасаваныя дзеля ўзмацнення еўрапейскай энергетычнай бяспекі.
Наступная сустрэча Нармандскай чацвёркі запланаваная праз чатыры месяцы (цалкам мажліва, не адбудзецца праз кардынальна розныя падыходы да імплемэнтацыі «формулы Штайнмаера»).
Праз актыўны ціск грамадзянскай супольнасці, галоўнай вызначальнай сілай якой стаўся рух «Ні Капітуляції», падмацаванай узгодненай пазіцыяй трох парламенцкіх фракцый, нацыянальныя інтарэсы Украіны падчас перамоваў відавочна былі абароненыя. Значным чыннікам з'яўляецца тое, што пачатак актыўнай фазы дэстабілізацыі сітуацыі ва Украіне з боку Расіі меркавана адтэрмінаваны на чатыры месяцы, да наступнай задэклараванай сустрэчы Н4 у сакавіку-красавіку 2020 году. Пры гэтым вельмі важнай асаблівасцю ёсць тое, што акурат увесну наступнага году маюць стартаваць наймаштабнейшыя за апошнія 25 гадоў вайсковыя вышкалы NATO Defender 2020, падчас якіх будзе адпрацаванае перакідванне з кантынэнтальнай тэрыторыі ЗША буйной вайсковай групоўкі ў краіны Еўропы, перадусім у Нямеччыну, Польшчу й краіны Балтыі. Галоўная ўвага вышэйшага вайскова-палітычнага кіраўніцтва РФ будзе скіраваная акурат да гэтых вайсковых манеўраў.
Падсумоўваючы, агульны вынік парыжскага саміту можна акрэсліць як «нічыя». Паноўна агучаныя намеры й чаканні бакоў, рэалізацыя якіх на гэты момант без істотнага паслаблення пазіцыі ключавых удзельнікаў перамоўнага працэсу — Украіны ці Расеі, — ёсць недасяжнымі. На фоне гэтага зараз прагназавана істотна ўзмоцніцца вайскова-палітычны ціск Расійскай Федэрацыі на Беларусь, каб апасродкавана ўздзейнічаць і на Украіну. Для ўзмацнення сістэмы нацыянальнай бяспекі нашай краіны вызначальнае значэнне маюць правядзенне грамадзянскай супольнасцю акцыяў і мерапрыемстваў у абарону суверэнітэту і незалежнасці Беларусі. Вялікая геапалітычная барацьба працягваецца, у межах якой не спыняецца й расійска-ўкраінская вайна: толькі падчас парыжскіх перамоваў загінулі тры вайскоўцы Збройных сілаў Украіны.