Савет па правах чалавека ААН зноў працягнуў мандат спецдакладчыка па Беларусі

12 ліпеня на 41-й сесіі Савета па правах чалавека ААН адбылося галасаванне па рэзалюцыі "Становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі".

specdakl.jpg


Сярод пытанняў, якія абмяркоўваюцца, у Палажэнні стаяла пастанова аб працягненні мандата спецыяльнага дакладчыка па Беларусі, а таксама заклік да ўраду Беларусі ў поўнай меры супрацоўнічаць з мандатам, у тым ліку шляхам прадастаўлення Анаіс Марэн магчымасці наведаць краіну і свабодна сустрэцца з адпаведнымі зацікаўленымі бакамі, уключаючы грамадзянскую супольнасць, у яе афіцыйнай якасці.
Рэзалюцыя па Беларусі прынятая на год з наступнымі вынікамі галасавання: "за" - 20 краінаў-сябраў Савета, "супраць" - 6, "устрымаліся" - 21. Яна ўключае 15 пунктаў.
Нагадаем, 2 ліпеня спецдакладчык па Беларусі Анаіс Марэн прадставіла свой першы даклад па сітуацыі з правамі чалавека ў краіне.
“Занадта шмат пытанняў, якія я адзначыла ў сваім дакладзе, па-ранейшаму прымушаюць прыцягваць Беларусь да адказнасці, занадта шмат ранейшых пытанняў, якія я паўтараю ў сваім дакладзе, ігнаруюцца занадта доўга, занадта шмат людзей па-ранейшаму пакутуюць ад таго, што ўрад не надае правам чалавека той важнасці, якую яны заслугоўваюць”, — сказала Анаіс Марэн падчас свайго выступу (глядзець відэа).
Мандат спецыяльнага дакладчыка па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі быў заснаваны Саветам па правах чалавека ў сувязі з хваляй масавых арыштаў і рэпрэсіўнымі дзеяннямі, распачатымі праваахоўнымі органамі ў адказ на падзеі, якія адбыліся ў краіне пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Спецыяльны дакладчык прыступіў да выканання сваіх абавязкаў 1 лістапада 2012 года.
Афіцыйны Мінск мандат спецдакладчыка не прызнае і заклікае Савет ААН па правах чалавека скасаваць яго, паказваючы на ​​яго «несправядлівы і палітызаваны характар». Аднак СПЧ ААН кожны год падаўжае мандат спецдакладчыка па Беларусі.
Паводле spring96.org