Пяты фактар беларускай стабільнасці

Праўда пра нашу Вайну і нашу Перамогу поруч з праўдай пра нашу эканоміку і наша грамадства здольная зруйнаваць стабільнасць, якая склалася ў Беларусі за апошнія 18 гадоў.

Праўда пра нашу Вайну і нашу Перамогу поруч з праўдай пра нашу эканоміку і наша грамадства здольная зруйнаваць стабільнасць, якая склалася ў Беларусі за апошнія 18 гадоў.
Паводле афіцыйнай версіі, якую сфармуляваў «адзіны палітык» (АП) яшчэ ў 2005 годзе, стабільнасць краіны грунтуецца на чатырох фактарах. Па-першае, на дынамічным развіцці эканомікі, якое дазваляе паляпшаць дабрабыт людзей. Па-другое, на моцнай і эфектыўнай уладзе, што не загразла ў карупцыі, а працуе на карысць народа. Па-трэцяе, на дзяржаўнай ідэалогіі, якая аб’ядноўвае людзей і мабілізуе іх на будаўніцтва квітнеючай дзяржавы. Па-чацвёртае, на канструктыўных масавых грамадскіх арганізацыях (прафсаюзных, моладзевых, ветэранскіх).
Аднак шмат вады сышло за сем гадоў, якія мінулі з часу абвяшчэння «спісу стабільнасці». Сёння кожны чытач НЧ і без падказкі з боку знаўцы азбукавых паліталагічных ісцін здольны ацаніць рост свайго дабрабыту, эфектыўнасць улады і мабілізуючы патэнцыял дзяржаўнай ідэалогіі, пра якую сам яе аўтар перастаў згадваць у пасланнях. З чацвёртым фактарам складаней: яго ўнёсак у стабільнасць прыхаваны ад неспецыялістаў. Зрэшты, і спецыялістам выявіць чацвёрты фактар гэтак жа няпроста, як базон Хігса. Тэорыя сцвярджае, што ён ёсць, але эксперыментальна пацвердзіць факт існавання загадкавага базона ў фізікаў усё ніяк не атрымліваецца.
Дэзерціры рэчаіснасці
Прызнаюся, я заўсёды ўспрымаў прыведзены вышэй «спіс стабільнасці» як няпоўны. Чагосьці вельмі важнага, але няўлоўнага ў ім не хапала. Дапамог выпадак. 14 чэрвеня «Народная воля» апублікавала інфармацыю пра чарговую заканадаўчую ініцыятыву АП. Ён прапанаваў унесці папраўкі ў Кодэкс пра адміністрацыйныя правапарушэнні, якія прадугледжваюць буйныя штрафы за правядзенне сацыялагічных апытанняў «без получения соответствующей аккредитации».
Зразумела, што ў нячэсных сацыёлагаў, у адрозненні ад іх чэсных калегаў, няма шанцаў атрымаць неабходную паводле закона акрэдытацыю, тым больш для правядзення даследаванняў, «относящихся к общественно-политической ситуации в стране, республиканским референдумам, выборам президента Республики Беларусь, депутатов Национального собрания Республики Беларусь». Выбары і рэферэндумы, як я ўжо неаднаразова адзначаў, праводзяцца ў нас у рэжыме спецаперацый. Якія ўжо тут сацапытанні! Дый навошта насельніцтву веданне грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне? Гэтыя звесткі не для слабанервных, асабліва калі ўлічыць схільнасць беларускай эканомікі да дынамічнага развіцця. АП нездарма ўвесь час заклікае нас «ісці ад жыцця». У дадзеным выпадку гэта азначае кіравацца прыказкай: «Менш ведаеш — мацней спіш».
Выдатная прыказка. Шкада, што здолеў ёю скарыстацца толькі кожны пяты беларус. Менавіта столькі шчаслівых і квітнеючых налічыла ў нас служба Гэлапа ўлетку 2011 года (апытанне праводзілася ў 146 краінах). Але перш чым давяраць замежным сацыёлагам, я б папрасіў іх прад’явіць акрэдытацыю. Між тым, колькасць шчаслівых і квітнеючых — адна з характарыстык грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне. Без акрэдытацыі пры Камісіі па апытаннях грамадскай думкі НАН РБ любая спроба ажыццявіць такога кшталту падлікі лічыцца незаконнай.
