«Гэта абсалютна ірацыянальны крок з боку ўладаў»

Праваабаронцы збіраюцца прызнаць палітвязнем жыхара пасёлку Рудзенск Уладзімера Кондруся, які абвінавачваецца ва ўдзеле ў «масавых беспарадках» 19 снежня 2010 года.

Меркавана, Уладзімер Кондрусь б’е шкло Дома ўраду падчас акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасці пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Супрацоўнікі спецслужбаў з камерамі яму не замінаюць

Меркавана, Уладзімер Кондрусь б’е шкло Дома ўраду падчас акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасці пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Супрацоўнікі спецслужбаў з камерамі яму не замінаюць


Пра гэта ў інтэрв’ю “Радыё Свабода” паведаміў юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч.
Як магло здарыцца, што Уладзімер Кондрусь узяты пад варту за падзеі 6-гадовай даўніны? І ці ёсць у праваабаронцаў версіі, чаму менавіта ён зазнаў пераслед?
— Я наўрад ці патлумачу, чаму. Але з юрыдычнага пункту гледжання гэта магчыма, бо справа па падзеях 19 снежня не спыненая, не выйшлі яшчэ тэрміны прыцягнення да крымінальнай адказнасці паводле артыкула 293 (масавыя беспарадкі). Па Алесю Міхалевічу, напрыклад, справа прыпыненая, а не спыненая. Таму ў вузка юрыдычным сэнсе гэта магчыма.
А з палітычнага пункту гледжання каментаваць усё гэта цяжка. Мне здаецца, гэта абсалютна ірацыянальны крок з боку ўладаў — садзіць чалавека за краты па падзеях амаль ужо 6-гадовай даўніны, якім была тады дадзеная прынцыповая ацэнка з боку міжнароднай супольнасці і ў тым ліку Еўрасаюзу, з-за чаго ў прынцыпе ў свой час былі ўведзеныя санкцыі. Мне сумна, што нам кажуць, што гэтая старонка перагорнутая, мы пачынаем адносіны з Еўрасюзам з нуля, а выходзіць, што за абаяльнай усмешкай спадарыні Купчыной насамрэч нічога не стаіць.
Мы адказна будзем вызнаваць яго палітвязнем, бо пазіцыя беларускіх праваабаронцаў у ацэнцы тых падзей 19 снежня не мяняецца. Мы лічым, што гэта не былі масавыя беспарадкі. Таму мы ў хуткім часе будзем прымаць адпаведную заяву.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч


— Ці трапляў раней Уладзімер Кондрусь у поле зроку праваабаронцаў?
— Ён трапляў у наша поле зроку. У 2011 годзе 19 снежня ён быў затрыманы (прынамсі, чалавек з такім прозвішчам ёсць у нас у базе) за ўдзел у акцыі, прысвечанай гадавіне падзей Плошчы. Ён быў тады аштрафаваны разам з шэрагам іншых актывістаў.
Падобна, што гэта чалавек не сістэмны і малавядомы актывістам апазіцыі і праваабаронцам. Асабіста мы яго не ведаем.
— Як вы даведаліся пра яго арышт?
— Да нас звярнуліся ягоныя бацькі, і нам ад іх стала вядома, што ён узяты пад варту 14 чэрвеня менавіта па падзеях 19 снежня 2010 года. Родныя сказалі, што яго апазналі па фота 25 сакавіка.
Далей мы ўжо правялі расследаванне. Мы памяталі, што былі публікацыі, дзе чалавека паказвалі на фатаздымках і казалі, што гэта правакатар, што ён 19 снежня актыўна прымаў удзел у тых падзеях, а цяпер 25 сакавіка ён стаіць на Дні Волі. Я ніколі не падтрымліваў, калі вось так безапеляцыйна сцвярджаюць, што хтосьці правакатар.

«Барыкады» ў Доме ўраду, падрыхтаваныя яшчэ да прыходу натоўпа з Кастрычніцкай на плошчу Незалежнасці

«Барыкады» ў Доме ўраду, падрыхтаваныя яшчэ да прыходу натоўпа з Кастрычніцкай на плошчу Незалежнасці


Тут можна прыгадаць выпадкі, калі людзі былі асуджаныя па падзеях 19 снежня — так званы агент-«навушнік» ці Федаровіч, які біў шкло, але, як высветлілася, рабіў гэта «ад шчырага сэрца».
Мы паказалі фота з тых публікацыяў бацькам, і яны апазналі ў гэтым чалавеку свайго сына.

www.svaboda.org