«Прыярытэт бяспекі». Дэмакратычныя партыі не будуць дасылаць сваіх назіральнікаў на рэферэндум

Пра гэта сёння выдалі супольную заяву прадстаўнікі АГП, БСДП (Грамада), БНФ і «Зялёных».

photo_2021_12_30_17_36_17_obvtc.jpg

Прадстаўнікі ўзгаданых палітычных партый лічаць, што "сёння, калі захоўваецца палітычныя крызіс і працягваюцца рэпрэсіі, унясенне зменаў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь з’яўляецца немэтазгодным. Падрыхтаваны праект не накіраваны на стабілізацыю палітычнай сітуацыі ў краіне. Пры гэтым прапануецца вынесці на рэферэндум значную колькасць зменаў адзіным пакетам".

Аўтары заявы нагадваюць, што «рэферэндум – гэта форма прамой дэмакратыі і палітычныя партыі планавалі сумесную місію міжпартыйнага назірання за правядзеннем гэтага мерапрыемства ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам. Такое права нам гарантавана арт. 66 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якая абвяшчае, што падрыхтоўка і правядзенне выбараў праводзіцца адкрыта і галосна. Арт. 13 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь гарантуе, што “Пры правядзенні выбараў, рэферэндумаў маюць права прысутнічаць назіральнікі – прадстаўнікі палітычных партый”. Мы праводзілі падобнае назіранне ў межах кампаніі «Права выбару» з 2014 года.

Аднак апошнія месяцы сілавымі ведамствамі краіны разгорнутыя пераслед і запужванне грамадзянак і грамадзян, якія прымалі ўдзел у назіранні за ходам прэзідэнцкай выбарчай кампаніі 2020 г., у тым ліку сябраў нашых палітычных партый. Акрамя таго, пазбаўлены рэгістрацыі актыўны ўдзельнік папярэдняй кампаніі назірання за выбарамі ПАГА “Рух “За Свабоду”. Сітуацыя з распаўсюдам каронавіруснай інфекцыі ў часе выбарчых кампаній выкарыстоўваецца для абмежавання доступу нашых назіральнікаў на выбарчыя ўчасткі».

У гэтых умовах, сыходзячы з безумоўнага прыярытэту бяспекі сябраў і прыхільнікаў сваіх партый, аўтары заявы заяўвілі аб адмове ад сумеснай кампаніі па арганізацыі місіі міжпартыйнага назірання за падрыхтоўкай і правядзеннем рэферэндума па змяненні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у выпадку яго прызначэння.

Дадаткова яны паведамілі, што кампанія назірання “Права выбару” спыніла сваю працу ў 2020 г.