Скрыншоты — моцны доказ?
Сёння ў Мінскім гарадскім судзе адбыўся разгляд апеляцыі Глеба
Рубанава на рашэнне суда Савецкага раёна, які аштрафаў яго на 40 базавых
за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў". Вёў справу суддзя Яўген Хадкевіч.
Нагадаем, 13 траўня Глеб Рубанаў пасля раптоўнага начнога затрымання атрымаў 40 базавых штрафу за ўдзел у флэшмобе #яэкстрэміст. А фактычна — за каментар са спасылкай на пост Міколы Дзядка аб флэшмобе. Як вядома, пры публікацыі спасылкі ў каментарах у Фэйсбуку да яе "падцягваецца" прэвью-карцінка. Менавіта за яе — фота Міколы Дзядка ў прэвью, і судзілі Глеба ў траўні.
Напачатку паседжання IT-кансультант яшчэ раз выклаў палажэнні сваёй касацыйнай скаргі:
- Суд пацвердзіў законнасць прыцягнення да адказнасці без фармальных і непасрэдных доказаў віны, на здагадках. А менавіта, пратакол не ўтрымлівае інфармацыі аб прадмеце правапарушэння — дзеянняў асобы, якія б былі накіраваныя на азнаямленне невызначанага кола асоб з "экстрэмісцкай" інфармацыяй, не ўтрымлівае ніякіх доказаў таго, што старонка належыць Глебу Рубанаву, і не ўтрымлівае ніякіх сведчанняў аб месцы і часу ажыццяўлення такіх дзеянняў.
- Сам пратакол мае выразныя прыкметы падробкі. Усё абвінавачанне будуецца на скрыншотах вышэй згаданага каментара, дзе да спасылкі падцягнулася прэвью. Аднак каментар, як вынікае са скрыншоту, быў запошчаны 05.03.2019, а пад ім знаходзіцца фэйсбучная паметка "9 нед", што значыць, што агляд гэтай старонкі і стварэнне пратакола адбылося праз 9 тыдняў пасля "правапарушэння". То-бок, у траўні 2019, а не 14.03.2019 — як сцвярджаецца ў самім пратаколе.
Як адзначае Глеб Рубанаў, нават гэтая "крымінальная" прэвью-карцінка да спасылкі ў многіх карыстальнікаў не адлюстроўваецца, калі праглядаць пост са смартфону альбо лэптопу. Ці не была яна пазней дададзеная ў фоташопе тымі, хто складаў пратакол?
У паседжанні суддзя запытаўся абвінавачанага: як ён патлумачыць адзін са здымкаў (Міколы Дзядка з плакатам) у пратаколе, які нібыта не з'яўляецца часткай пратаколу, а прысутнічае ў справе асобна? На што Рубанаў адказаў, што не бачыў гэтага здымку нідзе, акрамя як у пратаколе.
Тым не менш Яўген Хадкевіч прыняў тыповае для беларускай судовай сістэмы рашэнне: пастанову пакінуць у законнай сіле, скаргу адхіліць.
Глеб Рубанаў падзяліўся з НЧ уражаннямі ад гэтага працэсу:
— Чым гэты працэс адрозніваўся ад тысяч аналагічных судовых працэсаў "пад капірку" ў Беларусі?
— Цяжка рабіць глабальныя высновы. Адзінае, што магу заўважыць, што звычайна па справах за "інтэрнэт-экстрэмізм" пад вартай не трымаюць. Тут яшчэ было адрозненні ў тым, што я спрабаваў звярнуць увагу на фундаментальную непадсуднасць людзей за дзеянні ў меркаваных акаўнтах фэйсбука, бо гэтая сфера не рэгламентаваная беларускім заканадаўствам. У астатнім вельмі падобна на тое, што я чуў пра іншыя палітычныя працэсы. Аргументы выслухоўваюцца, прымаюцца да ведама. прымаецца рашэнне, якое цалкам ім супярэчыць.
— Калі ўсё так бессэнсоўна, чаму тады вырашылі абскарджваць у Мінскім гарадскім судзе?
— Адна справа — ведаць, іншая справа — падмацаваць гэта практыкай. Я, як чалавек тэхнічнай адукацыі, лічу, што любая справа мусіць быць падмацаваная тэхнічнымі доследамі. Асноўным і кантрольным. Асноўны дослед мелі ў судзе першай інстанцыі і кантрольны — у апеляцыйным.
— Далей будзеце абскарджваць?
— Магчыма, калі мае сэнс. Яшчэ дакладна не ведаю.
— Многія звычайныя людзі не актывісты, калі сутыкаюцца з бязмежжам дзяржавы часта баяцца абскарджваць і скардзіцца на дзеянні афіцыйных асобаў, бо баяцца што прыцягнуць да сябе яшчэ болей увагі і будзе "яшчэ горш". Ці баіцеся вы гэтага?
— Баяцца ўвогуле не варта, бо страх — гэта дэструктыўная эмоцыя, разбуральная. Я не думаю, што мне, ці ўвогуле каму, тут ёсць чаго баяцца.