Пра двое сутак вайны Расіі і Беларусі супраць Украіны

Матэрыял па стане на 7.00 па мінскім часе 26.02.2022.

Ягор Лебядок. Фота: facebook.com

Ягор Лебядок. Фота: facebook.com


Матывацыя Расіі — ва Украіне будзе НАТА, а гэта істотнае зніжэнне падлётнага часу авіяцыі і ракет да Масквы, а таксама падвышае значнасць удару сухапутнай групоўкі па ёй. Дарэчы, пра тое ж расіяне вяшчалі падчас Аранжавай рэвалюцыі 2004 года (тады сіл для актыўныя дзеянні ў Расіі было не дастаткова), гэтым жа матывавалі анэксію Крыма ў 2014-м.
Расія (але не толькі яна ў свеце) прытрымліваецца імперскага стылю забеспячэння бяспекі, які прадугледжвае наяўнасць памежных дзяржаў у статусе поўнай залежнасці ад яе і наяўнасць буфера паміж такімі дзяржавамі і меркаваным праціўнікам. Ідэал для яе — перыяд Варшаўскага дагавора. Украінскі народ абраў шлях уласнага развіцця, які не ляжыць у рэчышчы поўнага падпарадкавання інтарэсам Расіі.
Такім чынам, у рамках мыслення расійскага кіраўніцтва Украіна ўяўляе пагрозу для вайсковай бяспекі Расіі.
Палітычная пагроза Украіны для Расіі, якая ў сярэднетэрміновай перспектыве з'яўляецца не менш сур'ёзнай для кіраўніцтва Расіі — гэта ўзнікненне ўсходняй славянскай праваслаўнай дзяржавы з дэмакратычным укладам грамадства (натуральна, што на станаўленне такой дзяржавы патрабуецца пакаленне, а то і два, але не 5 гадоў, прынамсі), якое на сябе можа захацець перанесці расійскі народ. Увогуле Пуцін у прамове пра матывацыю нападу гэта і сказаў — што Украіна абрала чужую мадэль развіцця. У мысленні расійскага грамадства толькі дыктатура здольная падтрымліваць жыццяздольнасць краіны. Дэмакратыя ў іх разуменні — гэта не забеспячэнне стратэгічнай стабільнасці, а наадварот, развал краіны (базіс такой думкі ўкладваецца стагоддзямі, прыклад для падсілкоўвання такога мыслення —1990-я гады, якія мала што з дэмакратыяй агулам мелі). Любыя спробы падымаць пытанні аб трансфармацыі расійскага грамадства ў дэмакратычнае ў самой Расіі душыліся і цяпер душацца як тыя, што ідуць з Захаду для падрыву дзяржавы, і, такім чынам, усе, хто ўздымае такое пытанне — ворагі. У гэтых умовах, калі непадзельна можна кантраляваць грамадства выключэннем асоб, пагрозай, якая можа падзейнічаць на народ, з'яўляецца толькі прыклад, што можна быць славянінам, праваслаўным, выйсці з тых жа ўмоў «саўка» і нармальна жыць, не распасціся. Якраз над разбурэннем такога прыкладу расійскае кіраўніцтва і працуе дзесяцігоддзе амаль.
Падштурхоўвала да нападу і палітыка былога прэзідэнта ЗША Д. Трампа, які за сваё прэзідэнцтва здаў Расіі многія вузлы геапалітычнага супрацьстаяння, паспяховае ўваходжанне расійскіх сіл у Афрыцы («выцерлі нос» Макрону) і іншыя поспехі, якія далі адчуць бескантрольную сілу, асабліва на фоне ўспрымання Байдэна як нямоглага старога, а ЕС — як набору краін «без яйцаў». Прасцей кажучы, слабасць заходніх палітыкаў апошнія гады (хоць на самай справе мінімум з 2008 года).
Старэнне дружалюбных Расіі дыктатур і дыктатараў, разуменне іх рудыментарнасці для маладых пакаленняў і адчуванне маючай адбыцца змены, якая насоўваецца ў расійскім гістарычным цыкле «аўтарытарызм — адносная ліберальнасць — аўтарытарызм», немагчымасць кіраваць працэсамі, а толькі жорстка спыняць, разуменне, што палітычныя «шырмы» перамен не працуюць, падштурхоўваюць улады такіх краін да радыкальных рашэнняў.
Страта палітыка-эканамічнай трываласці Лукашэнкі ўнутры краіны і тым больш па-за ёю, разуменне ім, што ў сярэдняй перспектыве будзе эканамічны правал, як і сацыяльны, якія могуць прывесці да страты ўлады, жаданне захавання асабістай улады прывялі Лукашэнку да скасавання самастойнасці ў знешняй ваенна-палітычнай сферы ўжо ў канцы 2020 года, што тады, верагодна, яму здавалася найменшай цаной за захаванне асабістай улады. Паколькі адзіная магчымая фінансавая крыніца і адначасова тая, каму вінен крэдыты Лукашэнка, — гэта Расія, то ў 2021 годзе дынаміка ў гэтай частцы пагаршалася, што і прывяло ў 2022 годзе да: «Тая астатняя частка групоўкі Расійскай Федэрацыі, якая была на паўднёвых межах нашай Беларусі, натуральна, генеральным штабам Расіі, хутчэй за ўсё, — я яшчэ толькі гэта са СМІ ведаю — задзейнічаная ў гэтай аперацыі». Гэта значыць, прывялі да прадастаўлення тэрыторыі Беларусі для нападу расійскіх войскаў на Украіну, што ў адпаведнасці з пп. 3F рэзалюцыі 3314 (ХХІХ) Генасамблеі ААН з'яўляецца агрэсіяй.

