Праймерыз: спроба нумар раз
Першая спроба вызначыць лідэра незадаволеных палітыкай афіцыйнага Мінска ўнутры краіны пройдзе ў Бабруйску. Мэты вызначаныя, планы сфармавныя, праца пачынаецца.
Першая спроба правесці ў краіне праймерыз фактычна пачалася. Пра гэта пераконвалі журналістаў удзельнікі «Экспертнага клуба», якія сабраліся ў сераду ў офісе
Аб’яднанай грамадзянскай партыі.
Пачынаючы сустрэчу, прысвечанаю магчымасці правесці ў Беларусі праймерыз, лідэр АГП Анатоль Лябедзька адразу адзначыў: сярод экспертаў прысутнічаюць толькі прыхільнікі гэтай ініцыятывы. Не тое,
каб крытыкаў правядзення праймерыз на сустрэчу не запрашалі: проста прыхільнікі ўсенароднага абрання адзінага дэмакратычнага лідэра вырашылі патлумачыць журналістам, а праз іх — і скептыкам,
што гэта такое і з чым гэты праймерыз ядуць. Адправедна, удзельнікі сустрэчы больш засяроджваліся на адказах на нявыказаныя пытанні, чым спрачаліся адзін з адным. Хаця і без гэтага не адбылося.
На самой справе, па словах Лябедзькі, праймерыз — гэта не «ўсенароднае абранне» адзінага кандыдата ў прэзідэнты апазіцыі. Гэта менавіта выбар
лідэра прыхільнікаў зменаў у краіне. То бок, спачатку лідэр, які павінен атрымаць у выніку праймерыз, як мінімум, тры рэчы: унутраную легітымнасць (давер непасрэдна беларускага грамадства),
магчымасць мабілізаваць дэмакратычную супольнасць у свой перадвыбарчы штаб, і выйсці за вузкае «палітычнае гета» аппазіцыі, паручкаўшыся з народам пад час таго самага
праймерыз.
Для прыкладу прыводзілася такая лічба: перадвыбарчая каманда кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Ганчарыка ў 2001 годзе, нягледзячы на тое, што ён быў лідэрам мільённых прафсаюзаў, складала каля 5
тысяч чалавек. У абранні кандыдатаў на Кангрэсы дэмакратычных сілаў прымала ўдзел менш за 10 тысячаў чалавек. У той жа час, у «альтэрнатыўных прэзідэнцкіх выбарах» 1999 года, якія
арганізоўваў Віктар Ганчар, розным чынам узяло ўдзел ад 240 да 380 тысяч чалавек. Гэтта пры тым, што там кандыдатаў у лідэры было двое, прычым адзін з іх знаходзіўся стала за мяжою (Зянон Пазняк).
Таму прыхільнікі праймерыз лічаць, што ім удасца заманіць беларусаў на вызначэнне лідэраў пераменаў.
Гэта, па ягоных словах, і павінна адрозніваць праймерыз ад сацыялагічнага апытання. Адна справа, гэта правесці агітацыю «ад дзвярэй да дзвярэй», каб людзі паставілі недзе
«галачку». Гэта сапраўды нескладана, падчас мясцовых выбараў не забаронена і нічым не адрозніваецца ад сацапытання. Іншая справа — калі людзі самі, груба кажучы, паварушаць
нейкімі часткамі цела для таго, каб альбо прыйсці прагаласаваць у нейкае вызначанае месца, альбо скіраваць свой выбар па пошце, альбо яшчэ неяк актыўна паўдзельнічаць у альтэрнатыўным галасаванні.
Дзеянні людзей і пакажуць, наколькі яны гатовыя да грамадзянскіх учынкаў. А калі не гатовыя, дык і лідэру пераменаў, хай ён і сто разоў адзіны кандыдат у прэзідэнты, анічога не дапаможа.
Карацей, справа не толькі ў выбарах адзінага лідэра ці кандыдата ў прэзідэнты, а справа яшчэ і ў нейкім «зандажы грамадскай актыўнасці». На што гатовыя пайсці людзі, каб
выказаць сваю прагу да пераменаў.
