Разуменне Канстытуцыі па-ўкраінску

28 чэрвеня Украіна адзначыла ўжо чатырнаццаты Дзень Канстытуцыі. А напярэдадні ў амбасадзе нашай паўднёвай суседкі адбыўся «круглы стол» з удзелам непасрэдных сведак і ўдзельнікаў тых гістарычных гадзінаў — тагачасных народных дэпутатаў, якія спрычыніліся да лёсавызначальнай для ўкраінскай дзяржавы падзеі.



b4a721cfb62f5d19ec61575114d8a2d1.jpg

28 чэрвеня Украіна адзначыла ўжо чатырнаццаты Дзень Канстытуцыі. А напярэдадні ў амбасадзе нашай паўднёвай суседкі адбыўся «круглы стол» з удзелам непасрэдных сведак і ўдзельнікаў тых гістарычных гадзінаў — тагачасных народных дэпутатаў, якія спрычыніліся да лёсавызначальнай для ўкраінскай дзяржавы падзеі. Так атрымалася, што адным з аўтараў актуальнага Асноўнага закона Украіны з’яўляецца цяперашні амбасадар гэтай дзяржавы ў Беларусі Раман Бяссмертны, які запрасіў на сустрэчу яшчэ аднаго з аўтараў Канстытуцыі Украіны Віктара Мусіяку — тагачаснага дэпутата Рады.
На пачатку імпрэзы прысутным, сярод якіх былі прадстаўнікі ўкраінскай дыяспары ў Беларусі, дыпламатычных місій іншых дзяржаваў, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, сябры беларускіх грамадскіх аб’яднанняў і журналісты, прадэманстравалі дакументальныя здымкі раніцы 28 чэрвеня 1996 года, калі ў 9.20 дэпутаты большасцю галасоў, з немаведама якой спробы, усё ж прынялі Канстытуцыю Украіны.
Працэдура прыняцця Асноўнага закону доўжылася амаль суткі, таму на гістарычных кадрах добра відаць, як многія з дэпутатаў украінскага парламента не маглі стрымаць слёз, калі ўсё ж удалося набраць неабходныя для прыняцця Канстытуцыі 302 галасы народных абраннікаў.
«Ёсць рэчы, пра якія нельга ўзгадваць без слёз. Асабліва калі ўглядаешся ў гэтыя гістарычныя кадры. Вось дэпутат Міхаіл Сірата, які ачольваў нашу канстытуцыйную камісію, ён прастаяў на трыбуне васемнаццаць гадзін, дакладваючы тэкст Канстытуцыі. Яго, на жаль, сёння няма з намі, ён трагічна загінуў два гады таму. Але вы бачыце слёзы на яго вачах на гэтых кадрах пасля прыняцця Асноўнага закону, а я не магу стрымаць слёз, калі бачу гэту стужку», — кажа Віктар Мусіяка.

Віктар Мусіяка


У чым была складанасць прыняцця Асноўнага закона? Прэзідэнцкая (Леаніда Кучмы) адміністрацыя рыхтавала свой праект Асноўнага закона. Гэты «прэзідэнцкі» праект, які прадугледжваў яшчэ больш неабмежаваныя магчымасці кіраўніка дзяржавы, меркавалася вынесці на рэферэндум. Урад, як распавёў Віктар Мусіяка, падпарадкоўваўся кіраўніку дзяржавы, і ў адзін з самых вырашальных момантаў была здзейснена спроба зрабіць усё, каб парламент не змог прыняць Канстытуцыю.
«Выступаў Міхаіл Сірата, калі паступіла каманда, каб усе ўрадаўцы, якія адначасова былі дэпутатамі парламента, у дзве гадзіны ночы паехалі на выязное паседжанне ўраду! У іншы горад. А кожны голас — на ўліку. Трэба было сама мала 300 галасоў, каб прыняць Канстытуцыю, а набіралася 299… Яшчэ адзін момант, даволі трагічны. 178 галасоў — гэта былі прадстаўнікі «левых сілаў» — камуністы, сацыялісты ды сяляне. Без іх немагчыма прыняць Канстытуцыю», — распавядае Віктар Мусіяка.
Апроч таго, былі моманты, калі прысутныя на парламенцкай сесіі прадстаўнікі нацыяналістычных сілаў, таго ж Народнага Руху, па нейкіх сваіх разуменнях папросту не жадалі рэгістравацца.
Паводле словаў Віктара Мусіякі, даводзілася пераконваць кожнага з гэтых народных абраннікаў, тлумачыць, чаму менавіта зараз і менавіта парламентам трэба прыняць Асноўны закон.
Дэбаты вяліся па кожнай фармулёўцы, па кожнаму артыкулу Канстытуцыі. Але, чаго не чакалі нават аўтары, найбагацей часу заняло абмеркаванне прэамбулы. Як адзначыў Віктар Мусіяка, аўтарам праекту ўдалося адстаяць фармулёўку «ўкраінскі народ», а не «народ Украіны», што замацоўвала нацыянальнае азначэнне дзяржаўнага ўтварэння пад назвай «Україна». «Мы ўжо менавіта тут закладвалі паняцце ўкраінскай нацыі, палітычнай нацыі, таму што «ўкраінскі народ» — гэта грамадзяне ўсіх нацыянальнасцей. І гэтым актам мы павінны былі аб’яднаць увесь народ, які пражывае на тэрыторыі Украіны… Дарэчы, аўтарам такой фармулёўкі быў прадстаўнік румынскай нацыянальнасці Іан Папэску», — адзначыў спадар Мусіяка.

Раман Бяссмертны


Былі і іншыя моманты, напрыклад, менавіта частка «левых» вельмі негатыўна ставілася да прысутнасці ў прэамбуле Асноўнага закона слова «Бог», вялікія дыскусіі выклікалі вызначэнні формаў уласнасці і гэтак далей. Зашмат гадзін дыскусій, спрэчак, галасаванняў…
І вось апошняя спроба — у 9.20. Табло высвечвае — «за» — 302 галасы. Секундная цішыня. Потым грымнулі апладысменты, воклічы і… слёзы. Ад стомленасці і радасці. Ад адчування перамогі. Ад усведамлення таго, як потым казалі кіраўнікі парламента, што «Украіна адбылася як дзяржава». Дарэчы, прэзідэнт Леанід Кучма, які меў уласны сцэнар прыняцця Асноўнага закона, выглядаў крыху ашаломленым, але папрасіў прабачэння за тое, што «неналежным чынам стымуляваў прыняцце Канстытуцыі», і прызнаўся, што не верыў у здольнасць парламента прыняць гэты лёсавызначальны дакумент…
Прайшло чатырнаццаць гадоў, але спробы змяніць Асноўны закон ва Украіне не спыняюцца. Вось і новы прэзідэнт Віктар Януковіч адназначна выступае за ўнясенне зменаў у Канстытуцыю, якія б далі яму больш улады. «Кожны прэзідэнт, які атрымлівае ўладу, мяркуе, што ў яго замала паўнамоцтваў. І гэта вельмі небяспечна, калі палітык спрабуе пад сябе змяніць Канстытуцыю, якая б яна недасканалая ні была, — адзначыў Віктар Мусіяка. — Усё ж спадзяюся, што да гэтага справа не дойдзе».
Украінец мае рацыю, калі выказвае занепакоенасць магчымымі зменамі ў Асноўны закон, ініцыяванымі канкрэтным кіраўніком дзяржавы. Беларускі досвед — добрае абгрунтаванне такой занепакоенасці.