«Свабода — гэта перамога над страхам»

Прамова Святланы Ціханоўскай на ўручэнні прэміі імя Сахарава

foto__euparliamentphoto_logo.jpg


"Сёлета свет стаў сведкам абуджэння Беларусі. Нам вельмі прыемна, што наша гісторыя супраціву кранула так шмат людзей па ўсім свеце. Па дарозе ў Еўрапарламент вы маглі бачыць шакавальную фатаграфію на фасадзе будынка. Жанчына ў белым, якая ўпала на калені перад АМАПам. Гэта не сцэна з кіно аб ваенным часе, гэта мірная Беларусь 2020 года. Людзі, замкнёныя ў саборы сілавікамі — гэта мірная Беларусь. Затрыманыя, адзначаныя фарбай розных колераў, каб было ясна, наколькі моцна міліцыі варта іх збіць, — гэта мірная Беларусь. Наўмыснае заражэнне зняволеных COVID-19 — гэта мірная Беларусь у самым сэрцы Еўропы.
У 2020 годзе для ўсяго свету маска з'яўлялася сімвалам бяспекі і клопату пра іншых, а ў Беларусі 2020 года маска стала сімвалам гвалту і тэрору. Страх — вось, што адчуваеш, калі чуеш гэтыя гісторыі. І я адна з тысяч беларусаў, якія баяліся. Вакол нас утварылася нябачная сцяна страху. Гэтая сцяна стрымлівала нас амаль тры дзесяцігоддзі. Але ў гэтым годзе ўсё змянілася. Сёлета мы аб'ядналіся ў імкненні да пераменаў. Разам мы паверылі, што сцяну страху можна разабраць цэглу за цэглай. Разам, дзень за днём, тыдзень за тыднем, месяц за месяцам мы пераадольваем свой страх на шляху да свабоды. Фатаграфія на фасадзе Еўрапарламента — гэта гісторыя не пра страх, а пра надзею, адвагу і свабоду.
Трэці раз за 20 гадоў беларусы былі ўдастоеныя прэміі імя Сахарава "За свабоду думкі". Што нас матывуе працягваць працу? Мы абавязаны перамагчы, і мы пераможам. Простае жаданне свабодна гуляць па вуліцах нашых гарадоў і пасёлкаў падтрымлівае нас. Жаданне адзначаць святы ў коле сям'і падтрымлівае нас. Мара аб лепшым будучыні Беларусі падтрымлівае нас.Пра Беларусь, дзе перамагае справядлівасць і праўда. Пра Беларусь, якой могуць ганарыцца нашы дзеці.
Для мяне бясконца вялікі гонар выступаць перад вамі. Гэты прыз мы атрымліваем разам з адважнымі беларусамі Марыяй Калеснікавай, Веранікай Цапкала, Святланай Алексіевіч, Вольгай Кавальковай, Алесем Бяляцкім, Мікалаем Статкевічам, Сяргеем Ціханоўскім, Сяргеем Дылеўскім, Сцяпанам Пуцілам.
Але сёння тут мы не адны. Побач з намі тысячы беларусаў, якія нас натхняюць, надаюць сілы і надзею. Многіх з іх сёння тут няма. Нашы мужныя жанчыны, рабочыя, студэнты, урачы, настаўнікі, юрысты, пісьменнікі, журналісты і актывісты — усе яны ў Беларусі змагаюцца за нашу свабоду. Менавіта ім належыць гэтая ўзнагарода.
У нядзелю я сустрэлася з выбітнай беларускай пісьменніцай Святланай Алексіевіч. Святлана атрымала Нобэлеўскую прэмію за гісторыю пра «маленькім вялікага чалавека» у святле гістарычных падзей. Так яна стварыла "помнік пакутам і мужнасці нашага часу". Для мяне такім "маленькім вялікім чалавекам" з'яўляецца кожны беларус, які прымае ўдзел у мірнай акцыі пратэсту супраць гвалту і беззаконня. Кожны з іх — герой. Кожны з'яўляецца для мяне прыкладам мужнасці, спагады і годнасці. Свабода складаецца з простых рэчаў і часта патрабуе бясстрашнага супраціву.
Для Аляксандра Тарайкоўскага гэта быў пратэст супраць фальсіфікацыі выбараў. Ён стаяў з паднятымі рукамі перад людзьмі са зброяй, і быў застрэлены. Ён быў бясстрашным.
Для мастака Рамана Бандарэнкі гэта была абарона нацыянальных сімвалаў у двары, дзе збіраюцца суседзі. Яго выкралі і збілі да смерці ў аддзяленні міліцыі. Ён быў бясстрашным.
Журналістка Кацярына Барысевіч і лекар Арцём Сарокін адважыліся раскрыць праўду аб забойстве, учыненым памагатымі рэжыму. Гэтая адвага каштавала ім свабоды. Яны бясстрашныя.
Наталля Хершэ не змагла застацца ў баку і вярнулася ў Беларусь, пражыўшы шмат гадоў за мяжой. З салідарнасці яна ўдзельнічала ў мірных пратэстах і была прысуджаная да двух з паловай гадоў турмы за зняцце маскі з міліцыянта. Яна бясстрашная.
Свабода — гэта перамога над страхам.
73-гадовая Ніна Багінская стала сімвалам нашай барацьбы. Нягледзячы на незлічоныя затрыманні і запалохванні, яна ўжо 30 гадоў пратэстуе супраць несправядлівасці, часта адна. Яна сапраўды вольная.
Мікалай Статкевіч быў кандыдатам на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года. Яго пасадзілі ў турму і прызналі палітычным зняволеным трэці раз за 15 гадоў. Яго прыхільнасць каштоўнасцям свабоды — гэта тое, што нельга адабраць турэмным зняволеннем. Ён сапраўды вольны.
Мая сяброўка Марыя Калеснікава парвала пашпарт і палічыла за лепшае турму выгнанню, каб застацца ў Беларусі з нашымі людзьмі. Яна сапраўды вольная. Мае думкі з ёй кожны дзень.
Мой муж Сяргей Ціханоўскі вырашыў распавесці праўду любой цаной. За гэта яго кінулі ў турму па сфабрыкаваных абвінавачваннях. Ён не бачыў сваю сям'ю ўжо 7 месяцаў.
І гэта толькі некаторыя з адважных людзей, якімі наша еўрапейская нацыя вельмі ганарыцца.
Свабода таксама ўніверсальная. Беларусы выходзяць на маршы кожны тыдзень пасля выбараў 9 жніўня. Яны пратэстуюць за сваю будучыню і будучыню тых, хто не можа быць там. Яны пратэстуюць за свабоду і годнасць беларусаў, еўрапейцаў, вашу і нашу. Без свабоднай Беларусі Еўропа таксама не будзе цалкам свабоднай.
У мяне толькі адно жаданне ў гэтым годзе. Я хачу, каб кожны беларус, які цяпер знаходзіцца ў турме або вымушаны жыць у выгнанні, вярнуўся дадому. Трэцяя прэмія Сахарава азначае новы пачатак для Беларусі. Нэльсан Мандэла, які атрымаў прэмію ў 1988 годзе разам з савецкім дысідэнтам Анатолем Марчанкам, сказаў: "я зразумеў, што мужнасць — гэта не адсутнасць страху, а перамога над ім». Ён лічыў, што адважнымі з'яўляюцца тыя, хто перамагае свой страх. Толькі аб'яднаўшыся, мы зможам цалкам перамагчы страх на доўгім шляху да свабоды і пабудаваць новую Беларусь. У кожнай краіны свой шлях да дэмакратыі. Гэта — наш.
Жыве Еўропа!
Жыве Беларусь!"