Прэм'ер-міністр Літвы: 21 ІТ-кампанія з Беларусі хацела б пераехаць у Літву
21 ІТ-кампанія з Беларусі хацела б пераехаць у Літву. Пра гэта распавёў міністр эканомікі і інавацый Рымантас Сінкявічус на пасяджэнні ўрада Літвы па разглядзе плана дапамогі жыхарам Беларусі.
Як піша Delfi.lt, па словах міністра, яго ведамства атрымала зварот ад 21 беларускай ІТ-кампаніі, якая жадае працаваць у Літве. Каля паловы з іх — буйныя і маглі б уладкавацца ў Літве, а не ў іншых краінах Еўропы, падкрэсліў Сінкявічус, аднак сутыкаюцца з цяжкасцямі пры заснаванні офісаў: банкі кіруюцца законам аб прэвенцыі адмывання грошай і не дазваляюць гэтым прадпрыемствам адкрываць рахункі — а гэта неабходная ўмова для стварэння прадпрыемстваў у Літве.
— Калі нельга адкрыць рахунак у банку, нельга зарэгістраваць прадпрыемства, калі нельга зарэгістраваць прадпрыемства - нельга запрасіць работнікаў, таму што няма працадаўцы, — заявіў міністр.
Ён заклікаў прыняць папраўкі да законаў, якія дазволілі б замежным юрыдычным асобам адкрываць рахункі ў літоўскіх банках.
Міністр унутраных спраў Рыта Тамашунене заявіла, што цяпер актыўна ідзе пошук рашэнняў па спрашчэнні прыезду беларусаў у Літву, пра што вядуцца перамовы і з Банкам Літвы.
— Мы разам з Дэпартаментам міграцыі ўжо прапануем рашэнні, як спрасціць умовы выдачы нацыянальных віз, разам з Міністэрствам сацыяльнай абароны і працы шукаем рашэнні аб адмове ад працоўнага тэсту, ацэнкі нейкіх кваліфікацыйных момантаў, а таксама аб магчымасці звяртацца па візу дыстанцыйна, — сказала кіраўнік МУС.
Што яшчэ плануе зрабіць Літва:
- заснаваць 100 дзяржаўных стыпендый для навучання беларускіх студэнтаў у ВНУ Літвы;
- вылучыць 200 тысяч еўра для падтрымкі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ);
- выдзеліць 100 тысяч еўра на лячэбна-рэабілітацыйныя паслугі для пацярпелых ад рэпрэсій людзей.
Прэм'ер Літвы Скверняліс на прэс-канферэнцыі сказаў, што ўрад на нарадзе ў сераду план фармальна зацвердзіў, але «ён яшчэ падлягае шліфоўцы».
— Прынятае нават рашэння шукаць магчымасці для тых беларускіх прадпрыемстваў ІТ, якія вырашылі сысці з Беларусі, каб лепшым месцам для іх стала менавіта Літва, — літоўскі прэм'ер-міністр.
Паводле яго слоў, у фінансавым дачыненні суму назваць пакуль цяжка, «але гэта сапраўды будзе не адна сотня тысяч еўра», дадаў ён.
Паводле news.tut.by