Прэзідэнты за кратамі: хто з былых кіраўнікоў на сёньня сядзіць
Беларусы адкаркуюць усе магчымыя бутэлькі, як толькі сьпіс папоўніцца на аднаго нашага суайчыньніка. У наш час кіраваць дзяржавай можа быць небясьпечным. Толькі на сёньняшні дзень больш за 10 былых правадыроў затрыманыя і ўжо адбываюць тэрмін, альбо чакаюць фінальнага выраку. Пазнаёмім зь некаторымі.
Амар аль-Башыр
Амар Хасан Ахмад аль-Башыр прыйшоў да ўлады ў 1989 годзе ў выніку ваеннага перавароту. Гэта быў кар'ерны армейскі афіцэр, які стварыў альянс з ісламістамі. Аль-Башыр кіраваў Суданам на працягу трох дзесяцігодзьдзяў.
Усярэдзіне краіны суданскія суды абвінавацілі яго ў карупцыі, адмываньні грошай і незаконным валоданьні замежнай валютай. Апошняе перадусім было зьвязанае з вялізнымі сумамі наяўных грошай, знойдзенымі ў яго доме пасьля адыходу ад улады аль-Башыра.
Але на міжнародным узроўні яго праблемы значна больш сур'ёзныя. Міжнародны крымінальны суд у Гаазе падаў у вышук Амара за генацыд, злачынствы супраць чалавечнасьці і ваенныя злачынствы, нібыта ўчыненыя ў Дарфуры. Той канфлікт, які пачаўся ў 2003 годзе, прывёў да масавых перасоўваньняў людзей, шматлікіх ахвяраў і абвінавачваньняў у сістэмных катаваньнях.
Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэры на арышт аль-Башыра ў 2009 і 2010 гадах, адпаведна, калі дыктатар яшчэ знаходзіўся пры ўладзе. На працягу многіх гадоў ён ухіляўся ад затрыманьня МКС, абмежаваўшы свае міжнародныя паездкі ў краіны, якія не зьяўляюцца чальцамі-падпісантамі Міжнароднага крымінальнага суда. Аднак нарэшце зрынаньне з трону ў Судане зрабіла яго зноў уразьлівым для новых патрабаваньняў аб экстрадыцыі.
У красавіку 2019 года, калі суданскія вайскоўцы ў адказ на пратэсты, якія ўскалыхнулі краіну, зрынулі аль-Башыра. Натоўпы радасных грамадзянаў выйшаў на вуліцу, сьвяткуючы заканчэньне яго 30-гадовага кіраваньня.
Аль-Башыр быў неадкладна зьмешчаны пад хатні арышт, пазьней пераведзены ў хартумскую турму Кобэр і з тых часоў знаходзіцца пад вартай суданскіх уладаў, хоць часам яго пераводзяць у ваенны шпіталь праз праблемы са здароўем. Ён ужо атрымаў тэрмін у Судане, але працэс далёка ня скончаны.
Апроч гэтага, калі яго перададуць у Гаагу, ён паўстане перад судом па некаторых з самых жорсткіх абвінавачаньняў у адпаведнасьці з міжнародным правам. Такое разбіральніцтва можа стаць даволі працяглым, але і пакараньне былы дыктатар атрымае ў такім выпадку адпаведнае.
Пэдра Кастылья
Былы сельскі школьны настаўнік і прафсаюзны лідар Пэдра Кастылья заняў пасаду прэзідэнта Перу ў 2021 годзе на фоне шырокага грамадзкага расчараваньня традыцыйнымі палітычнымі сіламі. Ён вёў кампанію з фірмовым саламяным капелюшом, пазыцыянуючы сябе як чалавека з народа. Ультралевы папуліст абяцаў шырокія сацыяльныя рэформы дзеля барацьбы з няроўнасьцю ў Перу.
Абвінавачаньні ў карупцыі перасьледвалі яго ўрад з самага пачатку. Увыніку таварыш Пэдра 7 сьнежня 2022 года паспрабаваў распусьціць Парлямэнт і стварыць надзвычайны ўрад. Гэта была спроба пазьбегнуць пагрозы працэдуры імпічмэнту.
Тэлезварот Кастылья, у якім прэзідэнт абвесьціў аб роспуску, быў хутка асуджаны заканадаўцамі, судовай сістэмай і вайскоўцамі. Перуанскія органы хутка арыштавалі яго, абвінаваціўшы ў мяцежы і змове. Чырвоны правадыр быў арыштаваны ўсяго праз некалькі гадзінаў пасьля таго, як ён паведаміў аб сваім пляне роспуску парлямэнту.
Судзьдзя прызначыў 18-месячны арышт у межах дасудовага зьняволеньня. Калі Кастылья ўвыніку прызнаюць вінаватым у мяцежы, яму пагражае значнае турэмнае зьняволеньне — 34 гады за кратамі. Увыпадку апраўданьня па гэтым абвінавачаньні, ён выйдзе на волю, але карупцыйныя справы супраць яго ўсё роўна будуць заведзеныя. Спачатку разьбіраюцца са змовай.
Працэс супраць Кастылья яшчэ не мае даты пачатку. Тым не менш, суддзя Хуан Карлас Сорыя завяршыў этап кантролю абвінавачаньня і скіраваў справу ў Спецыяльную палату па крымінальных справах Вярхоўнага суда. Гэты орган у бліжэйшыя дні павінен прызначыць дату і час пачатку судовага паседжаньня.
Хуан Арланда Эрнандэс
Хуан Арланда Эрнандэс, якога некалі называлі адным з самых уплывовых лідэраў Цэнтральнай Амерыкі, цяпер сядзіць у вязьніцы ЗША. Ён узначальваў Гандурас з 2014 па 2022 год.
