У каляіне контррэвалюцыі. Прагноз для беларускай мадэлі на 2024 год

Адзіны закон, які не ведае выключэнняў у сацыяльна-палітычнай сферы, — закон ненаўмысных наступстваў. На побытавым узроўні ён замацаваны ў прыказцы «чалавек думае, а Бог робіць».

belarus_horad_zima_2023_zyccjo_tuman_zmrok_palityka_ekanomika_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo.jpg

Сапраўды, чалавек страляе, а Бог кулі носіць. Як тут ні прыгадаць групу крамлёўскіх мудрацоў, якія вырашылі ў лютым 2022 года «ўзяць Кіеў за тры дні». Не яны першыя, не яны і апошнія патрапілі пальцам у неба або паляндвічнай часткай у лужыну. Не дапамаглі і мільярды, якія былі выдаткаваныя і змарнаваныя на фінансаванне шматлікіх кантор, што пладзілі штырліцаў і настрадамусаў.

Тым не менш патрэба ў прагнозах — гэта аб'ектыўная рэальнасць. А ва ўмовах нарастаючай нявызначанасці як на бытавым, так і на макраўзроўні, жаданне зазірнуць у будучыню павялічваецца па экспаненце.

Прадказваць канкрэтныя падзеі — занятак няўдзячны. Хто, напрыклад, змог прабачыць масавыя пратэсты лета-восені 2020 года? Так, яны былі справакаваныя «выбарамі». Але чым гэтыя «выбары» адрозніваліся ад не тых, — гэта значыць, ад папярэдніх, і чым яны будуць адрознівацца ад маючых адбыцца?

Максімум, на што здольныя прадказальнікі, — гэта экстрапаляваць на бліжэйшую будучыню тэндэнцыі, якія ўжо склаліся. 

Пры гэтым неабходна памятаць, што прынцып каляіны, або path-dependence problem (праблема залежнасці ад папярэдняга шляху развіцця), адкрыты англійскім статыстыкам Ангусам Мэдысанам, ніхто не адмяняў.

Унутраныя рэсурсы ў мадэлі яшчэ ёсць

У якой каляіне рухаецца беларуская мадэль развіцця (БМР)? Калі адлік весці з восені 2020 года, то ў каляіне контррэвалюцыі.

Зразумела, што такая выснова задаволіць толькі тых, хто згодны з поглядам на масавыя пратэсты 2020 года як на рэвалюцыю. Аўтар артыкула з такім поглядам згодны. Аднак гэта тэма для асобнай размовы. У самім жа факце надыходу фазы контррэвалюцыі няма нічога ўнікальнага.

Адкрываем кнігу «Как переучредить Россию? Очерки заблудившейся революции», што яшчэ пахне друкарскай фарбай, на старонцы 387. Там расійскі палітолаг Уладзімір Пастухоў адзначае: «Контррэвалюцыя — гэта завяршальная стадыя рэвалюцыі. Яна з'яўляецца не столькі аднаўленнем парадку, які існаваў да рэвалюцыі, колькі аднаўленнем парадку як такога. Пры гэтым контррэвалюцыя часцяком мае больш ярка выражаны гвалтоўны характар, чым рэвалюцыя. Больш за ўсё ахвяр рэвалюцыя пакідае не на ўваходзе, а на выхадзе, калі робяцца цвёрдымі новыя грамадскія адносіны».

Беларуская рэвалюцыя насіла выключна мірны характар. Зразумела, калі разглядаць яе з боку ўдзельнікаў пратэстаў, што не выключыла гіперсілавога адказу з боку дзяржавы для народа. А што вы хочаце? Хлопцам было што губляць.

Заканчэнне пратэстаў, аднак, не вярнула рэпрэсіі на дарэвалюцыйны ўзровень. Тут варта адзначыць, што каляіна, пракладзеная машынай рэпрэсій у 2020 годзе, стваралася не па цаліне. Архітэктары БМР, якія сказалі ў 1994 годзе «А», былі вымушаныя паслядоўна прамаўляць усе літары аўтарытарна-таталітарнага алфавіту, таму што прамежкавыя станы (паміж дэмакратыяй і дыктатурай) устойлівасцю не вызначаліся.

Па аналогіі з парадкавымі нумарамі касмічных хуткасцяў, БМР да 2020 года дасягнула першай аўтарытарнай хуткасці, што дазволіла ёй адарвацца ад сваіх еўрапейскіх каранёў, але моцна ад іх не аддаліцца. Знешнепалітычныя ініцыятывы ў стылі «Хельсінкі-2», якія генераваліся ў Палацы Незалежнасці, пакідалі ў аптымістаў надзею на вяртанне аблуднай дачкі ў еўрапейскае ўлонне.

