Статкевіч: спыніць штрафы за акцыі пратэсту можна толькі адным спосабам — не плаціць
Сваёй няздольнасцю аб'яднацца беларуская апазіцыя «адкрыла
шлях да супрацоўніцтва Лукашэнкі з Захадам», лічыць экс-кандыдат у прэзідэнты,
былы палітвязень Мікалай Статкевіч. Пра гэта ён заявіў БелаПАН 2 красавіка
падчас наведвання Магілёва.

Па словах Статкевіча, беларускія ўлады стварылі 2.400 няўрадавых арганізацый для атрымання грошай ад Захаду. «Добрую долю падтрымкі, якую меў няўрадавы дэмакратычны сектар беларускі, будуць мець так званыя дзяржаўныя-недзяржаўныя арганізацыі. І гэта рэаліі», — заявіў ён.
Палітык лічыць, што Захад дзейнічае ў дачыненні да Беларусі па прынцыпе «абы ціха» — «няма вайны і добра». «І яны не ўспрымаюць аргументы, што гэта «абы ціха» усё роўна прывядзе да няцихага, бо краіна ідзе да драматычных падзеяў, а яны ў гэты час саслабляюць праеўрапейскія дэмакратычныя сілы», — лічыць ён.
Цяперашнюю «адлігу» ў адносінах паміж афіцыйным Мінскам і Еўрасаюзам Статкевіч назваў «ударам па ідэалагічным падмурку дэмакратычных сілаў» з боку заходніх краін.
«Мы абапіраліся і апелявалі да ідэалаў свабоды і дэмакратыі. І зараз краіны, якія ўвасабляюць гэтыя ідэалы свабоды і дэмакратыі, на практыцы ў вачах беларусаў раптам ідуць на кантакт з чалавекам, які супраць усяго гэтага змагаўся доўга і ўпарта. У дэмакратычным асяродку шмат кім гэта ўспрымаецца як здрада», — адзначыў ён.
Разам з тым такая сітуацыя, лічыць Статкевіч, паставіла і беларускія ўлады ў новыя рамкі, якія перайшлі ад арыштаў да штрафаў. Пры гэтым ён заявіў, што не будзе іх аплачваць, каб паглядзець, як сябе павядзе ўлада ў гэтай сітуацыі.
«Бо для Захаду я і яшчэ некаторыя палітвязні — гэта тыя асобы, дзеля вызвалення якіх пайшлі на кантакт з Лукашэнкам. А калі цяпер зноў пачнуць арыштоўваць, то якая падстава для такіх кантактаў?» — кажа Статкевіч.
Ён упэўнены, што спыніць штрафы могуць толькі апазіцыйныя лідэры, дзеянні супраць якіх будуць мець міжнародны рэзананс. «Спыніць ж яны могуць толькі адным — не плаціць», — заявіў Статкевіч.