Не вытрымаў допытаў КДБ: Былы пасол у Германіі скончыў жыццё самагубствам?

Былы пасол у Германіі Дзяніс Сідарэнка вырашыў скончыць жыццё самагубствам, бо не вытрымаў допытаў КДБ, паведаміла «Наша Ніва». Трагедыя здарылася ў нядзелю, 23 чэрвеня, але пра смерць дыпламата стала вятома толькі цяпер.

Дзяніс Сідарэнка

Дзяніс Сідарэнка

МЗС пра смерць Сідарэнкі паведаміла толькі 26 чэрвеня, хоць ён памёр у нядзелю, 23 чэрвеня. Прычым інфармацыя пра трагедыю была агучана без дэталяў, сцісла — пасля таго як навіна прайшла ў незалежных СМІ. Адначалася, што былы амбасадар Беларусі ў Германіі Дзяніс Сідарэнка памёр ва ўзросце 48 гадоў ад сардэчнага прыступу.

МЗС у сваіх сацсетках паведаміла: «Сёння ў Мінску адбылося развітанне з нашым дарагім калегам, Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Германіі (2016 – 2024 гг.) Дзянісам Сідарэнкам.

Таленавіты і адказны дыпламат, прафесіянал і патрыёт, ён набыў заслужаныя аўтарытэт і павагу калег і партнёраў як у Рэспубліцы Беларусь, так і далёка за яе межамі. Гэта вялікая страта для дыпламатычнай сям'і Беларусі.

Дзяніс Уладзіміравіч назаўжды застанецца ў нашай памяці выдатным чалавекам, неабыякавым і спагадным калегам, надзейным сябрам і таварышам».

Аднак, як стала вядома «Нашай Ніве», былы пасол у Германіі Дзяніс Сідарэнка скончыў жыццё самагубствам — скокнуў з мінскага шматпавярховіка. 

Сідарэнка быў амбасадарам Беларусі ў Германіі надзвычай доўга — з 2016 да 2024 года. Яго вызвалілі ад гэтай пасады ўказам Аляксандра Лукашэнкі 11 сакавіка гэтага года.

Як расказалі «Нашай Ніве» крыніцы, пасля вяртання са сваёй пасольскай камандзіроўкі з Германіі, Сідарэнка стаў аб'ектам увагі Камітэта дзяржаўнай бяспекі. 

«Не вылазіў з паліграфаў і допытаў», — расказалі «Нашай Ніве» інфармаваныя суразмоўцы. 

Новай пасады ў Міністэрстве замежных спраў Сідарэнка не атрымаў. Хаця работа паслом у Германіі — найбольшай дзяржаве Еўрасаюза, — гэта пасольская пасада вышэйшай лігі.

«Відаць, не вытрымаў таго, што адбываецца», — дадаў іншы інфармаваны суразмоўца.

У Сідарэнкі засталіся дзве дачкі.

У Мінску гавораць, што ўсе кар'ерныя дыпламаты, якія вяртаюцца з ЕС, цяпер становяцца аб'ектамі пільнага аператыўнага вывучэння спецслужбамі.

Раней у лістападзе 2022 памёр 64-гадовы міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей. Некалькі крыніц таксама назвалі прычынай ягонай смерці самагубства. Пазней, як можна меркаваць, самагубствам скончыў жыццё і 46-гадовы міністр транспарту Аляксей Аўраменка.