Другое прышэсце канца гісторыі. Гэтым разам з прысмакам каляровых рэвалюцый

На вуліцы суайчыннікаў, якія маюць дачыненне да пошуку адказу на пытанне «Что же будет с Родиной и с нами?», свята: 21 лістапада ў сталічным Доме прэсы на прэс-канферэнцыі «Прэзентацыя выдавецкіх праектаў аб гісторыі і сучаснасці беларускай дзяржавы» быў прадстаўлены бестселер года, які амаль адышоў у нябыт, — кніга «Прысмак каляровых рэвалюцый» («Привкус цветных революций»). 

Кніга «Прысмак каляровых рэвалюцый», крыніца фота: izdatelstvo.by

Кніга «Прысмак каляровых рэвалюцый», крыніца фота: izdatelstvo.by

1500 асобнікаў разышліся, як дранікі ў «Лідо» на праспекце Незалежнасці. «І мы абмяркоўваем пытанне наконт дадатковага тыражу да канца года», — супакоіла галоўная рэдактарка выдавецтва «Беларусь» Ларыса Языковіч.

Падрыхтаваў унікальны міжнародны праект сумесна з выдавецкім домам «Беларусь сёння» аналітычны цэнтр ЕсооМ. Той самы, які за дваццаць гадоў свайго існавання так і не абзавёўся ўласным сайтам. Вось што значыць адданасць традыцыям нашых бацькоў і дзядоў!

Разыходжанні ў нюансах

Усялякае карэктнае абмеркаванне варта пачынаць з вызначэння тэрмінаў. Згодна з Вікіпедыяй, «каляровыя рэвалюцыі» — тэрмін, што выкарыстоўваецца з пачатку 2000-х гадоў для апісання спроб змяненняў урада і грамадства, якія адбываліся ў постсавецкіх дзяржавах. Іх мэтай было ўсталяванне ліберальнай дэмакратыі заходняга ўзору і выкараненне карупцыі. Яны былі выкліканы ў першую чаргу вынікамі выбараў, якія многія лічылі сфальсіфікаванымі.

Вікіпедыя дае і альтэрнатыўнае вызначэнне: каляровыя рэвалюцыі з'яўляюцца прадуктам махінацый Злучаных Штатаў і іншых заходніх дзяржаў і ўяўляюць сабой незаконнае ўмяшанне ва ўнутраныя справы суверэнных краін. Фразеалагізм «каляровая рэвалюцыя» таксама выкарыстоўваецца для абазначэння пратэстаў, на якія, на думку праціўнікаў, празмерна ўплываюць замежныя дзяржавы.

Нескладана здагадацца, што аўтарскі калектыў бестселера, з «дзясяткаў вядучых палітолагаў, аналітыкаў і публіцыстаў з больш чым 20 краін свету», абапіраўся на альтэрнатыўнае вызначэнне. Дзякуючы чаму, на думку Ларысы Языковіч, «пасля яго чытання ўсё раскладваецца па палічках, і ты на свае вочы бачыш, што каляровыя рэвалюцыі ў розных краінах і на розных кантынентах — зусім аднатыпныя падзеі, якія адбываліся практычна па адной схеме. І калі нават у нюансах былі разыходжанні, то асноўныя іх вектары — адны і тыя ж».

Калі б Карлу Марксу давялося адчуць у роце «прысмак каляровай рэвалюцыі», ён быў бы вымушаны паставіць крыж на сваім уяўленні пра рэвалюцыю як пра лакаматыў гісторыі. Больш за тое, ён адмовіўся б ад свайго погляду на гісторыю як на працэс.

Аўтары «Прысмаку» ўслед за амерыканскім палітолагам Фрэнсісам Фукуямам — хоць самі і не ўсвядомілі таго — фактычна абвясцілі пра другі прыход канца гісторыі. Але калі першае прышэсце Фукуяма звязаў з распаўсюджваннем у свеце ліберальнай дэмакратыі заходняга ўзору, што сведчыць аб канчатковай кропцы сацыякультурнай эвалюцыі чалавецтва, то для яго «калег» канец гісторыі — гэта нязменнасць улады ў асобна ўзятых краінах. 

