У Расіі гэтак жа няма свабоды слова, як і ў Беларусі.

Гэты ліст даслаў нам на пошту адзін з чытачоў, які назваўся Аляксандрам Прыгожанькім. Мы вырашылі, што тэма вартая абмеркавання.

20200317.post262914.jpg

Чаму беларусам трэба мінімізаваць сваё знаходжанне ў расійскай інфармацыйнай прасторы? Па-першае, паглядзіце на блогераў нашых і расійскіх. У нас большасць сядзіць у турмах за свае погляды, а ў Расіі? Сядзяць нібыта такія «ліберальныя» ў сваіх кватэрах, абмяркоўваючы Пуціна і распавядаючы, што «было б няблага зрабіць яго вечным кіраўніком». У Беларусі падобнае і ўявіць не магу. А калі нешта такое і ўзнікае, то беларусы тут жа абараняюць сваю самапавагу, у выніку чаго такія старонкі атрымліваюць хейт і часта блакуюцца, як гэта было шмат разоў у тым жа Інстаграм.

Па-другое, у Расіі сапраўды гэтак жа няма свабоды слова, як і ў Беларусі. Проста для Крамля галоўным сэнсам існавання з'яўляецца геапалітыка і захоп новых тэрыторый, інакш кажучы знешняя палітыка. Таму вы сёння не пачуеце ад публічных асоб у РФ, што «Пуцін дрэнны, бо ён паводзіць вайну ва Украіне і ў Сірыі» — гэта тэма табу, яна знаходзіцца за ўмоўнай чырвонай лініяй (цэнзурныя рамкі), яе нельга пераступаць ў інфармацыйнай прасторы.

А вось тэма карупцыі, нейкіх выбараў у нейкія Дзярждумы і т.п. дробязі, якія мусіруюцца «апазіцыяй» — гэта калі ласка (дробязі ў адносінах да таго, што яны робяць у знешняй палітыцы). Такім чынам, людзі памылкова пачынаюць успрымаць Расію не як краіну, якая нападае на чужыя тэрыторыі і з'яўляецца злачынцам міжнародным (!), а толькі як звычайную карумпаваную дыктатуру, што ў корані няслушна (прапаганда РФ на гэта і працуе).

І дарэчы, самі жыхары Расіі знешнюю палітыку (войны з Грузіяй, Украінай, Малдовай, у Сірыі) цалкам падтрымліваюць. Спытайце ў іх самі, яны вам усе як адзін скажуць, што «Пуцін у знешняй палітыцы падняў краіну, малайчына, а ўнутраная не такая добрая». І, вядома, мітынгі ў гэтай краіне калі і праходзяць, то толькі па прычынах якой-небудзь карупцыі, але ніяк не па злачынствах міжнародных. У гэтым дзяржаве дапамагае «апазіцыя», адцягваючы ўвагу людзей ад знешняй палітыкі.

Самі беларусы ж павінны разглядаць Расію выключна з пункту гледжання знешняй палітыкі, а не ўнутранай. Якая нам розніца, хто і колькі ў Крамлі скраў, і што за фільм з гэтай нагоды выйшаў? Беларусь для РФ — гэта знешні свет, як і Грузія, Украіна, Малдова, з якімі Расія вядзе вайну пры поўнай падтрымцы насельніцтва ў знешніх справах.