«Праходзіў паліграф». Экс-дыпламаты — пра загадкавую смерць былога ў Германіі Сідарэнкі
У сераду, 26 чэрвеня, у Мінску пахавалі былога амбасадара Беларусі ў Германіі 48-гадовага Дзяніса Сідарэнку. Пасаду ён займаў восем гадоў, Лукашэнка звольніў яго ў сакавіку гэтага года. Міністэрства замежных спраў паведаміла пра смерць свайго супрацоўніка толькі пасля таго, як пра гэта распавялі незалежныя СМІ. Аднак афіцыйна прычына смерці Сідарэнкі не агучаная.
Якім чалавекам быў экс-амбасадар у Германіі, што магло прывесці да трагедыі і чаму МЗС так адрэагавала? Пра гэта «Люстэрка» паразмаўляла з трыма былымі беларускімі дыпламатамі, якія добра ведалі экс-амбасадара.
«Вялікая страта для беларускай дыпламатыі»
Былы беларускі дыпламат, экс-павераны ў справах Беларусі ў ЗША Валер Кавалеўскі вучыўся разам з Сідарэнкам на факультэце міжнародных адносін БДУ з 1993-га па 1996 год. Свайго аднакурсніка Кавалеўскі лічыць адным з лепшых дыпламатаў Беларусі.
— Вельмі моцны інтэлектуал, які падчас працы ў Міністэрстве замежных спраў паказаў сябе выдатным прафесіяналам, — адзначае Кавалеўскі. — Гэта чалавек, які мог стаць тварам беларускай дыпламатыі. У яго была вельмі моцная рэпутацыя і сярод калегаў, і сярод міжнародных партнёраў. Яго смерць — гэта вялікая страта для беларускай дыпламатыі.
Былы супрацоўнік МЗС Юрый (імя змененае) таксама вучыўся разам з Сідарэнкам. Ён адклікаецца пра экс-амбасадара Беларусі ў Германіі як пра дыпламата з вялікай літары. Ён упэўнены, што гэта пацвярджае той факт, што Сідарэнка працаваў кіраўніком беларускай дыпмісіі ў Берліне на працягу даволі доўгага часу — цэлых васьмі гадоў.
— Такіх доўгажыхароў на пасадзе пасла — адзінкі, — звяртае ўвагу Юрый. — Але трымалі яго на гэтай пасадзе не з-за нейкіх паказчыкаў па гандлі або вялікіх дасягненняў у знешняй палітыцы, якіх пасля 2020 года не было і быць не магло. Трымалі па адной простай прычыне: зняцце азначала б скарачэнне дыпламатычнай прысутнасці Беларусі ў Германіі, бо на сённяшні дзень зусім не відавочна, што немцы прымуць даверчыя граматы ў новага пасла. Таму Сідарэнку і трымалі, колькі маглі. Навошта знялі, разумеючы, што Германія можа і не даць згоды на новага амбасадара, для мяне незразумела. Хутчэй за ўсё, маюцца нейкія схаваныя і невядомыя шырокай грамадскасці каналы камунікацыі, па якіх ідуць размовы аб нейкіх дамоўленасцях.
Былы амбасадар Беларусі ў Францыі, а цяпер намеснік Святланы Ціханоўскай у Аб'яднаным пераходным кабінеце Павел Латушка быў знаёмы з Дзянісам Сідарэнкам каля 20 гадоў. Сябрамі яны не былі, але разам удзельнічалі ў перамовах з міжнароднымі партнёрамі падчас працы ў МЗС.
— Малады, вельмі разумны і ўзважаны дыпламат, якога я ўспрымаў як чалавека Уладзіміра Макея, — успамінае Латушка. — Падчас працы Макея міністрам Сідарэнка прадстаўляў ідэалогію нармалізацыі стасункаў з Еўропай. Ён быў прызначаны амбасадарам у Германіі ў 2016 годзе, прапрацаваў на гэтай пасадзе восем гадоў. Не сказаў бы, што гэта рэдкасць і рэкорд у беларускай дыпламатыі, але ўсё ж досыць доўгі час.
«Пра прычыну смерці не гаворыцца. Чаму?»
