Пуцін разглядае ідэю аншлюсу Беларусі вельмі сур'ёзна — амерыканскі эксперт

"Пуцін і яго найбліжэйшае атачэнне разглядаюць ідэю аншлюсу Беларусі вельмі сурʼёзна. І скажам шчыра: Злучаныя Штаты не будуць вайсковай сілай бараніць беларускую незалежнасць", — распавялі «Радыё Свабода» амерыканскія эксперты.

12af86de_33cc_450d_94cf_f0138422ad03_w1023_r1_s.jpg


Як хутка могуць аднавіцца паўнавартасныя адносіны паміж Беларуссю і ЗША? Як ЗША могуць абараніць незалежнасць Беларусі? Якой рэакцыі Масквы варта чакаць на нармалізацыю беларуска-амерыканскіх адносінаў?

На гэтыя пытанні адказваюць амерыканскія эксперты — старэйшы навуковы супрацоўнік, дырэктар праграмы па Расіі Цэнтру аналізу еўрапейскай палітыкі Брайн Уітмар (Вашынгтон) і аналітык “Радыё Свабода” Карл Шрэк (Прага).

— Міністр замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей пацвердзіў, што Беларусь вядзе перамовы з ЗША аб аднаўленні ўзаемнай дыпламатычнай прысутнасці ў поўным абʼёме.

У 2008 годзе ініцыятарам скарачэння персаналу дыпмісій быў Менск. На ваш погляд, ці прыме Вашынгтон прапанову Макея? Калі прыме, то як хутка можа быць адноўленая колькасць персаналу амбасадаў ЗША ў Менску і Беларусі ў Вашынгтоне, калі можна чакаць вяртання амбасадараў? Пытанне да Байна Уітмара.

— Думаю, што аднаўленне дыпламатычных дачыненняў мае неблагія шанцы на поспех, хоць тут цяжка прадказаць тэрміны. Аднак пры гэтым аднаўленне дыпламатычных дачыненняў — гэта лёгкая частка справы.

 

Брайн Уітмар

Брайн Уітмар


Больш цяжкае пытанне — што будзе адбывацца з беларуска-амерыканскімі дачыненнямі наагул. І ў гэтым пытанні ў Вашынгтоне ёсць розныя меркаванні.

Шмат хто настроены даволі скептычна, бо прызнаемся: гэтае кіно мы ўжо бачылі. Кожны раз, калі дачыненні Лукашэнкі з Крамлём ускладняюцца, ён пачынае фліртаваць з Захадам, а пасля зноў кідаецца ў абдымкі да Пуціна. Іншыя глядзяць на справу значна больш прагматычна. Яны разумеюць, што Лукашэнка ніколі не будзе сябрам і што пад ім Беларусь ніколі не будзе дэмакратычнай дзяржавай, дзе паважаюцца правы чалавека.

Але разам з тым, на жаль або на шчасце, ён — галоўны гарант беларускай незалежнасці. І ў інтарэсах бяспекі Злучаных Штатаў — каб Беларусь не стала працягам расійскай Заходняй вайсковай акругі, каб расійская вайсковая моц не перасунулася да межаў нашых саюзнікаў у NATO — Літвы, Латвіі і Польшчы, і каб Расія не атрымала магчымасць выкарыстаць Беларусь як плацдарм, каб пагражаць нашым саюзнікам.

Адзіны спосаб для Лукашэнкі даказаць Захаду, што гэтым разам у яго сурʼёзныя намеры — ужыць захады, каб гэтага не дапусціць.

— А ваша меркаванне, Карл Шрэк.

— Калі абапірацца на справаздачу Foreign Policy, то выглядае, што Вашынгтон гатовы да аднаўлення ўзаемнай дыпламатычнай прысутнасці ў поўным абʼёме, я не бачу прычынаў, каб ён не быў гатовы.

Што да пытання, як хутка персанал можа вярнуцца ў Менск — ведаеце, калі яны ўжо вырашылі, то штат можа быць пашыраны вельмі хутка, наколькі я разумею. Але можа быць затрымка з амбасадарам, бо тут патрабуецца зацверджанне Сенатам.

Цяжка сказаць, як хутка гэта можа адбыцца — у Вашынгтоне якраз цяпер напружаны парадак дня. Затрымкі з прызначэннямі амбасадараў бывалі і раней, так што гэта можа працягнуцца шмат месяцаў, калі не болей.

— Эн Эплбаўм нядаўна апублікавала ў Washington Post артыкул, у якім напісала: «За апатычнае стаўленне да планаў Пуціна адносна Беларусі Захаду давядзецца заплаціць».

