«Такіх, як мы, называюць «змагарамі», «грантасосамі», «пятай калонай»
Падчас канцэрта ў Вільні лідар групы «Ляпіс Трубяцкой» Сяргей Міхалок узгадаў падзеі ва Украіне. Музыка разышоўся палымянай прамовай і нават не ўтрымаўся ад мацюкоў:
«Я б хацеў сказаць, што, на вялікі жаль, мы пяём не фантастычныя песні. Усё, пра што мы пяём – мы бачым, чуем. І гэта адбываецца тут і цяпер.
«Гангрэна» пачала распаўзацца і прарасла ў нашай роднай Беларусі. Потым з’явіліся цёмныя чорныя плямы ў Расіі, Казахстане і на ўсёй тэрыторыі былога Савецкага Cаюза. Вы бачыце, што адбываецца… [на экране — кадры з разгону кіеўскага Еўрамайдана — НН].
Такіх, як мы, такіх, як вы, называюць «змагарамі», «вашывай інтэлігэнцыяй», «грантасосамі», «пятай калонай». Узгадваюць ЦРУ, амерыканскую выведку. Тут усе людзі разумеюць, пра што мы кажам.
Яны хлусяць [замест гэтага слова ўжыты мат — НН] і нават не чырванеюць. Але калі б яны толькі казалі… Гэтыя сволачы дзейнічаюць. Яны паказваюць сваю грубую і цалкам бяздумную моц.
Гледзячы на такія канцэрты, няхай яны ведаюць, што мы не нейкія маргіналы.
Мы такія ж людзі, мы такія ж нармальныя, простыя юнакі і дзяўчаты, якія хочуць жыць у сваіх незалежных еўрапейскіх краінах.
Мы інтэрнацыяналісты. Мы любім усіх людзей.
Але мы хочам жыць у сваёй маленькай незалежнай краіне. І каб нам ніхто не ўказваў, што нам рабіць, як нам гаварыць, як нам апранацца, які ў нас павінен быць сцяг, гімн і куды траціць нашы грошы».
«Наша Ніва», фота TUT.BY