Суразмоўцы звяртаюць увагу на тое, як на смерць Дзяніса Сідарэнкі адрэагавалі ў Міністэрстве замежных спраў. Паведамленне аб сыходзе з жыцця былога амбасадара з'явілася на старонцы МЗС у «Фэйсбуку» толькі пасля яго пахавання. Афіцыйнай інфармацыі пра прычыны таго, што здарылася, няма дагэтуль. Экс-супрацоўнік МЗС Юрый кажа, што ў рэакцыі кіраўніцтва дыпламатычнага ведамства яго насцярожылі некалькі рэчаў:
— Першае — гэта тое, што МЗС паведаміў пра смерць Сідарэнкі толькі пасля таго, як пра гэта распавялі ў незалежных СМІ. Я не разумею, чаму. Бо Сідарэнка быў не апошняй фігурай у іерархіі МЗС. Па-другое. Пра прычыну смерці не гаворыцца. Чаму? Значыць, у сістэме не ўсё адназначна, там не хочуць мітусні вакол гэтага. Трэцяе. Сідарэнка быў адным з тых, хто добра ведаў Захад, тое, як размаўляць з дыпламатамі і чыноўнікамі еўрапейскіх краін. І яны яго таксама добра ведалі. А каго з беларускіх дыпламатаў яшчэ добра ведалі на Захадзе? Гэта экс-амбасадар у ЗША Алег Краўчанка і былы кіраўнік МЗС Уладзімір Макей. Абодва, наколькі мне вядома, памерлі ад праблем з сэрцам. Не здзіўлюся, калі прычынай смерці Сідарэнкі неўзабаве таксама назавуць сардэчнае захворванне (паводле інфармацыі выдання «Позірк», Дзяніс Сідарэнка памёр ад сардэчнага прыступу).
Павел Латушка кажа, што, паводле яго інфармацыі, пасля адстаўкі Сідарэнкі з пасады амбасадара ў Германіі ў таго пачаліся праблемы з наступным працаўладкаваннем у Беларусі.
— Разглядалася пытанне яго прызначэння ў цэнтральны апарат МЗС, — упэўнены Латушка. — Я не гатовы казаць, на якую пасаду, але ён праходзіў паліграф. І, наколькі я разумею, ён не змог яго прайсці з першага разу. Праз гэта ўзніклі пэўныя цяжкасці. Як правіла, у такім выпадку чалавека накіроўваюць на паўторны паліграф. Я не ведаю, якія былі вынікі наступнай праверкі. Але мы павінны разумець, што ў сённяшняй сістэме МЗС рашэнне аб прыёме або звальненні з дыпламатычнай службы прымае не міністр замежных спраў, а Камітэт дзяржаўнай бяспекі, які сёння фактычна цалкам вызначае кадравую палітыку МЗС, правяраючы супрацоўнікаў на лаяльнасць рэжыму.
Латушка ўпэўнены, што менавіта гэта стала каталізатарам праблем са здароўем у Дзяніса Сідарэнкі. Экс-дыпламат лічыць, што яго калега проста не вытрымаў моцнага стрэсу:
— Я думаю, што галоўная з прычын смерці Дзяніса Сідарэнкі — псіхалагічная, выкліканая стрэсавай сітуацыяй, якая ўзнікла з яго працаўладкаваннем. Уявіце сабе, што чалавеку, які заўсёды быў схільны да нармальных стасункаў з Еўропай, пры праходжанні паліграфа задаюць пытанне аб тым, як ён ставіцца да Лукашэнкі, ці паважае яго. Гэта, вядома, спекуляцыя, але можна меркаваць, што з адказам паўсталі праблемы.
— Я
памятаю зносіны з ім, у тым ліку ў нефармальны, непрацоўны час, — дадае
Павел Латушка. — Ён быў абсалютна здаровым чалавекам з праеўрапейскімі
і дэмакратычнымі поглядамі. Але ён трапіў у сітуацыю поўнага калапсу,
разбурэння таго, над чым ён працаваў многія гады ў знешняй палітыцы. Але
Сідарэнка прыняў рашэнне служыць рэжыму і ў выніку вярнуўся ў Беларусь, стаўшы
для гэтага рэжыму праблемай.