«Спачатку з ружжом, пасля — з цывільнай тэхнікай». Як Лукашэнка збіраецца «заваёўваць» Афрыку

Баевікі ПВК «Вагнер» па-ранейшаму застаюцца ў палявым лагеры пад вёскай Цэль Асіповіцкага раёна. Эксперт Украінскага інстытута будучыні Ігар Тышкевіч патлумачыў, як беларускі рэжым можа выкарыстоўваць наймітаў.

Ілюстрацыйная выява

Ілюстрацыйная выява

Лукашэнка неаднойчы публічна выказваў жаданне выкарыстоўваць «вагнераўцаў» у сваіх мэтах. Паўтарыў тое і пасля смерці заснавальніка ПВК Яўгена Прыгожына:

«”Вагнер” жыў, “Вагнер” жывы і “Вагнер” будзе жыць у Беларусі, як бы камусьці гэта ні не хацелася. Мы яшчэ з Прыгожыным выбудавалі сістэму, як будзе ў нас размяшчацца ПВК Вагнера. І гэтыя здымачкі з космасу, што мы нешта дэмантуем… Чаму мы лішнія намёты прыбіраем — столькі не трэба. Тут застаецца ядро, хтосьці з'ехаў у водпуск, хтосьці наогул вырашыў жыць убаку, але тэлефоны, адрасы, паролі, яўкі ў гэтым ядры вядомыя. Цягам некалькіх дзён усе будуць тут, да 10 тысяч чалавек. Цяпер няма неабходнасці іх тут трымаць. Таму нікуды яны не бягуць. Столькі, колькі нам трэба і гэтаму падраздзяленню, яны будуць у нас жыць і працаваць», — адзначыў Лукашэнка 25 жніўня падчас наведвання БДУ.

Па звестках «Беларускага Гаюна» на 30 верасня, у палявым лагеры заставалася 99 намётаў — 35% ад першапачатковай колькасці. Усяго за верасень дэмантавалі 30 штук. 

На канец верасня ў лагеры знаходзілася каля 1040 адзінак тэхнікі: 800 легкавых аўто (пікапы УАЗ, «буханкі», ГАЗелі, Лады і інш.); 100 грузавікоў (КамАЗы і Уралы); 8 бронеаўтамабіляў Шчука; 11 фур; 20 цягачоў; 10 аўтобусаў ПАЗ. І больш за 80 адзінак будаўнічай тэхнікі (КамАЗы, экскаватары, бульдозеры, аўтакраны і інш.). 

Нейкая колькасць тэхнікі знаходзіцца ў сховішчах (гаражах) былога парка баявых машын ваеннага гарадка ў в.Цэль. Акрамя таго, у лагеры знаходзіцца каля 37 грузавых металічных кантэйнераў. 

Эксперт Украінскага інстытута будучыні Ігар Тышкевічпатлумачыў, як беларускі рэжым можа выкарыстоўваць баевікоў.

У Афрыцы ажывіліся беларускія структуры, якія або спрабуюць перакупіць «вагнераўцаў», або прапануюць свае паслугі. Найперш гаворка ідзе пра прыватную вайсковую кампанія «ГардСэрвіс», якая таксама займаецца наймам «спецыялістаў для працы на тэрыторыі Афрыкі».

— Натуральна, цалкам ці хоць бы істотна замяніць структуры ПВК «Вагнер» не атрымаецца, бо гэтая структура перафарматуецца, у выніку яны знойдуць свайго гаспадара або гаспадароў. Але гаворка ідзе пра пашырэнне геаграфіі і актыўнасці самой Рэспублікі Беларусь на афрыканскім кантыненце. Нездарма ў Мінск са згоды Масквы ездзілі вайсковыя аташэ аж з 14 краінаў Афрыкі, ім шмат распавядалі пра вайсковую тэхніку, пра цывільную тэхніку, акучваюць шэраг афрыканскіх лідараў. Хутчэй за ўсё, беларускі рэжым робіць стаўку найперш у нестабільныя афрыканскія краіны, гэта азначае найперш — уваход са зброяй, а на наступным этапе — з цывільнай тэхнікай. То бок, уваход у поўны цень. Тут, дарэчы, і патрэбныя тыя самыя Аб’яднаныя Арабскія Эміраты: праз нешта трэба цягаць, — лічыць Ігар Тышкевіч.

Глядзіце таксама

Паралельна з «ГардСэрвісам» актывізаваліся беларускія геолагаразведачныя кампаніі, якія працавалі з атачэннем Лукашэнкі, яны збіраюцца набіраць персанал для камандзіровак у Афрыку. 

— У Мінску паглядзелі на бізнес-схему Прыгожына і вырашылі яе максімальна прымяняць. У больш развітых краінах Афрыкі ўжо прысутнічаюць сур’ёзныя геапалітычныя і эканамічныя гульцы, адпаведна, Беларусь у такіх краінах будзе альбо «на падхваце», альбо давядзецца ў краінах нестабільных шукаць рыбку ў мутнай вадзе. 

Вяртаючыся да тэмы «вагнераўцаў» у Беларусі, то значная частка іх, з ядра, з высокакваліфікаваных, будуць працаўладкаваныя і хутчэй за ўсё атрымаюць беларускія пашпарты альбо беларускае грамадзянства. Другая частка «вагнераўцаў» будзе адпраўляцца на нейкія місіі ў якасці наймітаў, астатніх, так званае «мяса», каго набіралі для вайны ва Украіне, з Беларусі будуць паступова выштурхоўваць. Лукашэнка не захоча іх трымаць і будзе ўспрымаць іх як пэўную небяспеку, — мяркуе Ігар Тышкевіч.