Служба знешняй разведкі Украіны асцерагаецца паглынання Беларусі Расіяй

Служба знешняй разведкі Украіны апублікавала «Белую кнігу» — інфармацыйны бюлетэнь, у якім ацэньваюцца асноўныя знешнія пагрозы Украіны.

5b70028b1fc6a1e3a32b2d030cf5c85c_1.jpg

Асноўнай крыніцай пагроз нацыянальнай бяспецы Украіны называецца Расія. У «Кнізе» таксама згадваецца Беларусь.
Пра Беларусь гаворыцца ў раздзеле «Рэгіянальнае вымярэнне пагроз нацыянальнай бяспекі»:
«Крэмль ніколі не спыняўся ў сваім жаданні пад выглядам "аб'яднання" паглынуць Беларусь. Гэта стварае небяспеку ператварэння яе ў плацдарм для рэалізацыі агрэсіўнай палітыкі Расіі супраць Украіны. Масква, выкарыстоўваючы ўсе магчымасці, імкнецца максімальна аслабіць РБ, застаўшыся для Мінска безальтэрнатыўным партнёрам.
РФ перайшла да вырашальнага этапу рэалізацыі сваіх мэтаў на беларускім напрамку шляхам т.зв. "Стратэгіі прымусу да інтэграцыі". Яна прадугледжвае як рашэнне "праблемы таксічнага А. Лукашэнкі", так і доўгатэрміновага ўтрымання рэспублікі ў арбіце ўплыву РФ праз устойлівую групу некалькіх прарасійскіх палітычных сілаў (партый) у парламенце РБ.
Развіццё падзей па такім сцэнары ўключае ў сябе цэлы шэраг пагроз нацыянальным інтарэсам Украіны, у прыватнасці:

  • змена пазіцыі кіраўніцтва Беларусі ва "ўкраінскім пытанні", поўная салідарызацыя кіраўніцтва Беларусі з расійскай палітыкай у дачыненні да Украіны, у тым ліку прызнанне Мінскам суверэнітэту РФ над Крымам;


  • пераўтварэньне Беларусі ў плацдарм Расіі па дэстабілізацыі Украіны ці правядзення сілавой аперацыі супраць нашай дзяржавы;


  • інтэнсіфікацыя ўзаемадзеяння спецслужбаў РФ і РБ на ўкраінскім напрамку, у тым ліку ў кантэксце правядзення разведвальна-падрыўной дзейнасці».


Акрамя гэтага, украінская разведка лічыць, што Расія правакуе з'яўленне новых «шэрых зон» глабальнай і рэгіянальнай бяспекі ў шэрагу краін, у тым ліку Беларусі, а таксама актыўна імкнецца прыцягнуць Беларусь для трансляцыі меседжа пра Украіну як пра «патэнцыйна мілітарысцкую, фашысцкую дзяржаву» і «крыніцу пагроз бяспекі» для Еўропы.
reform.by