Сяргей Навумчык: Спецслужбы ў Беларусі адыгрываюць большую ролю, чым урад
Напачатку 1990-х Беларусь па шмат якіх эканамічных паказчыках апярэджвала суседзяў. Але быў адзін паказчык, па якім мы адставалі: узровень нацыянальнай свядомасці. Прайшло 20 гадоў, і гэты паказчык аказаўся галоўным.
Бел-чырвона-белы сцяг, «Пагоня» і Ленін ля Дома ўраду. Фота з адкрытых крыніц
Журналіст, былы дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі ХІІ склікання Сяргей Навумчык, выступіў у сталічнай «Арт Сядзібе» з расповедам пра тое, як Беларусь здабывала незалежнасць, і прэзентаваў сваю кнігу «Дзевяноста трэці».
Хоць меркавалася, што на лекцыю завітае пераважна моладзь, ледзь не большасць аўдыторыі «Арт Сядзібы» склалі людзі, якія добра памятаюць 1990-ыя. Таму ім была цалкам зразумелай ілюстрацыя, якую Сяргей Навумчык абраў фонам для свайго выступу: здымак Дома ўраду з гербам «Пагоня», бел-чырвона-белым сцягам і… помнікам Леніну. «Гэта сімвал сітуацыі, у якой апынулася Беларусь да 1993 года», – патлумачыў выступоўца. «Новы Час» сабраў самыя цікавыя цытаты з аповеду пражскага беларуса.
Вінаваты не народ, а эліта
Я не згодны, што беларусы – рабскі народ. Народ, які выходзіць сёння да Курапатаў, 25 – 30 год таму выходзіў па 50 тысяч чалавек на Чарнобыльскі шлях. Гэта той жа самы народ, таму праблема не ў ім.
Калі мы ў чэрвені 1990 года вылучылі праект Дэкларацыі аб суверэнітэце, да гэтай прапановы паставіліся як да нечага нерэальнага. У той час ужо тры месяцы як у суседняй Літве прынялі Акт аб незалежнасці і выйшлі са складу СССР. І тут палягала асноўная розніца паміж тым, што было ў Беларусі і Літве, Эстоніі і нават Украіне: калі прадстаўнікі наменклатуры гэтых краін збіраліся паміж сабой, яны размаўлялі на нацыянальных мовах. Беларусы гаварылі паміж сабой па-руску.
Цяпер мы маем усе прыкметы незалежнай краіны. Але цяпер, фактычна, няма сіл супрацьстаяць анэксіі, бо апошнія 20 гадоў у той ці іншай ступені нам насаджаўся «рускі мір».
Напачатку 1990-х Беларусь па шмат якіх эканамічных паказчыках апярэджвала суседзяў. Але сам беларускі народ з гэтага нічога не меў. Усё аддавалася ў Маскву і Ленінград. У нас была добрая навукаёмістая вытворчасць, цудоўнае геапалітычнае становішча, вельмі высокаадукаваная рабочая праслойка інжынерыі, даволі добры ўзровень жыцця, развіты аграсектар. Але быў адзін паказчык, па якім мы адставалі: узровень нацыянальнай свядомасці. Прайшло 20 гадоў, і гэты паказчык аказаўся галоўным. Таму нельга казаць, што праблема ў народзе. 200 гадоў знаходжання пад расійскай акупацыяй нельга выкрасліць з ментальнасці і ставіць у віну народу. А вось эліта вінаватая.
У 1993 годзе 80% першакласнікаў пайшлі ў беларускія школы, хаця вучыліся па рускамоўных падручніках. Сёння – вялізная праблема стварыць у 2-мільённай сталіцы незалежнай Беларусі беларускамоўную групу ў дзіцячым садку.
Недамоваздольны Шушкевіч
З Кебічам можна было мець справу, а вось з Шушкевічам ніводнай праблемы вырашыць было немагчыма. Аднак атачэнне Кебіча было адскім. Змяніць гэтую сітуацыю можна было, толькі змяніўшы ўладу. І мы ў 1991 годзе пасля здыбыцця незалежнасці прапанавалі правесці выбары. Мы сабралі паўмільёны подпісаў за рэферэндум і пайшлі да Шушкевіча, які сказаў «не». Але да кастрычніка 1992 года людзям стала не да палітыкі, бо эканоміка развальвалася. Мы змаглі вывесці пад сцены Дома ўраду толькі каля 5 – 6 тысяч чалавек. Шушкевіч зрабіў усё, каб рэферэндум быў правалены. І Вярхоўны Савет з партыйных генералаў у 1994 годзе прыняў Канстытуцыю з прэзідэнцтвам. Мы выступалі супраць прэзідэнцтва, бо разумелі, што будзе абраны «не наш» чалавек. 4 чэрвеня 1993 года была створана антыкарупцыйная камісія, і Станіслаў Станіслававіч сказаў, што вельмі хоча вылучыць на пасаду яе старшыні Лукашэнку. Хаця па рэгламенце ён не павінен быў так рабіць. Як я цяпер разумею, пытанне з прэзідэнцтвам было вырашана ўжо тады.
У жніўні 1993 года на з’ездзе народаў СССР Лукашэнка сказаў, што гатовы на каленях паўзці ў Расію. У адказ Васіль Быкаў надрукаваў артыкул, у якім пісаў, што дзеля ўлады некаторыя аб’яднаюцца нават з д’яблам. Мы праз два тыдні запатрабавалі пазбавіць Лукашэнкку дэпутацкіх паўнамоцтваў, але Шушкевіч нават не паставіў гэта на галасаванне.
Я вельмі паважаю Станіслава Шушкевіча як чалавека. Так, у яго былі добрыя адносіны з Лукашэнкам, але я адрынаю версію, што ён быў завербаваны КДБ. Станіслаў Станіслававіч – чалавек імпульсу. Ён не змог пралічыць, што будзе, калі паставіць такога чалавека на кіруючую пазіцыю. Гэта была спантанная рэакцыя.
Каб пазбегнуць анэксіі, павінны быць пратэсты ў грамадстве
На сітуацыю (у якой апынулася Беларусь – НЧ), спрацавала нізкая нацыянальная свядомасць насельніцтва і адсутнасць салідарнасці ды неўсведамленне нацыянальных каштоўнасцей нашай нацыянальнай элітай. Многія дэпутаты глядзелі на дэпутацтва як на спосаб азалаціцца. Хаця былі і выключэнні.
Пуцін можа «абламаць сабе зубы» тым, што проста не «пераварыць» гэтую (беларускую. – НЧ) тэрыторыю. Паглядзіце, што адбываецца з Крымам: недабудаваныя дарогі, усё развальваецца. Паводле «Левада-цэнтру», рэйтынг Пуціна ўпаў больш, чым на чвэрць. Але, каб пазбегнуць анэксіі, павінны быць пратэсты супраць яе ў грамадстве.
Я думаю, у цяперашнім урадзе ёсць дзяржаўнікі. Такія людзі ёсць, але яны не адыгрываюць вялікай ролі. Існуюць розныя версіі: што ўсім кіруе Масква, альбо што Лукашэнка сам прымае нейкія рашэнні. Я думаю, што ў большай ступені Лукашэнка вызначае ўсё сам, але, безумоўна, абапіраецца на кансультацыі спецслужбаў, і яны адыгрываюць большую ролю, чым урад. Гэта савецкая мадэль, яна вельмі небяспечная: калі нешта адбываецца з кіраўніком дзяржавы, у гэтым выпадку сітуацыя можа быць абсалютна непрагназаванай.