Сівіцкі: Выбары да канца 2021 года без удзелу Лукашэнкі альбо «малдоўскі варыянт»
Візіт сакратара Савета бяспекі РФ Мікалая Патрушава ў Мінск і яго перамовы з Лукашэнкам абумоўленыя падрыхтоўкай новай сустрэчы паміж Лукашэнкам і Пуціным, лічыць Дырэктар Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў Арсеній Сівіцкі
Нагадаем, 29 чэрвеня ў Мінску Лукашэнка сустрэўся з Патрушавым. Афіцыйна апошні прыляцеў для кансультацый на ўзроўні Саўбезаў. Лукашэнка пазначыў тэмы размовы, сярод якіх назваў ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва, а таксама «некаторыя пытанні, якія не падлягаюць публічнай агалосцы».
«Па сваім змесце і цяперашнія перамовы з Патрушавым, і сустрэча з Пуціным, якая рыхтуецца, практычна ідэнтычныя тым, якія праходзілі ў жніўні-верасні 2020 года і прывялі да спробаў прасоўвання Крамлём ўласнага сцэнару развязання беларускага палітычнага крызісу ў выглядзе “сочынскіх дамоўленасцяў”», — цытуе Сівіцкага Беларускі партызан.
Пасля атрымання карт-бланшу ад Вашынгтона па выніках амерыкана-расійскага саміту ў Жэневе на рэалізацыю гэтага сцэнару Крэмль мае намер запатрабаваць выканання «сочынскіх пагадненняў» з новай сілай, маючы цяпер падтрымку свайго сцэнару з боку Захаду па формуле развязання малдоўскага крызісу 2019 года, лічыць эксперт.
«Сочынскія дамоўленасці» ў новай рэдакцыі цяпер прадугледжваюць вызваленне палітычных зняволеных (уключаючы Віктара Бабарыку і чальцоў яго каманды і інш.), запуск шырокага інклюзіўнага дыялогу паміж уладамі і апазіцыяй, арганізацыю новых прэзідэнцкіх выбараў да канца 2021 года без удзелу Лукашэнкі з адначасовым правядзеннем канстытуцыйнай рэформы з пераходам Беларусі ад суперпрэзідэнцкай да парламенцка-прэзідэнцкай формы праўлення наўзамен на персанальныя гарантыі і палітычны прытулак у Расіі.
Мінск вычарпаў рэсурс фінансавай падтрымкі, абумоўлены выкананнем «сочынскіх дамоўленасцяў» рэдакцыі 2020 года, таму Масква і надалей мае намер рабіць больш жорсткім эканамічны ціск пад рознымі нібыта непалітызаванымі падставамі на Мінск, сінхранізуючы яго з санкцыйным прэсінгам з боку Захаду ў кантэксце новых сектаральных абмежаванняў.
У гэтым кантэксце дэдлайнам для Крамля па рашэнні беларускага пытання выступае канец 2021 года, бо дзеянне чацвёртага і наступных пакетаў сектаральных абмежаванняў з боку заходніх краін паўнавартасна пачынаецца з пачатку 2022 года, што пагражае Беларусі поўнай эканамічнай блакадай і ультратаксічнасцю.
Чакаецца, што новая сустрэча Пуціна і Лукашэнкі адбудзецца ў другой палове ліпеня — пачатку жніўня. На ёй будзе агучаны «вердыкт», вынесены па выніках амерыкана-расійскага саміту ў Жэневе. Папярэдне яго павінен агучыць Патрушаў, які рыхтаваў як сам саміт, так і яго змястоўную павестку, а раней — стаяў ля вытокаў падрыхтоўкі «сочынскіх дамоўленасцяў».
Адмова Пуціна сустракацца з Лукашэнкам раней другой паловы ліпеня, выкарыстоўваючы ў якасці падстаў для асабістай сустрэчы цырымонію ўскладання вянкоў у Брэсцкай крэпасці з нагоды 80-годдзя з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны (22 чэрвеня) і расійска-беларускі Форум рэгіёнаў (29 чэрвеня — 1 ліпеня ў Маскве) звязаная з тым, што Крэмль, у прыватнасці намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта РФ Дзмітрый Козак (куратар постсавецкай прасторы) і Савет бяспекі РФ, на працягу бліжэйшых тыдняў павінны аперанацыялізаваць дамоўленасці паміж Масквой і Вашынгтонам па «беларускім пытанні», лічыць палітолаг.