Але ў жніўні 2020 года БМР, якая выпрацавала рэсурс імітацыйнай дэмакратыі, развіла другую аўтарытарную хуткасць — і канчаткова пераадолела гравітацыйнае прыцягненне Еўропы.

Такім чынам, у падзеленым на Поўнач і Поўдзень свеце БМР пачала пазіцыянаваць сябе як частка Поўдня. Практычныя крокі па ўступленні ў Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва (ШАС), прынятыя ў 2023 годзе, — прыклад змены дыслакацыі на палітычным глобусе.

Ці варта на гэтым касмічную Адысею лічыць завершанай? Або эвалюцыя БМР, якая стала часткай Поўдня, падышла да свайго лагічнага завяршэння? 

На жаль, Поўдзень неаднастайны. На адным яго полюсе размясціліся краіны рысавай культуры, якія дэманструюць рэкордныя тэмпы эканамічнага росту, на іншым — большасць краін Афрыкі, што ў мінімальнай ступені здольныя да эканамічнага развіцця.

У цяперашні момант БМР бліжэй да краін Афрыкі. Для канчатковага выхаду на афрыканскую арбіту спатрэбіцца ўключыць трэцюю — свабодную ад аўтарытарных бірулек — таталітарную хуткасць. Унутраныя рэсурсы ў цяперашняй беларускай мадэлі для гэтага маюцца, што і было прадэманстравана ў 2023 годзе.

Актуальны лозунг

Суверэнітэт і незалежнасць — гэта святое. Універсальны рэцэпт па захаванні святыняў даў у XIII стагоддзі князь Аляксандр Неўскі. Выкажу яго галоўную заслугу перад Айчынай у рэдакцыі грамадзяніна Пуціна У.У. «Таму што ён ездзіў у Арду, кланяўся ардынскім ханам, атрымліваў ярлык на княжанне ў тым ліку і перш за ўсё для таго, каб эфектыўна супрацьстаяць нашэсцю з Захаду. Таму што ардынцы паводзілі сябе нахабна, жорстка, але яны не закраналі галоўнага: нашу мову, традыцыі, культуру, на што прэтэндавалі заходнія заваёўнікі. < ... > Шмат у чым тое ж самае адбываецца і сёння».

Рэкамендую звярнуць увагу на апошні сказ. Не буду спрачацца: без мовы, традыцый і культуры ні адзін народ не здольны прэтэндаваць на годнае месца пад геапалітычным сонцам. Аднак, паводле ўсё таго ж Пуціна У.У., дзяржаўны суверэнітэт ёсць сума чатырох складнікаў: ваенна-палітычнага, эканамічнага, тэхналагічнага і грамадскага.

Які з іх забяспечвае беларускай мадэлі развіцця так званы «паварот на Усход»? З-за адсутнасці месца і часу прапаную абмежавацца выключна эканомікай.

За студзень-кастрычнік 2023 года беларускі ВУП падрос на 3,8%. Асноўны ўклад у такі істотны рост унесла апрацоўчая прамысловасць, якая дадала да мінулага года 9,8%. І гэта ва ўмовах санкцый!

Куфэрак адкрываўся проста. Наш адзіны саюзнік падвоіў у 2023 годзе выдаткі на вытворчасць узбраенняў — давёў іх да 3 трыльёнаў рублёў. Хоць нешта з гэтых выдаткаў не магло не перапасці і БМР. Колькі канкрэтна — статыстыка замоўчвае. Таму абмяжуюся самай агульнай інфармацыяй, агучанай 14 лістапада кіраўніком упраўлення прагназавання знешняга гандлю Міністэрства эканомікі Юліяй Зубар: «Высокімі тэмпамі расце экспарт спажывецкіх тавараў — 111,7% і інвестыцыйных тавараў — 106,6 %. Гэтаму спрыяе аднаўленне інвестыцыйнай актыўнасці, а таксама адкладзены попыт на ключавым для нас рынку — РФ».

Прамыя і ўскосныя выплаты, якія былі прастымуляваныя СВА — так званай расійскай «спецыяльнай ваеннай аперацыяй», павышаюць попыт з боку расіян. Ва ўмовах пераводу прамысловасці на ваенныя рэйкі вытворчасць спажывецкіх тавараў скарачаецца паралельна са скарачэннем імпарту з недружалюбных краін. Але каму — вайна, а каму — родная маці. Пад гэтым лозунгам і пражыла беларуская прамысловасць у 2023 годзе.