Што выявіў Брусельскі саміт?

Мэта, якую ставіў ЕС у 2009-м, зацвярджаючы праграму «Усходняга партнёрства», палягала ў тым, каб стварыць на сваёй усходняй мяжы зону дэмакратычных, рынкавых, праеўрапейскіх краін. Гэты ход сведчыў пра гатоўнасць уступіць у канкурэнцыю з Расіяй за кантроль над рэгіёнам. Прайшло восем гадоў. Што атрымалася?

essssss.jpg


Тры дзяржавы (Грузія, Малдова, Украіна) з шасці краін-партнёраў узялі курс на інтэграцыю ў еўрапейскую прастору, падпісалі пагадненне аб асацыяцыі з ЕС. Яны маюць бязвізавы рэжым з ЕС, зону вольнага гандлю. На Брусельскім саміце ім прапанаваны новы этап інтэграцыі — прыярытэтнае партнёрства. Пры правядзенні неабходных рэформаў гэты фармат прадугледжвае далучэнне да мытнага, энергетычнага і лічбавага саюза ЕС, шэнгенскай зоны, агульнай авіяпрасторы.

Здавалася б, вынік нядрэнны. Аднак якім коштам ён быў дасягнуты? Непасрэдным вынікам рэалізацыі УП стаў украінскі крызіс, рэзкая дэстабілізацыя рэгіёну, «халодная вайна» паміж Расіяй і Захадам.

У дзвюх краінах-партнёрах (Азербайджане і Беларусі) не выявіўся прагрэс у плане набліжэння да еўрапейскіх каштоўнасцяў. У Азербайджане нават адбыўся адкат. За час існавання УП колькасць палітвязняў у гэтай краіне павялічылася ў разы.

Адбыўся глыбокі геапалітычны і каштоўнасны раскол удзельнікаў УП. Калі Грузія, Малдова і Украіна падпісалі пагадненне аб асацыяцыі з ЕС, то Беларусь і Арменія ўступілі ў Еўразійскі эканамічны саюз на чале з Расіяй. І ў вонкавай, і ва ўнутранай палітыцы краіны-ўдзельніцы УП выбралі дыяметральна супрацьлеглыя вектары развіцця. Адны — у Еўропу, другія — у Азію.

Такім чынам, рэалізацыя УП дала зусім не прадбачаныя, не плануемыя, нечаканыя наступствы. Яна стала каталізатарам дыферэнцыяцыі рэгіёну. Палітычная, геапалітычная каштоўнасная мяжа паміж Еўропай і Азіяй не супадае з геаграфічнай.

Чаму так здарылася, што планавалі адно, а атрымалі іншае? Мабыць, сама зыходная канцэпцыя УП не была досыць добра сфармуляваная, вывераная, не былі пралічаныя ўсе магчымыя наступствы прапанаванага праекта.

Калі распалася камуністычная сістэма, разваліліся СССР і савецкі блок, то Еўрапейскі саюз і NАТО расчынілі свае дзверы для былых сацыялістычных краін. Але ў абмен на глыбокія эканамічныя і палітычныя рэформы. І яны былі там праведзеныя. Бо быў моцны стымул: стаць часткай самага багатага і ўладкавана свету, атрымаць значную фінансавую падтрымку з вялізнага бюджэту ЕС, мець магчымасць для грамадзян ехаць на заробкі ў Заходнюю Еўропу і іншае.

flags_of_eastern_partnership_countries_771x517.jpg

І вось у рамках праграмы УП ЕС прапанаваў новым суседзям на ўсходзе нейкі падобны варыянт супрацоўніцтва. Там быў закладзены той жа прынцып, што і падчас рэалізацыі палітыкі пашырэння ЕС, сфармуляваны ў формуле «большае за большае». То бок, чым больш глыбокія эканамічныя і палітычныя рэформы ў кірунку еўрапейскіх стандартаў праводзяць постсавецкія краіны, тым большую падтрымку атрымоўваюць яны з боку Еўрапейскага саюза.

Канцэпцыя прыгожая. Але той прынцып, які эфектыўна спрацаваў адносна краін Цэнтральнай Еўропы і Балтыі, не працуе ў адносінах да Беларусі, Украіны, Малдовы, Грузіі, Арменіі і Азербайджану. Чаму? На тое ёсць некалькі прычын.

Найперш, еўрапейскі пернік для гэтых краін аказаўся маленькім. Ім не прапаноўваюць паўнавартаснае ўступленне ў ЕС, а толькі заахвочваюць рознымі схемамі супрацоўніцтва. А гэта, як кажуць у адным паўднёвым горадзе, дзве вялікія розніцы.

Калі няма такога перніка, дык яго адсутнасць трэба было б кампенсаваць грашыма. Здавалася б, больш багатая Еўропа ў гэтым плане зможа выйграць канкурэнцыю з Расіяй за кантроль над згаданым рэгіёнам.

Аднак праблема ў тым, што ЕС не хоча выдаткоўваць на праект «Усходняга партнёрства» вялікія рэсурсы. Бо ў Еўрасаюза ўзніклі сур’ёзныя эканамічныя праблемы, даводзіцца траціць вялізныя грошы для выратавання сябраў ЕС: Грэцыі і іншых. У Еўрапейскага саюза няма такіх імперскіх амбіцый, як у Расіі, дзеля якіх варта ахвяраваць рэсурсамі. У краінах ЕС, у адрозненне ад РФ, бюджэт кантралюецца грамадствам праз парламент. Таму выбаршчыкі, напрыклад, Партугаліі ці Ірландыі не зразумеюць, чаму іх грошы выдаткоўваюцца на нейкія геапалітычныя праекты ў далёкіх ад іх краінах.

