Сяргей Кізіма: «У Беларусі няма праблемы палітзняволеных і правоў чалавека»

28 лістапада ў Вільні пачаўся трэці саміт «Усходняга Партнёрства» Еўрасаюзу.



samit.jpg

Першая сустрэча прэзідэнтаў адбылася ў нядаўна адноўленым палацы Вялікага князя ў Вільні. Асноўныя перамовы прэзідэнтаў чакаюцца сёння, 29 лістапада. Беларусь на іх будзе прадстаўляць Міністар замежных спраў Уладзімір Макей.

Учора ў Вільні прайшоў Форум грамадзянскага партнёрства Еўрасаюзу і іншыя сустрэчы палітыкаў ды грамадзкіх лідэраў рэгіёну «Усходняга партнёрства».
Горад выглядае вельмі па-святочнаму: усюды сьцягі ЕС, з'явілася ўжо ялінка на плошчы ля Катэдральнага касцёла. Адну вуліцу там перакрылі, ёсць паліцыя, але не зашмат. Не параўнаць з тым, як было нядаўна ў Мінску, калі праводзіўся саміт СНД.
Дарэчы, новага палаца да саміту тут не будавалі. Учора сабралі прэзідэнтаў у адноўленым Вялікакняскім палацы — гэта тое, чым літоўцы па-праве ганарацца.
А сёння ўсе асноўныя мерапрыемствы саміту пройдуць у выставачным цэнтры «Літэкспа». У саміце і падзеях, якія яго суправаджаюць, бяруць удзел і прадстаўнікі беларускіх уладаў.
Міністар эканомікі Мікалай Снапкоў учора удзельнічаў у эканамічнай канферэнцыі ў рамках «Усходняга партнёрства». Ён выступіў з прамовай наконт таго, што менавіта бізнэс-вымярэнне павінна быць фундаментам «Усходняга партнёрства», а не выкананне правіл і нормаў паводзін, якія ёсьць у Еўрасаюзе. Але ад каментароў журналістам, што канкрэтна ён меў на ўвазе, Мікалай Снапкоў адмовіўся.
Ніякіх заяваў з боку міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея, які ўзначальвае афіцыйную дэлегацыю Беларусі, пакуль не было.
Нечакана для многіх у круглым стале экспэртаў «Беларусь і ЕС: Ці ёсць шанцы выйсці з замкнёнага кола?» выступіў афіцыйны беларускі палітолаг Сяргей Кізіма, загадчык катэдры міжнародных адносін Акадэміі кіравання пры прэзідэнце.

Сяргей Кізіма заявіў, што ў Беларусі «няма праблемы правоў чалавека і палітычных вязьняў, а ёсць праблема дыскрымінацыі Рэспублікі Беларусь, таму што Брусэль і Вашынгтон увялі супраць Беларусі эканамічныя санкцыі за яе прарасійскую палітычную арыентацыю».


Апрача іншага Сяргей Кізіма заявіў, што ў Беларусі шмат пазытыву, які не бачаць на Захадзе:

«У Нью-Ёрку 20 працэнтаў дзяцей не маюць рэгулярнага харчавання. Беларусь жа знаходзіцца сярод 5–10 краін у свеце, дзе дзеці найлепш забяспечаныя харчаваннем».


А на сустрэчы кіраўнікоў камітэтаў па міжнародных справах парламэнтаў 28 краін Еўрасаюзу і пяці «Усходняга партнёрства» Беларусь прадстаўлялі не дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, а апазіцыйныя палітыкі.
Адзін з сябраў гэтай дэлегацыі Анатоль Лябедзька паведаміў Свабодзе, што ў Вільні прадстаўнікам палітычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці ўдалося данесці да еўрапейскіх палітыкаў супольнае беларускае пасланне: «Вызваленне і рэабілітацыя палітвязьняў і свабодныя выбары».

Анатоль Лябедзька кажа, што апазіцыя робіць усё, каб Беларусь была на саміце не ў раздзеле «рознае», а ў асноўным парадку дня. Хаця апазіцыйныя палітыкі прызнаюць, што «беларускае пытанне вырашаецца не ў Вільні, не ў Брусэлі і не ў Вашынгтоне, яно вырашаецца ў Мінску».


Тым не менш словы ў падтрымку беларускіх палітвязьняў у Вільні пачулі.
Віцэ-спікер Сойму Літвы Пятрас Аўштравічус учора асабіста падпісаў паштоўку беларускаму палітвязьню Алесю Бяляцкаму:
«Я адчуваю долю сваёй віны. Тое, што адбылося ў Вільні, калі гэтая інфармацыя была перададзеная беларускім органам, якія выкарысталі яе як палітычны аргумент супраць Алеся. Я ведаю, як яму там нялёгка».
Кантакты з грамадзянскай супольнасцю постсавецкіх краін павінны стаць найважнейшым прыярытэтам праграмы УП Еўрасаюзу, перакананы Віціс Юрконіс, кіраўнік праектаў Freedom House, палітолаг з Віленскага ўнівэрсітэту:

«Вельмі перабольшылі спадзевы наконт Украіны. Але не трэба казаць, што раз яна не падпісвае пагадненне, то ўжо і канец праграмы „Усходняе партнёрства“. Гэта толькі-толькі пачатак. І той жа Еўрамайдан, які зараз там адбываецца, сведчыць, што людзі разумеюць — іхная будучыня ў Еўрасаюзе».


У рамках саміту прадстаўлены і надзвычай цікавы кірмаш беларускіх ідэй і праектаў «ВўROOM». Тут увесь час нешта адбываецца: прэзентацыі праектаў беларускіх грамадзкіх арганізацый і партыяў, круглыя сталы, прыходзяць палітыкі, журналісты з розных краін. Шмат дыскусій у кулюарах.

Ганна Герасімава, адна з арганізатарак праекту: «Гэта вельмі незвычайная форма і арыгінальная ідэя. Мы можам паказаць насамрэч, што ў нас не толькі дыктатура. Не дыктатарам адзіным жывая Беларусь. І „ВўROOM“ добра адлюстроўвае, што адбываецца ў розных частках грамадзянскай супольнасці».


Кірмаш беларускіх ідэй і праектаў «ВўROOM» працягнецца сёння, як і сустрэчы прэзідэнтаў і палітыкаў. Прэзідэнты зьбяруцца а 9-й па віленскім часе, тады ж адбудзецца пленарная сэсія саміту, падпісанне дакументаў і прэсавая канферэнцыя.
Да абеду афіцыйная частка саміту для прэзідэнтаў павінна скончыцца, а грамадзянская супольнасць прадоўжыць сваю праграму.

svaboda.org