У пастку, альбо Што было да Пуціна
На фоне чарговага абвастрэння беларуска-расійскіх адносін, шавіністычнага выбуху ў шматлікіх сродках масавай інфармацыі ўсходняй суседкі, варта зрабіць адпаведную гістарычную рэтраспектыву. Вынік несуцяшальны.
Далёка не ўсе былі рады візіту Ельцына ў Мінск 21 лютага 1995 года. Крыніца: Свабода, люты 1995 года
Пасля распаду СССР і да прыходу «новага збіральніка рускіх земляў» Уладзіміра Пуціна намаганні нашага «старэйшага брата» практычна былі накіраваны на тое, каб надзейна ўтрымаць Беларусь у сферах сваіх інтарэсаў і падрыхтаваць глебу для далейшай магчымай інкарпарацыі. На жаль, беларускае афіцыйнае кіраўніцтва не аднойчы давала шмат нагодаў.
«Чым дапамагчы, Слава, чым дапамагчы?»
Адным з заўзятых апалагетаў збліжэння з Расіяй быў кіраўнік ўрада Кебіч. Найбольш канцэнтравана Вячаслаў Францавіч выказаўся наконт гэтага пытання ў артыкуле «Беларусь: проблемы модернизации (ответ оппонентам)», які быў надрукаваны ў цэнтральнай прэсе ў чэрвені 1994 года як раз напярэдадні першых прэзідэнцкіх выбараў. Тады Кебіч назваў саюз з Расіяй сваім «нравственным кредо». І сапраўды, знешняя палітыка Кебіча пераследвала мэту шчыльнай інтэграцыі з Расіяй літаральна ва ўсіх сферах.
Дастаткова прыгадаць падпісаныя 20 ліпеня 1992 года ўрадамі Беларусі і Расіі шэраг пагадненняў у фінансава-эканамічнай сферы (падрыхтоўка да адзінай грашовай сістэмы і інш.), а таксама дагавор аб каардынацыі дзейнасці ў ваеннай галіне і пагадненне аб стратэгічных сілах, часова размешачаных на тэрыторыі Беларусі. Згодна з апошнім дакументам, усе стратэгічныя сілы, размешчаныя на тэрыторыі Беларусі, з усёй маёмасцю пераходзілі пад юрысдыкцыю Расійскай Федэрацыі. Яна фінансавала выдаткі на ўтрыманне гэтых сваіх Узброеных Сіл разам з забеспячэннем і ўтрыманнем ваенных гарадкоў, аднак не плаціла Беларусі ніякай арэнды за занятыя тэрыторыі (пакет беларуска-расійскіх дакументаў у ваеннай галіне быў ратыфікаваны Вярхоўным Саветам Беларусі 12 га склікання ў пачатку лютага 1993 года).
Дэпутацкая большасць у Вярхоўным Савеце была таксама арыентавана на Расію і ішла на небяспечныя авантурныя дзеянні. Так, 9 красавіка 1993 года Вярхоўны Савет прыняў пастанову, чацвёрты пункт якой ускладаў на старшыню парламента Станіслава Шушкевіча абавязак пацвердзіць далучэнне Беларусі да Дамовы аб калектыўнай бяспецы ад 15 мая 1992 года, падпісанай у Ташкенце. Праўрадавым дэпутатам у Вярхоўным Савеце ўдалося дабіцца таго, каб пастанова прымалася не двума трацямі галасоў, а простай большасцю, што істотна аблегчыла яе зацвярджэнне.
Пункт № 4, праўда, змяшчаў агаворку пры далучэнні Беларусі да Ташкенцкай дамовы: выкарыстанне Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, размяшчэнне і выкарыстанне войскаў іншых дзяржаў на тэрыторыі Беларусі былі магчымы толькі з дазволу Вярхоўнага Савета Беларусі.
Найбольш паслядоўна супраць ваеннага саюзу з Расіяй выступіла парламенцкая апазіцыя БНФ. Яна абвінаваціла Кебіча і дэпутацкую большасць у парушэнні нейтралітэту краіны, які гарантавала Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце ад 27 ліпеня 1990 года.
Аднак урад Кебіча ішоў далей. 8 верасня 1993 года Кебіч і кіраўнік расійскага ўрада Віктар Чарнамырдзін падпісалі паганенне аб аб’яднанні грашовай сістэмы Рэспублікі Беларусь з грашовай сістэмай Расійскай Федэрацыі. Згодна з пагадненнем, Беларусь і Расія павінны былі стварыць умовы для аб’яднання да 1 студзеня 1994 года, прычым Нацыянальны банк Беларусі і Цэнтральны банк Расіі захоўвалі аднолькавыя правы.
18 лістапада 1993 года пагадненне было ратыфікавана. З 255 удзельнікаў галасавання праект пастановы аб ратыфікацыі падтрымалі 207 парламентарыяў пры кворуме ў 173 галасы. Супраць ратыфікацыі Пагаднення выказаліся ўсяго 25 дэпутатаў. Сярод іх быў народны дэпутат Віктар Алампіеў. Вось што ён казаў: «Для меня ясно, что объединение денежных систем Республики Беларусь и России, которое тут названо высшей формой экономической интеграции, это не что иное, как ликвидация государства Беларусь. Я не стану вас переубеждать, прошу только обратить своё внимание на некоторые аспекты гармонизации наших законодательств…
…О реформах. Россия уже два года проводила реформы. Наше правительство реформы имитировало, и вы это хорошо знаете. А теперь представьте себе, если поставить на одну беговую дорожку тренированного человека и человека, который не тренировался, и заставить их пробежать одну и ту же дистанцию, допустим, с максимальной возможностью тренированного человека. Может произойти летальный исход. То же произойдёт с нашей экономикой, если мы сегодня гармонизируем наше законодательство, потому что наша экономика отстала в экономических реформах и в темпах реформ от России».
Падтрымаць ратыфікацыю, перастаць «играть в национализм» заклікаў дэпутат Аляксандр Лукашэнка. Перад пачаткам галасавання Вячаслаў Кебіч заявіў: калі няма даверу, то няхай дэпутаты створаць назіральную камісію, каб туды ўвайшлі спецыялісты.
Вячаслаў Кебіч імкнуўся заручыцца падтрымкай Расіі, бо меў жаданне забяспечыць сябе палітычную будучыню. Справа ў тым, што заканчваліся паўнамоцтвы Вярхоўнага Савета Беларусі 12 склікання, які нарэшце падыйшоў да вырашэння важнага пытання — прыняцця новай Канстытуцыі, якая ўводзіла пасаду прэзідэнта — кіраўніка выканаўчай улады.
1 сакавіка 1994 года ў выступе перад дэпутатамі Кебіч заявіў, што Расійская Федэрацыя — наш апраўданы і гістарычны выбар: маўляў, няма альтэрнатывы «общности белорусской и русской культуры».
12 красавіка 1994 года Вячаслаў Кебіч зрабіў, бадай, самы важкі і рашучы крок у сваім палітычным жыцці: разам з расійскім прэм’ер-міністрам Віктарам Чарнамырдзіным ён падпісаў дагавор аб аб’яднанні грашовых сістэмаў Беларусі і Расіі і ўмовах фарміравання адзінай грашовай сістэмы. Тэарэтычна дагавор прадугледжваў увядзенне на тэрыторыі абедзвюх краін адзінага плацёжнага сродку — расійскага рубля, прычым абменны курс, прапісаны ў дагаворы, быў выгадны беларусам, улічваючы няўстойлівасць беларускага рубля і высокія тэмпы інфляцыі ў Беларусі. Наяўныя грошы беларускіх грамадзян у суме да 200 тыс. разліковых білетаў, а таксама іх банкаўскія ўклады да 1 млн. разліковых білетаў абменьваліся па курсе 1:1.
Згодна з дагаворам, адзіным эмісійным цэнтрам станавіўся Цэнтрабанк Расіі, што было відавочным парушэннем беларускай Канстытуцыі (прынята 15 сакавіка 1994 года). Супраць гэтага выступіў кіраўнік беларускага Нацбанка Станіслаў Багданкевіч, а Кебіч пачаў «праціскаць» ідэю змены артыкула 148 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, паводле якой адзіным эмісійным цэнтрам на тэрыторыі Беларусі з’яўляўся Нацбанк Рэспублікі Беларусь.
Праўрадавыя СМІ падалі падпісанне дагавора як выдатную перамогу беларускай знешняй палітыкі. «Белорусская нива» 15 красавіка выступіла з перадавіцай «Победа здравого смысла». Цікава, што дзяржаўныя выданні, расхвальваючы дагавор, устрымаліся ад яго публікацыі. Тэкст дагавора надрукавала недзяржаўная газета «Белорусский рынок».
За падпісанне дагавора рэзкай крытыцы Кебіча падвергла парламенцкая апазіцыя БНФ, яна абвінаваціла яго ў антыдзяржаўнай дзейнасці і здрадзе беларускай Канстытуцыі. Адзін з вядомых дзеячаў апазіцыі нават заявіў, што за падобныя ўчынкі прадугледжана смяротнае пакараннне (Гл.: Заблоцкий, В. Конституция, государственность, договоры и …ложь // Народная газета. – 1994. – 23-25 красавіка. – С. 1-2.).
27 красавіка 1994 года дагавор аб аб’яднанні грашовых сістэм Беларусі і Расіі был ратыфікаваны Вярхоўным Саветам Беларусі.
Пры абмеркаванні пытання першы намеснік Кебіча Міхаіл Мясніковіч абвясціў «генеральный курс на союз с Россией». Па словах Мясніковіча, «союз с Россией дает нам грандиозный исторический шанс, и упустить его — значит, совершить преступление перед своим народом и будущими поколениями».
Прадстаўнік апазіцыі БНФ Юрый Беленькі назваў гэты дагавор не інтэграцыяй, а самай звычайнай палітыкай каланіялізму.
Прапанова дэпутата апазіцыі БНФ Валянціна Голубева аб унясенні ў парадак дня пытання аб парушэнні Канстытуцыі пры падпісанні дагавора было адвергнута.
Дэпутат Лукашэнка заклікаў сваіх калегаў без ваганняў ратыфікаваць дагавор. Па словах гэтага дэпутата, акрамя Расіі ў Беларусі толькі адзіны шлях — у космас.
У перадвыбарчай барацьбе за пасаду прэзідэнта (выбары былі прызначаны на 23 чэрвеня 1994 года) расійскі казырны фактар з рук Кебіча ўсяляк імкнуўся выбіць Аляксандр Лукашэнка. Гэты народны дэпутат сцвярджаў, што дагавор ад 12 красавіка 1994 года —- фікцыя, і што з Кебічам у Маскве больш ніхто не жадае размаўляць. Лукашэнка наведаў Дзяржаўную Думу ў маі 1994 года і заклікаў вярнуцца да беларуска-расійскага дагавора ад 8 верасня 1993 года.
Аднак афіцыйная Расія да апошняга моманту падтрымлівала Кебіча. Пра гэта сведчыць закрытая нарада з удзелам беларускага-прэм’ер-міністра 5 чэрвеня 1994 года ў Полацку. У размове з мясцовым палітычным і гаспадарчым актывам Кебіч прызнаваўся, што яму званілі з Масквы і пыталіся: «Чым дапамагчы, Слава, чым дапамагчы?».
Пасля няўдалага выніку выбараў 23 чэрвеня 1994 года Кебіч, тым не менш, працягваў эксплуатаваць расійскае пытанне і меў знешнюю падтрымку. 3 ліпеня 1994 года ў Заслаўі ён разам з Віктарам Чарнамырдзіным падпісаў пратакол аб рэалізацыі дагавора ад 12 красавіка. Паводле пратакола, напрыклад, да канца ліпеня бягучага года павінен быў быць распрацаваны механізм абмену беларускіх разліковых білетаў на расійскія рублі. Тады ж у Заслаўі было падпісана беларуска-расійскае пагадненне аб сумесных дзеяннях па мінімізацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. З гэтай мэтай Расія выдзяляла 2 млрд. руб.
Аднак 10 ліпеня 1994 года ў другім туры прэзідэнцкіх выбараў перамогу атрымаў Лукашэнка. Цяпер Маскве трэба было мець справы з новым беларускім гаспадаром.
Пачатак экспансіі
У першыя месяцы пасля перамогі Лукашэнкі ў расійскага кіраўніцтва не было ярка выразнай пазіцыі ў адносінах да новага беларускага лідара, нягледзячы на сустрэчу Лукашэнкі і Ельцына ў жніўні 1994 года і абяцанкі апошняга ўсяляк падтрымліваць Беларусь. Для Масквы было галоўным, што да ўлады ў суседняй краіне не прыйшоў «нацыяналіст» кшталту лідара БНФ Зянона Пазьняка (у студзені 1994 года надрукаваў свой рэзанансны артыкул «О русском империализме и его опасности»).
Усё змянілася ў канцы 1994 года. