Пуцін не дазволіў? Лукашэнка не паедзе на саміт ААН у Нью-Ёрк
Міністр замежных спраў Сяргей Алейнік узначаліць беларускую дэлегацыю на тыдні высокага ўзроўню сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, паведаміў пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН Валянцін Рыбакоў.
«З 19 верасня пачынаецца тыдзень высокага ўзроўню, мы чакаем прыбыцця беларускай дэлегацыі на гэтае мерапрыемства на чале з міністрам замежных спраў», – сказаў ён.
Ён таксама нагадаў, што за суткі да гэтага ў Нью-Ёрку пачнецца саміт па выкананні Мэт устойлівага развіцця.
Нагадаем, прэс-служба Лукашэнкі заявіла, што ён атрымаў запрашэнне Генеральнага сакратара ААН Антоніу Гутэрыша ўдзельнічаць у саміце па Мэтах устойлівага развіцця. На гэтае запрашэнне, паводле яе інфармацыі, быў накіраваны адказ, у якім Лукашэнка паабяцаў, што Беларусь «возьме ўдзел у гэтым важным мерапрыемстве на годным узроўні».
Сам Лукашэнка 6 ліпеня на сустрэчы з журналістамі сказаў, што вырашаць пытанне яго візіту на саміт ААН па ўстойлівым развіцці ён будзе з Уладзімірам Пуціным. «Пакуль не адмяняю гэтае мерапрыемства. Пакуль. Будзе вядома задоўга да таго як. Параімся са старэйшым братам. Калі ён не паедзе, ну, чаго мне без яго туды ехаць», — сказаў Лукашэнка.
А потым, на сустрэчы з пастаянным прадстаўніком Беларусі ў ААН Валянцінам Рыбаковым 27 ліпеня, Лукашэнка нават усумніўся ў тым, што Беларусі варта працягваць сваё сяброўства ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
«ААН. Што гэта такое на сённяшні дзень? Якія перспектывы наогул гэтай арганізацыі, з вашага пункту гледжання? Ну і нам што рабіць у гэтай арганізацыі? Натуральна, мы як адна з краін-заснавальнікаў гэтай арганізацыі не можам вось так спакойна глядзець на тое, што адбываецца там.
Я гляджу, і мы абмяркоўвалі гэтае пытанне з прэзідэнтам Расіі, — Сакратарыят ААН, працоўны орган, — яны ўжо пачалі працаваць з пункту гледжання нейкіх пераваг аднаму або двум дзяржавам, або Захаду-Усходу. Гэта значыць яна неяк ужо, гэтая арганізацыя, ператвараецца ў такую арганізацыю “чаго жадаеце?”. Ад буйных дзяржаў больш залежыць. Гэта ненармальна. Пры тым ціску, які аказваюць буйныя дзяржавы, Захад», — сказаў Лукашэнка.
«Ну і наша прадстаўніцтва: яно фармальна там прысутнічае, чагосьці яно можа? Каб мы разумелі, як паступаць. Да прыкладу, калі заходнія дзяржавы адмовіліся фактычна супрацоўнічаць з намі, ну што ж, мы сёння дыпламатаў перакідваем на тыя напрамкі, дзе нам трэба працаваць, дзе трэба ўзмацняць сітуацыю і абстаноўку. Можа быць, і з Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый так паглядзець, і паставіць іх у шэраг з заходнімі дзяржавамі?» — спытаў Лукашэнка.