Здавалася б, якія тут праблемы? Джордж Гэлап заснаваў Амерыканскі інстытут грамадскай думкі яшчэ ў 1935 годзе. Ці шмат хто з беларускіх акадэмікаў у той год меў хоць бы азбукавае ўяўленне пра грамадскую думку і метады яе вывучэння? Адказ відавочны, але не думаю, што ў сучаснай службы Гэлапа ёсць шанец атрымаць акрэдытацыю. І прычыны варта шукаць не ва ўзроўні кваліфікацыі супрацоўнікаў НАН РБ, яна — у натуральным жаданні прадстаўнікоў улады мацней спаць.
Дэзерціры рэчаіснасці. Мабыць, гэта самая слушная характарыстыка ініцыятараў антысацыялагічнага закона. Яе я запазычыў у нямецкага філосафа Карла Ясперса. Але не варта думаць, што круг дэзерціраў абмежаваны прадстаўнікамі ўлады і ўсе дэзерціры «страшна далёкія ад народа».
Чаму звар’яцеў кулямётчык
Хто ў большай ступені, хто ў меншай, аднак кожны з нас — дэзерцір. Мы дэзерціруем, калі выкладваем на асабістай вітрыне свае добрыя якасці, і затуляем імі свае недахопы. Мы дэзерціруем, калі фіксуем у інфармацыйнай плыні толькі факты, якія пацвярджаюць «карціну свету», што склалася ў нашай галаве. Мы дэзерціруем, калі тлумачым уласныя няўдачы знешнімі акалічнасцямі, а няўдачы іншых — іх асабістымі недахопамі (у сацыяльнай псіхалогіі такія паводзіны называюцца «фундаментальнай памылкай атрыбуцыі»). Мы аддаём перавагу пазітыву, а не негатыву, і ўжо хаця б таму з’яўляемся «дэзерцірамі рэчаіснасці».
Але, мабыць, ні ў чым так відавочна не выяўляецца схільнасць да масавага дэзерцірства, як у стаўленні да Вялікай Айчыннай вайны. Пра гэта кажа ўжо сам факт вылучэння сваёй (Айчыннай) вайны з вайны сусветнай.
Любая спроба прадставіць іншы, адрозны ад афіцыйнага, погляд на нашу Вайну і нашу Перамогу ўспрымаецца як абраза ветэранаў і нашай гістарычнай памяці. Тут жа ўзнікаюць абвінавачванні ў «безадказных інтэрпрэтацыях», здольных выклікаць раскол у грамадстве.
Як сведчаць даследаванні нячэсных сацыёлагаў, раскол — галоўная характарыстыка беларускага грамадства, але толькі не ў адносінах да нашай Вайны. Звернемся да сакавіцкага апытання НІСЭПД. Якімі падзеямі XX стагоддзя беларусы ганарацца ў найбольшай ступені? На першым месцы — па-за канкурэнцыяй — перамога ў Вялікай Айчыннай вайне (80%), на другім — з адставаннем больш чым у два разы (36%) — здабыццё дзяржаўнай незалежнасці ў 1991 годзе. Пры гэтым адрозненняў у адказах прыхільнікаў і апанентаў улады ў ацэнцы ролі вайны практычна няма (81% vs. 79%).
Каб не папоўніць спіс «безадказных інтэрпрэтатараў» я скарыстаюся кнігай прафесара Мікалая Нікуліна «Успаміны пра вайну». Любы ахвотны можа адшукаць яе ў інтэрнэце. Рэкамендую.
Фармат артыкула абмяжоўвае маю магчымасць цытаваць, але — паверце — гэтага варты амаль кожны абзац кнігі. Абмяжуюся чатырма. «Аднойчы ўначы я замяняў тэлефаніста каля апарата. Тагачасная сувязь была прымітыўная, і размовы па ўсіх лініях чуліся ва ўсіх кропках. Я даведаўся, як размаўляе наш камандуючы І.І. Фядзюнінскі з камандзірам дывізіі: «Вашу маці! Наперад!!! Не прасунешся — расстраляю! Вашу маці! Атакаваць! Вашу маці!» Гады два таму састарэлы Іван Іванавіч, добры дзядуля, распавядаў па тэлевізары акцябратам пра вайну ў зусім іншых тонах…»
Але справа не ў тонах. Ланцужкі загадаў: «Не прасунешся — расстраляю!» праз фядзюнінскіх і камандзіраў дывізій дацягваліся да ўзводных. Чым заканчваліся гэтыя злавесныя ланцужкі — нам патлумачыць другая цытата: «Штабялі трупаў каля чыгункі выглядалі пакуль як заснежаныя пагоркі, і былі бачныя толькі целы, якія ляжаць зверху. Пазней, увесну, калі снег растаў, адкрылася ўсё, што было ўнізе. Каля самай зямлі ляжалі забітыя ў летнім абмундзіраванні — у гімнасцёрках і чаравіках. Гэта былі ахвяры восеньскіх баёў 1941 года. На іх шэрагамі грувасцілася марская пяхота ў бушлатах і шырокіх чорных штанах («клёшах»). Вышэй — сібіракі ў паўкажушках і валёнках, якія ішлі ў атаку ў студзені-лютым сорак другога. Яшчэ вышэй — палітбайцы ў ватоўках і шапках з тканіны (такія шапкі давалі ў блакадным Ленінградзе). На іх — целы ў шынялях, маскхалатах, з каскамі на галовах і без іх».