А што можна зрабіць, для таго, каб выйсці з апатыі? Даць грошай дыктатару Лукашэнку? Запрасіць яго ў Белы дом, як запрашалі дыктатараў Назарбаева і Мірзіяева? Падтрымаць грамадзянскую супольнасць у Беларусі? Заявіць Пуціну, што ЗША будуць бараніць незалежнасць Беларусі? Спадар Шрэк.

— І магчымае вяртанне амерыканскага амбасадара ў Менск, і павелічэнне там дыпламатычнай прысутнасці — я бачу гэта як працяг агульнага трэнду, які назіраецца апошнімі гадамі паміж Вашынгтонам і Менскам.

 

Карл Шрэк

Карл Шрэк


Я не чакаю ніякіх вялікіх пераменаў у палітыцы Вашынгтону ў дачыненні да Беларусі. Я не думаю, што мы пачуем нейкія заявы Вашынгтону ў тым сэнсе, што раптам сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі драматычна палепшылася. Вашынгтон напэўна будзе працягваць рытарычны ціск на Беларусь па тэме правоў чалавека.

Што да погляду з Вашынгтону — улічваючы цяперашнюю канфрантацыю паміж Расіяй і Захадам — некаму ў Вашынгтоне гэты момант можа падацца спрыяльным для наладжвання або для паляпшэння дачыненняў з Беларуссю.

— І тое ж пытанне да Брайна Уітмара?

— Эн Эплбаўм мае рацыю, ёсць шмат паведамленняў, якія паходзяць з Масквы, якія даюць зразумець, што Пуцін і яго найбліжэйшае атачэнне разглядаюць ідэю гэтак званага аншлюсу Беларусі вельмі сурʼёзна. І калі гэта сапраўды так, то няма ніякага простага рашэння — бо скажам шчыра: Злучаныя Штаты не будуць вайсковай сілай бараніць беларускую незалежнасць.

Што ЗША і іх саюзнікі могуць зрабіць — дык гэта ўзняць кошты расійскай інтэрвенцыі ў Беларусь. Але я магу сказаць, што гэта праблема бяспекі, якая вельмі сурʼёзна ўспрымаецца не толькі ў Вашынгтоне, а ва ўсіх заходніх сталіцах.

— Якой рэакцыі Масквы можна чакаць на аднаўленне ў поўным абʼёме дыпламатычных адносінаў паміж Менскам і Вашынгтонам? Гэта будзе расцэнена Масквой як здрада, дапамога ворагу Расеі, і выкліча жаданне пакараць Беларусь за «здраду»? Ці гэта заахвоціць Маскву стрымаць яе інтэграцыйныя апетыты? Брайн.

— Лукашэнка, па сутнасці, разглядае свае дачыненні з Пуціным як бізнес. Пуцін плаціць Беларусі за тое, каб мець яе саюзніцай. Але Пуцін бачыць гэтыя дачыненні інакш, ён разглядае іх перадусім у тэрмінах імперыі. Расія не ўспрымае Беларусь як незалежную дзяржаву. І Пуцін хоча любымі сродкамі ператварыць Беларусь у працяг сваёй вайсковай акругі.

І тут нічога не зменіцца, што б ні рабілі Злучаныя Штаты, так што ў гэтым сэнсе я не думаю, што аднаўленне дыпламатычных дачыненняў будзе мець на гэта нейкі ўплыў. Не будзем забываць — Злучаныя Штаты мелі паўнацэнныя дыпламатычныя дачыненні з Украінай — і мы бачылі, што там адбылося.

— А ваша думка, Карл Шрэк?

— Не думаю, што павелічэнне штату амерыканскіх дыпламатаў у Менску і вяртанне амбасадара абавязкова выкліча сярдзітую рэакцыю Масквы. Калі б вы прасілі мяне прадказаць — я думаю, Лукашэнка выявіў сябе ўмелым гульцом, балансуючы паміж Расіяй і Захадам, і таму я б чакаў, што гэтая праблема з часам вырашылася б сама сабою — так як гэта ўдавалася Лукашэнку ў мінулым.

Цікава будзе паглядзець, якая будзе рэакцыя. Бо калі б гэта была стрыманая і спакойная рэакцыя расейскіх дзяржаўных медыя, расійскіх урадаўцаў — гэта было б цікава. Калі б мы пабачылі выбух гневу — гэта можна было б расцаніць як сродак дасягнення нейкіх унутраных мэтаў, нагнятання напружання ў сэнсе, што Расію абкружаюць ворагі, стварэння атмасферы абложанай крэпасці.

Але я думаю, якая б ні была рэакцыя, яна будзе заставацца ў кантэксце беларуска-расійскіх дачыненняў — у рамках улюбёнай тактыкі Лукашэнкі балансаваць паміж Захадам і Масквою.