Польшча заклікала Зяленскага папрасіць прабачэння за Валынскую разню

На думку прадстаўніка МЗС Польшчы, з украінскага боку не хапае разумення важнасці тэмы Валыні для палякаў.

og_og_1675906329212394087.jpg

Амбасадар Украіны назваў непрымальнымі спробы навязаць якія-небудзь дзеянні ў дачыненні да трагедыі мінулага, піша «Нямецкая хваля».

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі «павінен узяць на сябе больш адказнасці» і папрасіць прабачэння перад Польшчай за Валынскую разню, заявіў прадстаўнік польскага МЗС Лукаш Ясіна ў інтэрв'ю выданню Onet, апублікаваным у пятніцу, 19 траўня.

«Я думаю, што з украінскага боку — і тут я буду вельмі дыпламатычны — усё яшчэ ёсць неразуменне, наколькі гэта важнае пытанне для палякаў на гэты момант», — сказаў Ясіна.

Ён адзначыў, што палякі ўзялі на сябе адказнасць за злачынствы, учыненыя Польшчай у дачыненні да ўкраінцаў. «З боку Украіны такой адказнасці няма, хоць шмат што змянілася да лепшага», — указаў ён.

На ўдакладняльнае пытанне журналіста Ясіна прапанаваў Зяленскаму сказаць: «Прабачце, калі ласка, мы просім прабачэння». Такія словы, на яго думку, станоўча ўплываюць на адносіны дзвюх краін, але з украінскага боку іх пакуль не хапае.

Пры гэтым прадстаўнік польскага МЗС прызнаў, што ў адносінах Польшчы і Украіны ёсць шмат іншых, больш важных пытанняў і для ўкраінскага народа праблема Валынскай разні цяпер не самая галоўная.

Украінскі амбасадар палічыў заклік Польшчы непрымальным

Амбасадар Украіны ў Польшчы Васіль Зварыч у адказ заклікаў да павагі і ўзважанасці ў заявах.

«Любыя спробы навязаць прэзідэнту Украіны ці Украіне тое, што мы павінны рабіць у адносінах да нашага агульнага мінулага, з'яўляюцца непрымальнымі і прыкрымі. Мы памятаем гісторыю і заклікаем да павагі і ўзважанасці ў выказваннях, асабліва ў складанай рэальнасці генацыднай расійскай агрэсіі», — напісаў Зварыч у Twitter.

Дыпламат таксама нагадаў «формулу сапраўднага прымірэння ва ўкраінска-польскіх стасунках» — «даруем і просім прабачэння», якая прадугледжвае прызнанне памылак з абодвух бакоў.

Сейм Польшчы прызнаў Валынскую разню генацыдам

Польскі сейм у 2016 годзе прыняў рэзалюцыю аб прызнанні Валынскай разні генацыдам, дэпутаты таксама пастанавілі лічыць 11 ліпеня Днём памяці ахвяр тых падзей.

Гаворка ідзе пра масавыя забойствы падчас Другой сусветнай вайны, якія ва Украіне называюць Валынскай трагедыяй, а ў Польшчы было прынята называць Валынскай разнёй. У 1942 і 1943 гадах баевікі з Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў — Украінскай паўстанцкай арміі (АУН-УПА) знішчылі, па розных даных, ад 30 да 100 тысяч палякаў — у асноўным мірных жыхароў, якія да пачатку Другой сусветнай вайны пражывалі на тэрыторыі сучаснай Валынскай вобласці.