Баявыя дзеянні і знешнепалітычная абстаноўка


Мяркуючы па ўсім, ракетна-авіяцыйны ўдар Расійскай Федэрацыі раніцай 24 лютага не быў нечаканым для Узброеных Сіл Украіны. Частковым пацвярджэннем гэтаму з'яўляюцца і словы Лукашэнкі пра тое, што за некалькі дзён да аперацыі ўкраінскія памежнікі ўзмацнілі кантроль мяжы, а непасрэдна ў ноч удару ўсе сышлі ад мяжы.
Хоць з данясенняў прадстаўніка Мінабароны Расіі І. Канашэнкава вынікае, што СПА здушыць у расіян атрымалася, але зроблена гэта не за кошт знішчэння комплексаў СПА, а за кошт знішчэння радыёлакацыйных станцый, без якіх эфектыўнасць многіх комплексаў малая. Гэтак жа і страты ў авіяцыі ўкраінскіх войскаў былі невялікімі. У цэлым украінскім войскам удалося захаваць баявы патэнцыял у сур'ёзнай меры ў першы дзень вайны. Пытанне толькі, ці паспелі ВСУ перамясціць боепрыпасы і ўзбраенне з разбомбленых складоў да нанясення ўдараў.
Акрамя пашкоджання вайсковай інфраструктуры, МРАУ меў і палітычны сэнс: прамацаць заходнія краіны на прадмет іх кансалідацыі і магчымых санкцый, каб зрабіць больш верную ацэнку магчымай шкоды і зразумець, як дзейнічаць далей.
Першы дзень вайны расіяне ў большай ступені дзейнічалі авіяцыяй, выведвальнымі падраздзяленнямі частак, дэсантнымі сіламі, часткамі вайсковай СПА, без поўнага задзейнічання ўсіх БТГ.
Мяркуючы па размовах з расійскімі войскамі на занятых імі участках Украіны, па інфармацыйнай працы прапагандысцкіх ваенных і палітычных каналаў, ТБ, ствараецца ўражанне, што расійскае кіраўніцтва і ваеннае кіраўніцтва сапраўды паверылі ў мантру, што ва Украіне нацысцкая хунта, а насельніцтва сустрэне расійскія войскі як вызваліцеляў, і што ўся аперацыя зойме двое сутак. (Тут дарэчы ўспомніць, што першапачаткова аперацыя планавалася на раніцу 22 лютага і, мабыць, да сімвалічнай даты 23 лютага збіраліся адзначаць перамогу). Добра гэта ілюструе вытрымка з аднаго расійскага канала: «На Херсоншчыне і Запарожжы расійскія войскі яшчэ ўчора правялі тлумачальную гутарку з мясцовымі абласнымі адміністрацыямі, заключылі дамоўленасці аб мірным праходзе. Абласныя і гарадскія адміністрацыі ўсё пацвердзілі. Ноччу і сёння раніцай падчас контрнаступлення ў фактычна пустыя гарады ўвайшлі калоны ВСУ, якія скавалі прасоўванне расійскіх войскаў. Гэтым часткова абумоўлены і страты ў жывой сіле і тэхніцы — мяркуючы па ўсім, некаторая тэхніка ВСУ апынулася ў тыле. На жаль, жаданне дамовіцца мірна з адміністрацыямі ў шэрагу населеных пунктаў абярнулася памылкай. Упэўненыя, у кіраўніцтве Паўднёвай групоўкай ужо зрабілі патрэбныя высновы і перасталі лічыць, што ўсё будзе, як з Крымам у 2014 годзе».
