За спевы на пікеце ў Віцебску патэнцыйных кандыдатаў выклікаюць у міліцыю
Супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС патрабуюць тлумачэнні ў Таццяны Севярынец, Алены Шабуні і Георгія Станкевіча наконт супольнага пікета па зборы подпісаў за вылучэнне ў кандыдаты, што прайшоў 27 ліпеня. У той дзень актывісты пад гітару праспявалі гімн «Магутны Божа» каля Летняга амфітэатра.
Супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС патрабуюць тлумачэнні ў Таццяны Севярынец, Алены Шабуні і Георгія Станкевіча наконт супольнага пікета па зборы подпісаў за вылучэнне ў кандыдаты, што прайшоў 27 ліпеня. У той дзень актывісты пад гітару праспявалі гімн “Магутны Божа” каля Летняга амфітэатра.
Падчас пікета віцебскія актывісты віншавалі мінакоў з угодкамі прыняцця дэкларацыі аб суверэнітэце Беларусі, распавяла Таццяна Севярынец:
“Спачатку мы ўладкаваліся для збору подпісаў каля гандлёвага цэнтру “Марка-сіці”, што на вуліцы Леніна. Але там усталяваны вялізны экран, з якога транслюецца рэклама, і паблізу ад яго немагчыма нават размаўляць з людзьмі — так гучна ён працуе… Георгі Станкевіч, вядомы беларускі бард, прынёс з сабой гітару, і мы вырашылі спяваць — ён свае песні, а мы ўсе разам — гімн “Магутны Божа”. Каб мінакі змаглі нас пачуць, мы перайшлі на другі бок вуліцы, да летняга амфітэатра. Гэта тэрыторыя Кастрычніцкага раёна, і вось учора з райаддзела міліцыі пачалі тэлефанаваць супрацоўнікі”.
З Кастрычніцкага РАУС тэлефанаванне атрымалі і Георгі Станкевіч, і Алена Шабуня. Міліцыянты сказалі, што дашлюць позвы з выклікам у пастарунак — каб узяць тлумачэнні наконт спеваў.
На думку актывістаў, яны нічога не парушылі, каб справаздачыцца перад ахоўнікамі правапарадку: у выбарчым заканадаўстве няма аніякіх заўвагаў пра тое, што можна, а чаго нельга рабіць падчас пікетаў па зборы подпісаў.
Прынамсі, на такіх пікетах раней спявалі ўжо і ў Мінску, і ў Віцебску — Таццяна Севярынец нават чытала рэп падчас супольнага пікета правацэнтрысцкай кааліцыі 21 ліпеня, а таксама падчас уласных пікетаў па зборы подпісаў.
Таму выклік у міліцыю яны расцэньваюць як маральны ціск.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”