Формула падобнага канца гісторыі неаднаразова высякалася з айчыннага граніту з дапамогай чатырох слоў: «Мы ўладу не аддадзім». Сапраўды, сцісласць — сястра таленту!

Цэнтр Еўропы, як-ніяк!

Класікі марксізму-ленінізму не верылі ў магчымасць экспарту рэвалюцый, пад якімі яны разумелі сістэмную трансфармацыю палітычных, эканамічных і сацыяльных інстытутаў пры слабой дзяржаве.

Як гэта ні падасца дзіўным, але быў час, калі з аб'ектыўнай прыродай каляровых рэвалюцый — і, такім чынам, з немагчымасцю іх экспарту — згаджаліся і ў Беларусі: «Вірус каляровых рэвалюцый паражае толькі слабыя краіны, чый дзяржаўны арганізм выматаны эканамічнымі і сацыяльнымі праблемамі, а ўлада знаходзіцца ў канфрантацыі з насельніцтвам. У Беларусі для яго проста няма пажыўнага асяроддзя. Таму даю вам цвёрдую гарантыю: ліміт рэвалюцый і ўзрушэнняў вычарпаны, ніякія «майданы» і «плошчы» нашаму грамадству не пагражаюць» (фрагмент выступлення на цырымоніі інаўгурацыі 21.01.2011).

Практыка — крытэр ісціны. Тое, у чаго ў 2011 годзе адсутнічала пажыўнае асяроддзе (прынамсі, угледзець такое асяроддзе з вяршыні ўладнай вертыкалі не атрымлівалася), праявіла сябе ва ўсёй красе праз дзевяць гадоў.

Тое, што адбылося, мела патрэбу ў тлумачэнні. Прызнаць наяўнасць канфлікту дзяржавы з насельніцтвам (ва ўсякім выпадку, з яго значнай часткай) у Палацы Незалежнасці, натуральна, не маглі. Але попыт на альтэрнатыўнае тлумачэнне спарадзіў прапанову. Пры гэтым прафесійным гігантам думкі турбавацца не давялося. Яны скарысталіся тым, што ляжала на паверхні. А на паверхні, калі хто не ў курсе, для апраўдання ўласных правалаў заўсёды ляжаць знешнія ворагі.

Патрэбу ў такіх ворагах архітэктары беларускай мадэлі адчувалі заўсёды, што не перашкаджала ім разважаць пра краіну пад белымі крыламі як пра донара еўрапейскай стабільнасці і выступаць з ініцыятывамі аб правядзенні Хельсінкі-2. Абыгрывалася геаграфічнае становішча, а таксама вобраз моста. Цэнтр Еўропы, як-ніяк!

Тое, што яшчэ ўчора разглядалася ў якасці перавагі геаграфічнага становішча, абярнулася недахопам цывілізацыйнага маштабу: «Наша краіна, будучы сувязным звяном паміж Захадам і Усходам, трапіла ў эпіцэнтр цывілізацыйнага супрацьстаяння. Мы не згушчаем фарбы, а канстатуем факт: уздоўж нашых меж метадычна нарошчваецца наступальная ваенная інфраструктура NАТО» (29.07.2021).

Калегам па будаўніцтве адзінай Еўропы ад Лісабона да Уладзівастока хапіла аднаго дня (24 лютага 2022 года) для пераабування ў спецыялістаў, гатовых з дапамогай аднаго кліку мышкі наносіць шкоду на мільярды рублёў захавальнікам традыцыйных каштоўнасцей.

***

Прысмак — старонні смак, які прымешваюць да смаку чаго-небудзь (стравы, пітва і да таго падобнага). Ён будзе пастаянна прымешвацца, то ў выглядзе каляровых рэвалюцый, то ў выглядзе Бог ведае яшчэ чаго да незмяняльных рэжымаў, няздольных да развіцця.