Святлана Ціханоўская: Мы ствараем урад для народа. І нам патрэбная дапамога
Сёння ў Вільні адбываецца міжнародны Форум Каліноўскага, прысвечаны пошуку мірнага вырашэння крызісу ў Беларусі. На пачатку Форума Святлана Ціханоўская ўсклала кветкі на Лукішскім пляцы — месцы пакарання смерцю Кастуся Каліноўскага.
Перад пачаткам Форума Святлана Ціханоўская разам з прэм'еркай Літвы Інгрыдай Шыманітэ і старшынёй Парламенту Вікторыяй Чмілітэ, кіраўніком камітэта па замежных справах Жыгімантасам Павільёнісам усклалі кветкі на Лукішках — месцы пакарання смерцю Кастуся Каліноўскага. Пасля гэтага ўдзельнікі цырымоніі накіраваліся ў Сейм, дзе адбываецца Форум.
Святлана Ціханоўская звярнулася да прысутных з прамовай. Яна зазначыла, што з часу правядзення першага Форума Каліноўскага 24 жніўня 2020 года шмат што змянілася. Беларусы выраслі і пасталелі. У той жа час, шмат што стала пагоршылася ў жыцці беларусаў.
Ціханоўская нагадала, што ў цяперашні час 22-гадовы беларус Яўген Каліноўскі, як і яго цёзка, прымае ўдзел у рэвалюцыі. Яўген — выбітны студэнт, лаўрэат некалькіх нацыянальных акадэмічных прэмій, удзельнік праграм міжнароднага абмену. Ён быў асуджаны на чатыры гады пазбаўлення волі за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту ў сярэдзіне лета 2020 года. Абвінавачанні супраць яго не маюць важкіх доказаў. Лісты да яго і ад яго не адпраўляюцца. Ён падвяргаецца поўнай ізаляцыі і несправядлівасці. Адзін з былых сукамернікаў Яўгена падзяліўся са сваёй дзяўчынай, што Яўген не хацеў расказваць ёй пра жахі турмы, каб не хваляваць яе.
З 9 жніўня 2020 года Беларусі арыштаваны больш за 32 тысяч чалавек. У дачыненні да журналістаў, праваабаронцаў, актывістаў і мірных дэманстрантаў узбуджана больш за 2,5 тысячы крымінальных спраў. Праваабарончыя НДА задакументавалі больш за 1000 выпадкаў катаванняў. У Беларусі 290 палітвязняў. Па меншай меры восем мірных дэманстрантаў былі забітыя. Між тым, ні адзін дзяржаўны чыноўнік не быў прыцягнуты да адказнасці за жорсткасць, рэпрэсіі, катаванні і забойствы.
«Кастусь Каліноўскі сказаў, што "не народ створаны для ўрада, а ўрад створаны для народа". Лічбы дазваляюць зразумець, што ў сённяшняй Беларусі злыя намеры дыктатара прывялі нас да таго моманту, калі мы — як народ — былі вымушаныя думаць, што створаны для ўрада. Цяпер мы ствараем урад для народа. І нам патрэбна ваша дапамога».
Святлана Ціханоўская нагадала пра анлайн-платформу «Голас», якая дазваляе беларусам галасаваць за міжнародныя перамовы з цяперашнім беларускім урадам аб мірнай перадачы ўлады. «Ужо каля шасцісот пяцідзесяці тысяч беларусаў выказалі жаданне новай Беларусі. Мы — сіла, з якой трэба лічыцца.
І, тым не менш, мы па-ранейшаму просім аб дапамозе, таму што прасіць — значыць прызнаваць уласныя слабасці. На дадзены момант наша самая вялікая слабасць — гэта час. Мы можам ажыццявіць гэтую мірную рэвалюцыю самастойна. Але час ідзе, а лёсы людзей руйнуюцца. Людзі губляюць жыцці, сваіх блізкіх, сваю працу, сваю веру. Так не можа працягвацца».
Ціханоўская ўдакладніла, у чым менавіта патрэбная дапамога: арганізацыя перамоў з беларускімі ўладамі на міжнароднай платформе і гатоўнасць сфарміраваць рознапланавую групу пасярэднікаў, неадкладнае спыненне гвалту з боку міліцыі і аднаўленне справядлівасці, а таксама прыцягненне да адказнасці адказных асоб, гарантуючы бяспечнае вяртанне беларусам, вымушаным бегчы з краіны, забяспечваючы захаванне асноўных правоў чалавека.
Паводле прэс-службы Святланы Ціханоўскай