Хуан Арланда Эрнандэс быў вядомы жорсткай пазіцыяй у дачыненьні да злачыннасьці, часта адстойваючы мілітарызаваныя рашэньні для барацьбы з бандыцкім гвалтам і гандлю наркотыкамі. Крытыкі абвінавацілі яго ў падрыве дэмакратычных нормаў, асабліва пасьля перавыбараў у 2017 годзе, якія многія назіральнікі палічылі неканстытуцыйнымі ў адпаведнасьці з заканадаўствам Гандураса.
Іранічна, але той самы прывід гандлю наркотыкамі, які Эрнандэс пакляўся зьнішчыць падчас свайго прэзідэнцтва, прывёў да яго ўласнага зьнішчэньня.
Неўзабаве
пасьля таго, як Эрнандэс пакінуў сваю
пасаду ў студзені 2022 года, федэральныя
пракуроры ЗША выставілі некалькі
абвінавачаньняў у сувязі з міжнароднай
кантрабандай какаіну. Яны сцьвярджалі,
што былы прэзідэнт садзейнічаў
перасоўваньню велізарнай колькасьці
наркотыкаў праз Гандурас у абмен на
хабар.
Яго таксама абвінавачвалі ў
змове з выкарыстаньнем агнястрэльнай
зброі ў мэтах садзейнічаньня незаконнаму
абароту наркотыкаў.
14 лютага 2022 года паліцыя Гандураса акружыла яго рэзідэнцыю ў сталіцы. На наступны дзень Эрнандэса затрымалі і зьмясцілі пад ахову паліцыі. У красавіку 2022 года, пасьля запыту ўладаў ЗША, Эрнандэс быў экстрадаваны з Гандураса ў ЗША.
У сакавіку 2024 года былы прэзідэнт прызнаны судом ЗША вінаватым у наркатычных злачынствах, і прысуджаны да 45 гадоў пазбаўленьня волі.
Міхэіл Саакашвілі
Саакашвілі стаў зоркай у 2004 годзе, калі стаў прэзідэнтам Грузіі ва ўзросьце 36 гадоў. Ён стаў вядомым падчас рэвалюцыі ружаў 2003 года — масавага руху пратэсту, які аспрэчваў фальсыфікацыі выбараў і выступаў за дэмакратычныя рэформы Сакартвэла.
Падчас свайго прэзідэнцтва (2004–2013) Міхэіл Саакашвілі прыняў агрэсіўныя меры па барацьбе з карупцыяй, імкнуўся да больш шчыльных сувязяў з Эўразьвязам і NATO і праводзіў рэформы, каб забясьпечыць свабодны рынак. Яго прыхільнікі падкрэсьліваюць «беспрэцэдэнтны эканамічны рост» і мадэрнізацыю дзяржаўных інстытутаў пад яго кіраўніцтвам.
Зь іншага боку крытыкі сцьвярджаюць, што стыль кіраўніцтва Саакашвілі часта збочваў на аўтарытарную тэрыторыю, калі ажыцьцяўляліся рэпрэсіі супраць палітычных апанэнтаў.
У
2018 годзе ён быў завочна асуджаны, у тым
ліку за злоўжываньне ўладай. Яму
прысудзілі 3 гады. Саакашвілі абвінавацілі
ў выкарыстаньні дзяржаўных рэсурсаў
для прымусу ці запалохваньня палітычных
апанэнтаў. Грузінскія суды сцьвярджаюць,
што ён злоўжываў дзяржаўнымі сродкамі
і перавысіў канстытуцыйныя
паўнамоцтвы.
Саакашвілі настойвае
на тым, што гэтыя абвінавачваньні
палітычна матываваныя.
На момант вынясеньня гэтых абвінаваўчых прысудаў Саакашвілі ўжо не знаходзіўся ў Грузіі, ён зьехаў за мяжу (у прыватнасьці, працаваў на дзяржаўных пасадах Украіны). Пасьля асуджэньня ён фактычна зьяўляўся ўцекачом паводле грузінскага заканадаўства.
У кастрычніку 2021 года Саакашвілі таемна вярнуўся ў Грузію перад мясцовымі выбарамі. Ён імкнуўся актывізаваць апазыцыйныя сілы. Саакашвілі быў арыштаваны амаль адразу пасьля абвяшчэньня аб сваім прыбыцьці.
Ужо былая прэзідэнт Грузіі Саламэ Зурабішвілі неаднаразова заяўляла, што ніколі не памілуе Саакашвілі.
«Таму што я застаюся вернай таму духу, які падштурхнуў мяне змагацца голымі рукамі супраць рэжыму Саакашвілі, які ўшчамляў правы чалавека, свабоду бізнэсу і вяршэнства закона», — казала яшчэ дзейная прэзідэнт Зурабішвілі. Яна дадала, што Саакашвілі не заслугоўвае памілаваньня таксама за выхад з грузінскага грамадзянства і за незаконны пераход на грузінскую зямлю.
Зурабішвілі абвінаваціла Саакашвілі ў спробах дэстабілізаваць краіну на фоне мясцовых выбараў. Пакуль Зурабішвілі змагалася з вязьнем Саакашвілі, прыемна паціралі рукі іншыя.
З таго часу былы прэзідэнт абвяшчаў галадоўкі за жорсткае абыходжаньне. Яго палітычныя ворагі – прарасейская партыя «Грузінская мара» на сёньня фактычна захапіла ўсе органы ўлады. Прэзідэнт, прэм'ер, дэпутаты парлямэнту – усе ходзяць на дыбачках перад фактычным лідарам Бідзінай Іванішвілі, якога называюць марыянэткай Крамля.