Кнігу пра катаванні накіравалі ў турмы і калоніі

Праваабаронцы накіравалі ў ДВП МУС, турмы і калоніі кнігу «Грамадскае расследаванне катаванняў і іншых парушэнняў фундаментальных правоў чалавека».

Фота spring96.org

Фота spring96.org


Абагульніўшы свой досвед працы з рознымі службовымі асобамі ў рамках маніторынгу пенітэнцыярнай сістэмы, праваабаронцы "Вясны" лічаць карысным давесці да ведама супрацоўнікаў устаноў выканання пакаранняў асноватворную інфармацыю па пытаннях жорсткага абыходжання з асуджанымі і грамадзянскага кантролю за месцамі пазбаўлення волі.

Гэтую неабходнасць актуалізаваў зварот праваабаронцаў да міністра ўнутраных спраў з нагоды пераследу асуджаных заснавальнікаў арганізацыі «Платформ інавэйшн» Андрэя Бандарэнкі і Міхаіла Жамчужнага, які міністэрствам быў спушчаны ў Дэпартамэнт выканання пакаранняў, а той адказаў хутка, але не па сутнасці.

За аператыўнасць ПЦ "Вясна" вырашыў аддзячыць ДВП, зрабіўшы яго першым адрасатам у лісце рассылкі навукова-практычнага выдання «Грамадскае расследаванне катаванняў і іншых парушэнняў фундаментальных правоў чалавека», падрыхтаванага калегамі з расійскай Міжрэгіянальнай грамадскай арганізацыі «Камітэт супраць катаванняў» (цяпер «Камітэт па прадухіленні катаванняў»). У кнізе апісана распрацаваная імі методыка грамадскага расследавання, якая атрымала шырокае прызнанне ў прафесійнай супольнасці.

Нягледзячы на тое, што выданне прызначана найперш для спецыялізаваных праваабарончых арганізацый, яно будзе карысным і для супрацоўнікаў установаў сістэмы выканання пакаранняў Беларусі, лічаць праваабаронцы. Па-першае, таму што кніга фарміруе дакладнае ўяўленне пра паняцці «катаванні» і «жорсткае абыходжанне», якія замацаваны ў міжнародным праве і якімі аперуюць праваабаронцы, звяртаючыся ў гэтыя ўстановы. Па-другое, кніга дазваляе зразумець ролю саміх праваабаронцаў і грамадскага кантролю ў цэлым у працы з фактамі катаванняў і жорсткага абыходжання.

Акрамя ўласна міністэрства ўнутраных справаў, ДВП МУС і яго абласных упраўленняў, праваабаронцы адрасуюць кнігу «Грамадскае расследаванне катаванняў і іншых парушэнняў фундаментальных правоў чалавека» турмам і калоніям Беларусі, а таксама Генеральнай пракуратуры.


spring96.org