Даныя аб стратах як заўсёды розняцца. Мяркую, што страты расійскіх войскаў у 2800 чалавек, пра якія паведамляюць розныя ўкраінскія крыніцы, вельмі завышаныя. Але што іх «сотні і сотні», як сказаў прэзідэнт Украіны В. Зяленскі, цалкам верагодна. Як і страты ўкраінцаў вылічаюцца не адной сотняй забітых. Але нават 2800 забітых расіян, калі так яно і ёсць, — гэта зусім малыя страты для расійскай групоўкі, каб спыніць наступ.
Пашкоджанні тэхнікі з абодвух бакоў хоць і значныя, тым не менш далёка не крытычныя. Прычым, мяркуючы па багацці відэа з боку Расіі, у большай ступені пашкоджана тэхніка забеспячэння і выведкі. У авіяцыі Расіі страты нязначныя, і гэта адна з асноўных праблем украінскага войска.
У цэлым, на другі дзень расійскія войскі сур'ёзна прасунуліся на тэрыторыю Украіны, нягледзячы на супраціў украінцаў. Паўтаруся, разлік відавочна быў рушыць наперад значна хутчэй. Пакуль не бачна сур'ёзных прасоўванняў украінцаў на занятых тэрыторыях, г. зн. няма маштабных контратак, не наладжаная партызанская праца на занятых расійскімі войскамі ўчастках. Таксама адсутнічаюць дзеянні сіл спецыяльных аперацый Украіны на тэрыторыі Расіі і Беларусі (гэта можа быць абумоўлена як недахопам сіл для бягучай абароны, так і палітычным рашэннем кіраўніцтва Украіны).
Сітуацыя ў Кіеве да ночы другіх сутак была вельмі сур'ёзнай і, трэба меркаваць, на трэція суткі ўскладніцца да крытычнай.
На трэція суткі варта чакаць маштабнага прасоўвання расійскіх войскаў да ліній Нежын — Любны і Мелітопаль — Марыупаль. Таксама няма пакуль аперацыі ў Адэсе, верагодна, пачнуць, як парвуць злучэнне Кіеў — Адэса і адкрыецца шлях на Адэсу з поўначы і з боку Нікалаева. І ў бліжэйшыя дні варта чакаць наступ у напрамку Ковель — Луцк — Роўна (у выпадку, калі Кіеў выстаіць).
У выпадку, калі захапіць ваенна-палітычнае кіраўніцтва Украіны расійскім войскам не атрымаецца ў бліжэйшыя дні, то, паколькі ваюе насельніцтва Украіны, а не хунта, расійскія войскі вельмі верагодна будуць браць гарады ў аблогу — з мэтай мінімізацыі сваіх страт, ціску на насельніцтва гарадоў у сваіх мэтах (змена ўлады перш за ўсё).
Праблема ВСУ, якая адаб'ецца ўжо ў бліжэйшыя дні, — парушэнне забеспячэння палівам і боепрыпасамі, таму для Украіны заходні кірунак вельмі важны, як і сувязь з поўднем (нездарма расійскія войскі спрабуюць узяць, напрыклад, Васількаў і Белую Царкву). Разумеюць гэта і расіяне, таму ў выпадку некаторага зацягвання вайны будуць пашкоджваць і блакаваць шляхі зносін у Заходняй Украіне.