Абодва аргументы не з’яўляюцца аргументамі, упэўнены Сяргей Калякін. Магчыма ці немагчыма правесці праймерых у беларускіх умовах — гэта яшчэ невядома, таму што зрабіць гэтага
ніхто не спрабаваў. Тое ж самае з «нецікаўнасцю для народа». Калі народу сапраўды гэта будзе нецікава, то праймерыз сарвецца, і трэба будзе шукаць новыя формы вызначэння адзінага.
Таму проста неабходна паспрабаваць зрабіць «спробу праймерызу» хаця б у асобным узятым горадзе. Гэтым горадам выбраны Бабруйск.
Адначасова гатоўнасць зняцца з наседжанага месца і паехаць у рэгіён будзе выпрабаваннем і для кандыдатаў, што засведчыць іх сур’ёзныя амбіцыі на лідэрства сярод дэмсілаў. Трэцяе: у
горадзе павінен быць дэмакратычны актыў, які зоймецца арганізацыяй праймерыз, і зарэгістраваныя офісы палітычных структураў, дзе можна было б паставіць скрыні для галасавання.
Усё гэта ёсць у Бабруйску. Для абыходу хаця б 30.000 выбаршчыкаў трэба прайсці каля 15.000 кватэраў. Мінімальная каманда праймерыз — 50 дэмакратычных актывістаў. За мясцовую выбарчую
кампанію адзін «агітатар» абыходзіць каля 300 кватэраў. Такім чынам і маецца 15.000 кватэр, каля 30.000 «апытаных» грамадзянаў. Калі хаця б 20% з іх падтрымае
праймерыз, гэта ўжо 6.000 гатовых да хоць нейкага дзеяння людзей.
Хто будзе мець права ўдзелу ў праймерыз? Арганізатары мерапрыемства плануюць, што гэта будзе «і жук, і жаба». То бок, у спіс патэнцыйных лідэраў уключаюцца ўсе, хто мае
прэзідэнцкія амбіцыі, незалежна ад магчымасці ўдзелу ў выбарах і ад іх згоды на той самы праймерыз. Прыкладам, Мікола Статкевіч, які сядзіць зараз у турме, Андрэй Саннікаў і Зянон Пазняк, што
знаходзяцца за мяжой, Улідзімір Някляеў, якому па законе з-за нязнятай судзімасці забаронена балатавацца на пасаду прэзідэнта. Удзельнікі праймерыз падкрэсліваюць, што абіраецца найперш лідэр
прыхільнікаў пераменаў, а не кандыдат на прэзідэнцкую пасаду.
І, канешне ж, у лістах для галасавання будзе рысачка, дзе народ можа ўпісаць сваю кандыдатуру на пасаду прэзідэнта. Віктар Карняенка, напрыклад, не выключыў, што дэмакратычна настроеныя
грамадзяне могуць быць і сярод прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі, і што яны могуць упісаць у бюлетэнь і ягонае прозвішча. А чаму не? Чаму б Лукашэнку таксама не паўдзельнічаць у праймерыз?
Ад інтэрнэт-галасавання пакуль што адмовіліся. Па-першае, інтэрнэт не патрабуе нейкіх звышасаблівых дзеянняў і праяваў грамадзянскай актыўнасці, а па-другое, вельмі складана вызначыць дзе
пражывае той, хто галасуе ў інтэрнэце. З праймерыз у асобна ўзятым горадзе гэта сапраўды не пракоціць.
І, канешне ж, арганізатары будуць радыя, калі народ абярэ не аднаго, а тройку-пяцёрку дэмакратычных лідэраў, якім ён давярае. Гэта значна звузіцца кола тых, каго можна вызначыць адзіным
кандыдатам на пасаду прэзідэнта ў 2015 годзе.
А некаторыя і ўвогуле будуць удзельнічаць у праймерыз без аніякіх прэзідэнцкіх амбіцый. Як паведамілі «па сакрэце» арганізатары сустрэчы, Беларуская партыя
«Зялёныя» мае намер узяць удзел у праймерыз, каб проста папрацаваць з насельніцтвам і распаўсюджваць сярод народа «зялёныя» ідэі. Размова пра кандыдата ў
прэзідэнты ад БПЗ пакуль што не ідзе.
Такім чынам, папярэдняя спроба праймерыз пройдзе 23 сакавіка ў Бабруйску. А там паглядзім, хто што ад гэтага выйграе.