Партыя БНФ абвясціла святочную праграму да свайго юбілею

19 кастрычніка спаўняецца трыццаць гадоў ад моманту ўтварэння аргкамітэту Беларускага Народнага Фронту. З гэтай нагоды Партыяй БНФ запланаваны шэраг юбілейных імпрэзаў.

30_hadou_bnf_adradzenne.jpg

Аргкамітэт Беларускага Народнага Фронту за перабудову «Адраджэньне» быў створаны 19 кастрычніка 1988 года ў мінскім Касцёле Сымона і Алены (Чырвоны Касцёл) – тады там месціўся Дом Кіно. Устаноўчы з'езд БНФ адбыўся ў Вільні 24-25 чэрвеня 1989 года.
Сёлета да адзначэння памятнай даты Партыяй БНФ быў зацверджаны афіцыйны лагатып святкавання.
Напярэдадні  юбілею ў штаб-кватэры БНФ (Мінск, вул. Чарнышэўскага, 3) пачала працу выстава мастакоў мастацкай суполкі “Пагоня” – экспазіцыя даступная для наведвання да 18 кастрычніка ў працоўныя гадзіны сядзібы (ад 13.00 да 19.00).
Прэзентацыя новай кнігі Сяргея Навумчыка “Дзевяноста трэці” з удзелам аўтара адбудзецца ў сядзібе БНФ 17 кастрычніка а 18.30 — гэта 69-ы том «Бібліятэкі Свабоды» і пятая кніга хронікі новай беларускай дзяржаўнасці канца ХХ стагоддзя.
У дзень юбілейнай даты 19 кастрычніка чакаецца палітычная адозва старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва “30 гадоў БНФ: нашая місія працягваецца”
19 кастрычніка а 13.00 у сядзібе БНФ адбудзецца адкрыццё выставы памятных рэчаў, перадвыбарчых плакатаў, налёпак, улётак ды іншых друкаваных матэрыялаў датычных гісторыі БНФ з прыватных архіваў фронтаўцаў. Экспанаты выставы адлюстроўваюць этапы заснавання Беларускага Народнага Фронту ў 1988 годзе, выбарчыя ды палітычныя кампаніі, запрашэнні на шэсці і дэманстрацыі, якія адыгралі вызначальную ролю ў гісторыі Беларусі, а таксама першыя нумары “Навінаў БНФ” ды іншыя ўнікальныя матэрыялы.
Юбілейнае пасяджэнне Сойму Партыі БНФ і Грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэньне” прызначанае на 27 кастрычніка (пачатак аб 11-й гадзіне).
Паводле прэс-рэліза