Пуцін будзе кіраваць да смерці: сваёй ці – расійскай дзяржаўнасці

Алесь Кіркевіч на budzma.by разважае пра тое, чаму расійскі прэзідэнт будзе займаць сваю пасаду пажыццёва.

putin_3.png

Напэўна, вы ўжо чыталі, што Канстытуцыйны суд РФ пацвердзіў законнасць абнулення пуцінскіх тэрмінаў. Цікава, што такім чынам КС адмяніў сваю папярэднюю пазіцыю, якая ў далёкім 1998-м забараніла балатавацца на трэці тэрмін Ельцыну.
Вядома, усё было зразумела ўжо пасля прапановы Валянціны Церашковай. Не для таго ж легендарная жанчына-касманаўт рабіла свой рэверанс, каб застацца непачутай. Шмат хто быў здзіўлены не столькі прапановай Церашковай, колькі фактам таго, што яна жывая. Цётухна, якая яшчэ да нараджэння шмат каго з нашых чытачоў стала фальклорным персанажам («Валянціна Церашкова ляціць-ляціць над нашай школай...»), як выявілася, яшчэ можа рабіць нешта заўважнае ў гісторыі.
Зразумела, што гісторыя з Канстытуцыйным судом — усяго толькі фармальнасць, элемент «суверэннай дэмакратыі». Калі інстытуты дэмакратычнай дзяржавы нібы ёсць, але ў рэальнасці з’яўляюцца адно касметычным фактарам. Дзярждума — прыгожы фрак з фалдамі, Канстытуцыя — элегантны цыліндр, прэм’ер — мятлік, а Сабчак з Навальным — дзве срэбраныя запанкі. Увесь гэты гарнітурчык надзяваецца хоць на людажэра з Новай Каледоніі і — бінга! — яго ўжо прымаюць ва ўсіх салонах Парыжа і Лондана.
Цяпер, здаецца, і вожыку ясна, што Пуцін будзе кіраваць да канца. Да смерці. Або сваёй, або расійскай дзяржаўнасці. Ну праўда, а што яму яшчэ рабіць на, даруй божа, пенсіі? Пісаць мемуары? Лятаць з гусямі ці прымаць роды ў тыграў? Падымаць амфары з дна Чорнага мора?.. Усе гэтыя гульні вясёлыя, але ж не тое.
А яшчэ ёсць вельмі забаўны момант, абумоўлены шматсотгадовай расійскай гісторыяй. Цары і генсекі, асабліва легендарныя і гістарычна значныя, ніколі не сыходзяць на пенсію. Яны паміраюць або іх забіваюць. Бо ўлада — гэта не прафесія, гэта наканаванне. На ўсё жыццё. Важак зграі не можа сысці на пенсію: яго мае забіць вораг ці новы важак. У жывёльным свеце ёсць адно дарога на вяршыню, а для зваротнай не трэба зберагаць сілаў. Яе проста не будзе.
Ну глядзіце: цары ды імператары паміралі на троне ад старасці або рабіліся ахвярамі табакеркі ці бомбы. За Мікалаем Другім, які дабравольна выракся царства, усё развалілася, а сам ён не нашмат перажыў імперыю. З сямі кіраўнікоў СССР жывымі з алімпу спусціліся толькі двое: ніякаваты Хрушчоў ды Гарбачоў, за якім Саюз сканаў як дзяржава. Элегантны сыход Ельцына можна спісаць на кароткі, нібы лета на поўначы, перыяд адлігі, старасць і хворую пячонку. А вось за Пуціным усё мае вярнуцца на свае месцы: узяўся кіраваць — значыць да скону.
Пытанне экзістэнцыі мужчыны на пенсіі ў Расіі ды ў краінах былога СССР, мабыць, заслугоўвае асобнага даследавання. Усе мы ведаем, што ў нашым рэгіёне жанчыны перажываюць сваіх мужоў. Варта заехаць у любую вёсачку і пераканацца: на дзясятак бабулек добра калі знойдзецца адзін спраўны дзед. Чаму?
Дзяды сохнуць і мруць не толькі ад перажытых за 55-60 гадоў стрэсаў і колькасці выпітага самагону ці шклоачышчальніка. Жанчыны таксама стрэсуюць, таксама, хоць і радзей, співаюцца. Гэта спрашчэнне. А рэч у тым, што яшчэ ў Саюзе для мужчыны на пенсіі (вядома, калі ён не савецкі пісьменнік ці ветэран з аратарскімі здольнасцямі) не было прадугледжана ніякай функцыі.
Бабуля хоць унукаў можа глядзець, а дзеду што застаецца? Піць, гуляць у даміно, памідоры падвязваць на дачы... Спружына, якая была сціснутая цягам усяго жыцця, выстрэльвае: сэрца перастае біцца. І тут зусім не важна, быў дзед раней токарам на заводзе ці палкоўнікам міліцыі. Алгарытм для ўсіх вельмі характэрны.
А цяпер вернемся да Пуціна. Уявіце, вам 68 гадоў. У вас ёсць усё, што можна і нельга ўявіць. Усё, да чаго вы ішлі па галовах жывых і мёртвых. Усё, ад Кабаевай да Крымскага моста. І вы вось так проста адмовіцеся, прызначыўшы пераемніка (магчыма, здрадніка)? Вы ж, ідучы да мэты, нарабілі такога, пасля чаго проста нельга сказаць «я па-за гульнёй» ці «я стаміўся». Урэшце, як можна памяняць увесь гэты драйв на падвязванне памідораў?..
А ў дадатак застаецца столькі незавершаных справаў. Напрыклад, адраджэнне СССР. Успомніце, Уладзімір Уладзіміравіч неаднойчы казаў, што распад Саюза — галоўная траўма ў ягоным жыцці. Вось так проста пакінуць незавершаны гештальт?.. Ды ну, несур’ёзна. Акурат гэтая апошняя гульня важака зграі абяцае быць самай цікавай. І ў гэтай гульні на кон можна ставіць усё. А там ужо «хоць камяні з неба» ці «ядзерны попел».
Алесь Кіркевіч, budzma.by