Такая вось праўда пра вайну. Не варта яе шукаць у шматлікіх мемуарах, напісаных добрымі дзядулямі. З іх штабных бліндажоў заснежаныя пагоркі з трупаў не праглядаліся. Не пакінулі добрыя дзядулі і прызнанняў, здольных устаць у адзін шэраг з трэцяй цытатай: «Нядаўна адзін нямецкі ветэран распавёў мне пра тое, што сярод кулямётчыкаў іх палка былі выпадкі вар’яцтва: не так проста забіваць людзей шэраг за шэрагам — а яны ўсё ідуць і ідуць, і няма ім канца».
Іван Іванавіч Фядзюнінскі даслужыўся да так званай «райскай пасады». Г. зн. пасля выхаду на пенсію ў званні генерала арміі быў залічаны ў Групу генеральных інспектараў Міністэрства абароны СССР. Пахаваны на Навадзевічых могілках.
Час змяняць тып стабільнасці
Сваю кнігу прафесар Нікулін напісаў задоўга да Перабудовы. Выдадзена ж яна была ў 2008 годзе, але не стала падзеяй. Дэзерціры рэчаіснасці ў такой кнізе не маюць неабходнасці. Яна выклікае непатрэбныя асацыяцыі з днём сённяшнім. Фядзюнінскага не з Марса ж накіравалі ў намеснікі будучаму маршалу Перамогі Жукаву, і не марсіяне ж пакорліва ішлі ў поўны рост на нямецкія кулямёты.
Камандзіраў, якія выказалі сумнеў у разумнасці такога кшталту загадаў, расстрэльвалі перад строем з фармулёўкай: «У прысутнасці салдат усумніўся ў нашай перамозе». Так раскручваўся махавік негатыўнай селекцыі. Ён не быў спароджаны вайной. Пры яго непасрэдным удзеле была сфармавана «ленінская гвардыя» і «ордэн мечаносцаў» сталінскага прызыву, што прыйшоў ёй на змену, але вайна надала махавіку негатыўнай селекцыі дадатковае паскарэнне. Чацвёртая цытата: «Трэба думаць, гэта селекцыя народа — бомба запаволенага дзеяння: яна выбухне праз колькі пакаленняў, у XXI ці XXII стагоддзі, калі адабраная і выпешчаная бальшавікамі маса падонкаў спародзіць новыя пакаленні сабе падобных».
Тэма даваенных рэпрэсій на афіцыйным узроўні ў нас не аспрэчваецца. Нашу гістарычную памяць згадванне адпаведных фактаў не абражае, хоць дзяржаўныя СМІ імкнуцца абыходзіць яе. Але даваенныя рэпрэсіі і Перамога, заваяваная пад лозунгам «Мы за цаной не пастаім», — два бакі аднаго медалю. Іх немагчыма аддзяліць адзін ад аднаго. Як у першым, так і ў другім выпадку мы маем справу з адным і тым жа грамадствам і адной і той жа ўладай.
Праўда пра нашу Вайну і нашу Перамогу нароўні з праўдай пра нашу эканоміку і наша грамадства, здольная зруйнаваць стабільнасць, якая склалася ў Беларусі за апошнія 18 гадоў. Такая ў нас спецыфічная стабільнасць. Але і ўтойванне праўды не гарантуе ёй доўгіх гадоў жыцця. Дзе ж выйсце? Выйсце — у выбары іншага тыпу стабільнасці. І гэты выбар павінны зрабіць цяперашнія дэзерціры рэчаіснасці, але для гэтага ім неабходна навучыцца глядзець праўдзе ў вочы.