Расія ж, каб утрымаць суседзяў пад сваім кантролем, грошай не шкадуе. Нават Кітай укладвае ў краіны гэтага рэгіёну нашмат больш рэсурсаў, чым ЕС. Але ніякі праект без грошай не працуе, тым больш такі амбіцыйны. А трансфармацыя на аснове еўрапейскіх стандартаў у краінах-чальцах УП патрабуе вялікіх рэсурсаў, якіх у саміх гэтых дзяржаваў не было. Расія гатова была плаціць, але не за рэформы, а за захаванне статус-кво. Узгадайце, як Пуцін паабяцаў Януковічу 15 мільярдаў долараў за адмову ад пагаднення з ЕС.

Вось, напрыклад, Мемарандум аб узаемаразуменні паміж Беларуссю і Еўрасаюзам, праект якога абмяркоўваўся, аднак так і не быў прыняты на цяперашнім саміце «Усходняга партнёрства» ў Бруселі, прадугледжвае фінансавую дапамогу з боку ЕС на прасоўванне рэформаў у Беларусі памерам 136 мільёнаў еўра да 2020 года. А ад Расіі Беларусь атрымлівае дзесьці каля 2 мільярдаў долараў штогод.

Такім чынам, ЕС хацеў еўрапеізаваць і дэмакратызаваць краіны-чальцы «Усходняга партнёрства» толькі за кошт прыцягальнасці сваёй сацыяльнай мадэлі. Па прынцыпу, мы даем, у адрозненні ад Расіі, не рыбу, а вудачку. Яны лічылі, што прыцягальнасць еўрапейскага ўладкавання і ўзроўню дабрабыту ў перспектыве акажацца больш важкай, чым цяперашнія хуткацечныя расійскія фінансавыя субсідыі.

Але так не атрымоўваецца. На тле эканамічных праблем, імігранцкага крызісу, Брэксіту, прывабнасць еўрапейскай сацыяльнай мадэлі аказалася не такой і спакушальнай. Грамадствы гэтага рэгіёну ментальна аказаліся менш гатовымі да рынку і дэмакратыі.

Зразумела, чаму не хочуць еўрапеізавацца ўлады гэтых краін. Без дэмакратыі кіраваць прасцей. Не трэба затлумляцца рознымі правамі чалавека, выбарамі, цярпімасцю да апазіцыі і іншай дэмакратычнай мішурой. Таму ў гэтым рэгіёне відавочны трэнд на ўмацаванне аўтарытарных метадаў уладарання.

Але і грамадства таксама не надта імкнецца ў гэтым кірунку. Бо шмат хто разумее, што Еўропа — гэта не толькі шыкоўныя вітрыны супермаркетаў, высокія заробкі і сацыяльная абарона. Таксама гэта і іншы лад жыцця з іншымі патрабаваннямі, высокай мабільнасцю, адказнасцю за сябе. Гэтая мадэль вымагае ад чалавека, які прызвычаіўся жыць у ціхім правінцыйным сусвеце, прыстасоўвацца да патрабаванняў глабалізацыі. То бок, трэба прыняць не толькі эканамічныя і палітычныя рэформы, але і перабудаваць лад жыцця. А гэта псіхалагічна дыскамфортна.

Акрамя таго, не была ўлічаная гатоўнасць Расіі ісці на любыя ахвяры дзеля таго, каб не страціць кантроль над гэтым рэгіёнам. Нават пасля расійска-грузінскай вайны 2008 года еўрапейскія палітыкі не чакалі, што Масква можа прымяніць грубую ваенную сілу, каб не дапусціць Украіну ў Еўропу.

Яшчэ важны чыннік: адзіная праграма з агульнымі для ўсіх прынцыпамі і правіламі была прапанавана краінам з вельмі розным геапалітычным становішчам, сацыяльнымі мадэлямі і палітычнымі рэжымамі, з рознай гатоўнасцю да збліжэння з ЕС, прыняццю еўрапейскіх каштоўнасцяў.

1483722187_69de64c8_281d_488f_8e18_2850c0c20370_w987_r1_s.jpg


Што далей, якія перспектывы УП? Праблема ў тым, што ЕС не мае асаблівай магчымасці перафарматаваць гэты праект. Цяпер Еўрасаюз уносіць змены і ў Еўрапейскую палітыку суседства, і ў УП. Па сутнасці галоўны кірунак змены складаецца ў тым, каб рабіць акцэнт на двухбаковых адносінах ЕС з кожнай канкрэтнай краінай-партнёрам, каб рэалізоўваць індывідуальны падыход, ўлічыць іх асаблівасці. Але ў такім выпадку губляецца першапачатковая ідэя адзінай праграмы для цэлага рэгіёну, якая грунтуецца на нейкіх агульных прынцыпах, правілах. Знікае агульная рамка. Гэта вяртанне ў 2008 год, калі ніякага УП не было. Бо калі рабіць стаўку на індывідуальны падыход, то праект «Усходняга партнёрства» не патрэбны.

Брусельскі саміт «Усходняга партнёрства» прайшоў без сенсацый, скандалаў, быў, хутчэй, руцінным, чым прарыўным. Магчыма, у гэтай руціннасці, паступовасці, паслядоўнасці і палягае галоўны сэнс цяперашняга канцэпту УП. Здаецца, Еўрасаюз пераадолеў першапачатковы амбіцыйны намер стварыць на сваёй усходняй мяжы зону дэмакратычных, рынкавых, праеўрапейскіх краін. Падыход ЕС да краін-партнёраў стаў больш прагматычным і рэалістычным. Прыйшло ўсведамленне, што палітыка — гэта мастацтва магчымага.