Станіслаў Шушкевіч: Кадраў “вышэйшай партыйнай школы” беларускай уладзе хопіць

Лукашэнка прызнаўся, што ў краіне на розных узроўнях склалася праблема ў кадравым пытанні. Чаму таленавітыя кадры не ідуць ва ўладныя структуры? Быць чыноўнікам — выгодна ці небяспечна? 



shushkevich.jpg

Станіслаў Шушкевіч

Аб гэтым распавядае былы старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч распавёў Радыё Рацыя.

Па словах Лукашэнкі, недахопу ў кадрах няма, але трэба своечасова вызначаць кола магчымых прэтэндэнтаў на адказныя пасады. Ці так гэта насамрэч?

— Нічога дзіўнага ў “кадравым голадзе” няма, бо прыстойны чалавек, які адчувае сваю годнасць, не пойдзе на такое прыніжэнне, — кажаСтаніслаў Шушкевіч. —  Каму прыемна, каб табой камандавалі невукі? Таму чалавек больш-менш самастойны і прыстойны лепш паедзе ў замежжа ці пачне займацца бізнесам. Але ва ўладзе ўсё роўна застаецца шмат прымітываў, якія стаяць па стойцы смірна, пакуль ім даюць па вушах. Шмат пенсіянераў, якія не могуць для сябе зарабіць інакш. Гэта старая партыйная наменклатура, якая ўжо даўно прызвычаілася прыніжацца, таму што і раней панаваў камуністычны прынцып “ты — начальнік, я — дурань”.

 А з каго, на ваш погляд, трэба фармаваць уладу?

З тых людзей, якія перш за ўсё паважаюць закон і прынцыпы дзеяння ў адпаведнасці з законам. А ў нас сістэма склалася такая, што галоўнае — падпарадкаванне начальству і выкананне яго любых жаданняў.

Бачна, што пасады чыноўнікаў становяцца небяспечным месцам работы. У любы час могуць адправіць за краты…

— Небяспечнае, але ж і смачнае, бо грошы і прывілеі чыноўнікі атрымоўваюць неблагія. Тут жа не патрабуецца дыплом Гарварда альбо школы Варшаўскага ўніверсітэта. А кадраў “вышэйшай партыйнай школы” беларускай уладзе хопіць. Праўда, эфектыўна працаваць у сваёй большасці яны не ўмеюць, а таму мы і чуем сёння скаргі з боку Лукашэнкі. Але, як кажуць, злавіць і вожыка, і вужыка не атрымаецца. Без лібералізацыі эканомікі развіццё немагчыма. Вы паглядзіце — палякі ў свой час стартавалі ў горшых умовах, чым мы. І параўнайце сёння жыццё ў Польшчы, і ў нас. Колькі б беларускія чыноўнікі не спявалі, што ў нас роўныя кошты і аднолькавы узровень жыцця.

 У Польшчы перамены таксама былі балючымі…

— Так, але Польшча ў адрозненні ад Беларусі — прававая дзяржава. Там ад чалавека на адказнай пасадзе патрабуецца, каб ён не толькі быў эфектыўным кіраўніком, але і каб ішоў у нагу з законам і Канстытуцыяй. А ў нас што адбываецца? Сёння, напрыклад, чалавека адправілі за краты, а заўтра яго прызначаюць дырэктарам прадпрыемства. І той згаджаецца, паслухмяна апускаючы галаву і вочы. Каму ён такім чынам можа паказаць свае прынцыпы? Дзецям ці падначаленым?

 Няўжо ў нас няма ва ўладзе таленавітых ініцыятыўных кадраў?

Безумоўна, ёсць, але іх мала. Пра гэта правільна сказана. І такіх, як мне падаецца, становіцца ўсё менш і менш. Добрыя менеджэры ўсюды знойдуць сабе працу.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя