Святлана Ціханоўская: Мы ніколі не вернемся да таго стану, у якім былі 26 гадоў таму

Святлана Ціханоўская распавяла ў інтэрв'ю DW аб тым, чаго чакае ад сустрэчы з канцлерам ФРГ у Берліне, як гэта зможа паўплываць на сітуацыю ў Беларусі і які план ёсць у апазіцыі.

54707352_303.jpg

Святлана Ціханоўская, экс-кандыдат на выбарах прэзідэнта Беларусі, якая стала тварам апазіцыі на пратэстах, якія працягваюцца ўжо амаль два месяцы, прыбыла ў Берлін для сустрэчы з канцлерам Германіі Ангелай Меркель (Angela Merkel). У інтэрв'ю DW Ціханоўская распавяла, пра што збіраецца гутарыць з кіраўніком урада ФРГ і калі, на яе думку, скончацца пратэсты.
— Святлана, раскажыце, калі ласка, аб вашых галоўных чаканнях ад візіту ў Германію.
— На ўсіх палітычных сустрэчах я буду казаць пра сітуацыю ў Беларусі. Вядома, мы разлічваем на падтрымку беларускага народа, які цяпер вымушаны змагацца за свае правы і за новыя, сумленныя выбары.
— Беларусы ўжо два месяцы выходзяць на мітынгі і падвяргаюцца рэпрэсіям: іх арыштоўваюць, б'юць, паліваюць вадой, нават катуюць. Па вашых адчуваннях, наколькі яшчэ хопіць дыхання і мужнасці ў людзей у Беларусі, каб працягваць пратэст?

— Ведаеце, беларусы змяніліся, і дыхання хопіць. Мы занадта доўга цярпелі. Мужнасці тым больш хопіць. Вы бачыце: беларусаў садзяць, збіваюць, але яны ўсё роўна выходзяць і выходзяць. Гэта не скончыцца. Калі кажуць, што дэманстрацыі здзімаюцца, — гэта прапаганда. Нават калі колькасць людзей будзе змяншацца, з-за надвор'я ці нейкіх іншых прычын, то пратэставы рух не зменшыцца. Мы проста не зможам больш жыць з гэтым чалавекам (Аляксандрам Лукашэнкам. — Рэд.) І ніколі не вернемся да таго стану, у якім былі 26 гадоў таму.
— У якім горадзе ці месцы знаходзіцца галоўны рычаг процідзеяння чалавеку, супраць якога пратэстуюць столькі людзей у Мінску, Бруселі, Берліне, Маскве?
— Гэта не горад, гэта ўся краіна. Гэтая краіна называецца Беларусь.
— Які ў вас план?
— Наш план пераменаў у Беларусі складаецца з трох пунктаў, мы яго ўжо агучвалі. Гэты ціск на ўладу, які павінен прывесці да перамоваў. А перамовы сканчаюцца новымі, сумленнымі выбарамі.
— Пра што вы заўтра будзеце гаварыць з Ангелай Меркель?
— Пра Беларусь.
— У чым будзе ваш галоўны мэсэдж?
— У тым, што ў Беларусі груба і подла парушаюцца правы чалавека і беларусы зараз крычаць аб дапамозе. Таму мы спадзяемся, што ваша роля (Германіі. — Рэд.) у вырашэнні данага пытання ў якасці медыятара будзе адной з самых галоўных.
— Што дазваляе вам спадзявацца на тое, што вашыя дзеянні будуць мець вынік?
— Самі беларусы. Калі б не было беларусаў і іх падтрымкі, то нічога б гэтага не было. Калі вы глядзіце на мяне, вы бачыце беларускіх людзей — усіх, хто супраць гвалту, супраць фальсіфікацый, супраць рэжыму.
— Як вы думаеце, калі скончыцца ўсё, што мы зараз назіраем?
— Я не ведаю. А як можна прагназаваць, калі ўсё гэта скончыцца? Яно скончыцца перамогай. Калі? Хацелася б хутчэй, таму што народ пакутуе, народ збіваюць. Дыктатуры — не. Мы змагаемся для таго, каб пазбавіцца ад гэтай дыктатуры, а вось калі — пытанне адкрытае.
— Як вы сябе адчуваеце ў ролі дзяржаўнага дзеяча, якога прымаюць на вышэйшым узроўні? Бо яшчэ год таму ніхто і ўявіць сабе не мог, што вас будуць сустракаць у Берліне з такім размахам.
— Як чалавек я не памянялася абсалютна. Мне прыйшлося вельмі шмат чаму навучыцца ў кароткі тэрмін. Усе гэтыя сустрэчы вельмі важныя для Беларусі. Гэта, вядома, робіць мне вялікі гонар, але не асабіста як Святлане Ціханоўскай, а як голасу беларусаў. Вы глядзіце на мяне і бачыце ўсіх беларусаў, якія змагаюцца за свае правы. Гэта ўсе беларусы ўдастоіліся гонару сустрэцца заўтра з Ангелай Меркель.