Статкевіч: Страшна выходзіць на Плошчу і дамагацца свайго, але іншага шляху няма

Рада беларускага нацыянальнага кангрэсу заявіла, што ўлады на бліжэйшых парламенцкіх выбарах рыхтуюць чарговы выбарчы фарс.

Фота з сайта prava.vitebsk.cc

Фота з сайта prava.vitebsk.cc


 

Мікола Статкевіч распавядае «Белсату», чаму ён заклікае беларусаў выйсці на плошчу на наступны дзень пасля галасавання.



 

— Выбары яшчэ не скончыліся, але вы ўжо заяўляеце, што яны пройдуць нязгодна з дэмакратычнымі стандартамі, і будуць фальсіфікацыі. Чаму?

 

— Выбараў не будзе, таму што выбарчая сістэма Лукашэнкі — сістэма махінацыяў, сістэма падменных выбараў і іх імітацыі — не кранутая, яна засталася без зменаў, — адзначыў Мікола Статкевіч. — Сістэма грунтуецца на ўчастковых камісіях, у якія ўваходзяць толькі прадстаўнікі аднаго прадпрыемства, школы або шпіталя — яны абавязаныя па месцы працы (бо за працу ў такой камісіі адказвае кіраўнік такога прадпрыемства) падпісваць пустыя пратаколы, потым падпісваць якія заўгодна лічбы. Гэтая сістэма засталася без зменаў.

Апазіцыя спрабавала трапіць у такія камісіі, але камісія — гэта святое. Калі кагосьці пускаюць, то толькі ў вясковых раёнах, дзе ўчасткі маленькія, і звычайна людзей, якія не вельмі вольныя ў сваіх дзеяннях, нават з ліку апазіцыі: якія маюць працу і могуць яе згубіць, на якіх можна націснуць.

— Вы таксама планавалі браць удзел у выбарах, але вашую ініцыятыўную групу не зарэгістравалі. Што сталася прычынай таму? Ці не падобна, што ўлады загадзя прыбралі моцнага канкурэнта?

Я не спрабаваў узяць удзел у выбарах. Я ведаю сучасныя беларускія законы: у мяне судзімасць — я не маю права ўдзельнічаць у так званых выбарах. Па-першае, я хацеў прыцягнуць і беларускай, і міжнароднай грамадскасці, што ўмовы нармалізацыі стасункаў Захаду з беларускім рэжымам — не выкананыя.

Палітвязні вызваленыя, але з ніводнага з іх не знятая судзімасць. Па-другое, я хацеў прыцягнуць увагу да парушэння канстытуцыі. Паводле яе абмежаванняў браць удзел у выбарах праз судзімасць няма.

Паводле канстытуцыі, браць удзел у галасаванні павінныя ўсе зняволеныя, якія знаходзяцца ў калоніях і турмах, апроч тых, хто знаходзіцца ў СІЗА. Гэта таксама не выконваецца. Заканадаўства ўвайшло ў супярэчнасць з канстытуцыяй, але ў нас на гэта ўжо ніхто не зважае.

— Вашая прапанова выйсці на плошчу — адзіны шлях дамагчыся сапраўдных выбараў?

Іншага я не бачу.

— Чаму?

А якія? Калі вы назавяце мне іншыя — буду вельмі ўдзячны. Вельмі цяжка і страшна выходзіць і дамагацца свайго, але іншага шляху няма. Калі нейкія палітыкі, якія называюць сябе апазіцыйнымі, сцвярджаюць пра іншы шлях — яны проста хлусяць. Яны гуляюць з уладай, спадзеючыся на дывідэнды з яе боку. Гэта непрыстойна.

Рэальна — іншага шляху няма.

Улада не падорыць нам выбары, бо інакш яна рызыкуе згубіць сябе — уладу — і свабоду: там шмат злачынцаў. Таму яна ніколі не аддасць нам уладу добраахвотна. Мы можам толькі забраць уладу для народа ў гэтага рэжыму.

— Ці спадзеяцеся вы, што акцыя будзе масавай?

Я раблю тое, што павінен рабіць — тое, што падказвае мне сумленне і пачуццё годнасці. Кожны чалавек павінен рабіць выбар. Гэта няхай кожны вырашыць сам для сябе.

— Ці будуць гэтым разам рэпрэсіі з боку ўладаў, калі людзі пойдуць на Плошчу, і які характар гэтыя рэпрэсіі будуць мець?

Гэта будзе залежыць ад таго, наколькі масавая акцыя, а таксама ад таго, што будуць рабіць дэманстранты. Улада ў вельмі цяжкім стане, яна баіцца гэтай акцыі. Вось, напрыклад, узялі і пасадзілі чалавека, які браў удзел у дэманстрацыі і мітынгу 19 снежня 2010 года. Крымінальную справу аб масавых беспарадках узбудзілі амаль праз шэсць гадоў пасля гэтага — гэта спроба запалохаць. Але цяпер эканамічная сітуацыя блізкая да катастрофы, патрэбныя заходнія крэдыты — таму ўлада будзе сябе абмяжоўваць. Да якой ступені? Да якой яна напалохаецца.



Размаўляла Юлія Лабанава