Пра новую базу дармаедаў: «Гэта неадэкватнае ўмяшальніцтва ў асабістае жыццё»

Чаму ідэя выяўлення «незанятых у эканоміцы» грамадзян выглядае дзіка.

eye.jpg

Кіраўнік праекта «Кошт урада» Уладзімір Кавалкін ацаніў ініцыятыву чыноўнікаў Мінпрацы. З 1 верасня яны ў тэставым рэжыме запускаюць новую базу, якая дапаможа выявіць беларусаў, якія не былі заняты ў эканоміцы.

Плануецца, што ўсе працадаўцы штоквартальна будуць прадастаўляць дзяржаве інфармацыю аб задзейнічаных у іх працаўніках за справаздачны перыяд. Для гэтага ўжо распрацавалі спецыяльную праграму.

Так чыноўнікі чакаюць атрымаць ясную карціну аб занятых беларуса — і, адпаведна, выявіць тых, хто ў эканоміцы не задзейнічаны.

— Гэта класічная логіка нашых чыноўнікаў, — у экспрэс-каментары «Салідарнасці» тлумачыць эканаміст. — Тое, што ў іх не атрымліваецца рабіць, яны перакладаюць на бізнес. Чыноўнікі не будуць марнаваць на гэта час і грошы — таму ім гэта вельмі зручна. А што гэта будзе яшчэ адна бюракратычная працэдура, якая абсалютна не патрэбна бізнесу, пра гэта яны не клапоцяцца.

Уладзімір Кавалкін нагадвае, што база Мінпрацы першапачаткова задумвалася не столькі для выяўлення дармаедаў, колькі для адсочвання працэсу выдачы жыллёвых субсідый для маламаёмасных беларусаў. Але цяпер улады змогуць ужыць яе і для пошуку «дармаедаў»:

— На мой погляд, з пункту гледжання абароны асабістага жыцця грамадзяніна, — гэта вельмі сумніўная ініцыятыва, калі дзяржава настолькі глыбока ўмешваецца ў яго справы, патрабуючы ад працадаўцаў паведамляць, дзе і як чалавек працаўладкаваны. Гэта абсалютна не справа дзяржавы і неадэкватнае ўмяшальніцтва ў асабістае жыццё. Таксама як і патрабаванне ад банкаў прадастаўляць інфармацыю па запыце чыноўніка, ці нават без запыту — пра грошы на рахунках фізічных асоб.

На думку эканаміста, дзяржава ўжо даўно павінна была спыніць марныя намаганні на пошук «дармаедаў», бо гэта парушае правы жыхароў Беларусі.

— Гэтая ініцыятыва выглядае дзіка для сучаснай дзяржавы. Прымусіць усіх працаваць, а хто не працуе абкласці падаткамі — так сучасныя дзяржавы не паступаюць. Трэба наадварот падтрымліваць людзей, якія страцілі працу, а не імкнуцца іх абкласці данінай.

Нават калі хтосьці «ў ценю» зарабляе свае 300-500 долараў, то няма сэнсу ганяцца за кожным такім чалавекам. Ганяцца трэба за мільёнамі — там, дзе ёсць істотны ўрон. А калі чалавек проста спрабуе выжыць і забяспечыць сваю сям’ю на ўзроўні ніжэй сярэдняга, то навошта за ім бегаць? Тут на пагоню грошай будзе выдаткавана больш, чым атрымана выгады ад яго падаткаў, — падсумоўвае Уладзімір Кавалкін.

«Салідарнасць»