Новы фігурант справы аб масавых беспарадках 19 снежня 2010 года галадуе ў СІЗА
У праваабаронцаў ПЦ «Вясна» з’явілася інфармацыя аб тым, што ў СІЗА №1 на Валадарцы пад вартай знаходзіцца жыхар пасёлка Рудзенск Уладзімір Кондрусь.
Незалежныя журналісты апазналі яго на фотаздымках з акцыі Дзень Волі ў Мінску 25 сакавіка 2016 года і супаставілі з фота, на якіх ён выглядае актыўным ўдзельнікам трагічных падзей каля Дома ўрада 19 снежня 2010 года. У СМІ таксама выказвалася нічым не падмацаванае меркаванне журналістаў аб тым, што ён мог выконваць ролю правакатара.
Праваабаронцам таксама дакладна стала вядома, што Уладзіміра Кондруся, 1977 года нараджэння, узялі пад варту 14 чэрвеня ў межах папярэдняга расследавання за ягоны меркаваны ўдзел у масавых беспарадках каля Дома ўрада падчас выбараў прэзідэнта ў 2010 годзе.
Праваабаронцы перакананыя, што Уладзімір Кондрусь абвінавачваецца па арт. 293 Крымінальнага кодэкса (масавыя беспарадкі). Па гэтым артыкуле ў 2011 годзе было асуджана 49 чалавек, многія з пазбаўленнем волі на розныя тэрміны.
Усе асуджаныя па падзеях Плошчы-2010 пазней былі затым амніставаныя альбо памілаваныя прэзідэнтам і вызваленыя з месцаў пазбаўлення волі. На сённяшні дзень вядомы толькі адзін фігурант справы аб масавых беспарадках 19 снежня. Гэта былы кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч, справа якога на гэты момант прыпыненая.
Паказальна, што чалавек з такім прозвішчам — Кондрусь — браў удзел у акцыі памяці 19 снежня 2011 года, прысвечанай гадавіне Плошчы, быў затрыманы і назаўтра судом Ленінскага раёна Мінска, разам з Арцёмам Лявам, Міхасём Мускім, Настай Шулейка пакараны штрафам у памеры 30 базавых велічынь.