«Сёння чалавек набіваецца ў «соотечественники», а заўтра лыжачкі з хаты прападаюць»
Папулярны публіцыстычны тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» ўпершыню апублікаваў допіс на беларускай мове. Зразумела, зроблена гэта не проста так. Аўтар не жадае быць «суайчыннікам» дэпутатаў расійскай Дзярждумы.
Бачыш ты, што нарабілася? Расійская Дзярждума збіраецца прыняць закон, каб лічыць суайчыннікам кожнага хто крышачку можа нешта сказаць па-расійску. І пры тым, як я сабе разумею, згоды асобы, якой не пашанцавала ведаць тое-сёе з расійскай мовы, ніхто не збіраецца пытацца.
Яно, канешне, і лагічна. Бо калі кожнага пытацца, ці хоча ён быць суайчыннікам з дэпутатамі расійскай Дзярждумы, то дзе ты тых суайчыннікаў набярэшся? Нават тыя суайчыннікі, што былі, і то разбягуцца. Так і скажуць: «Ваши соотечественники в тамбовских лесах на луну воют».
Але нам з табою, канешне, няма чаго пералякацца. Мы ж той расійскай мовы не ведаем і ніколі не ведалі. Вось і гэты ліст таму доказ. Скуль нам с табою яе ведаць? А ў мяне наогул няма ўжо шанцаў вывучыць. Нават і не ўгаворвай. Кагнітыўная здольнасці ў мяне, у маім сталым узросце, ужо не тыя, каб разумець расійскага дэпутата Затуліна.
А калі хто да цябе падыйдзе ды спытаецца: «А хочешь быть моим соотечественником», ты кажы: «Моя зовсім не understand гэтую idioma ruso». І адразу пераходзь на другі бок. Бо сёння чалавек набіваецца ў «соотечественники», а заўтра лыжачкі з хаты прападаюць. І добра калі толькі лыжачкі, а не ўся хата разам з імі.
Але ж ёсць тыя, каму не пашанцавала. Хто, можа, расійскую мову ў школе падхапіў, знянацку. Бо быў жа дзіця, кіндар, што з яго ўзяць? А іншы ў студэнцкія гады быў неразборлівы ў лінгвістычных сувязях. Чалавек жа не вінаваты. А цяпер я нават і не ведаю, што гэтым гаротным людзям рабіць. Але нешта рабіць трэба. І лепей не чакаць, пакуль той закон прымуць. Бо закон, з аднаго боку, зваротнай сілы не мае, а з іншага, мы ж ведаем, што калі трэба, то бывае не да законаў.
І вось уяві: растлумачыў чалавек на сваёй ламанай расійскай мове разгубленаму незнаёмцу як прайсці да Karlovo náměstí, а той незнаёмец ужо навастрыўся прыехаць на танку. Тым больш, што маршрут яму вядомы. Дык чаму ж не прыехаць? Пазбавіць новых суайчыннікаў іх «мелких националистических заблуждений».
Але з іншага боку… Ведаеш, што я табе скажу? У свінні, што верашчыць, толькі сала гарчыць.
Нельга ж не заўважыць, што чым больш іх спецыяльная аперацыя ідзе згодна з планам, тым болей з’яўляецца новых ідэй. Бо пакуль гэтая спецыяльная аперацыя прывяла толькі да паспяховай «дедолларизации, десахаризации и частичной депопуляции» (давялося па-расійску, бо ў беларускай мове, дзякуй Богу, такіх слоў няма). І каб усе гэтыя поспехі не былі заўважныя тымі суайчыннікам, што пакуль яшчэ засталіся, трэба кожны дзень даваць ім сэнс жыцця і новыя крыніцы натхнення.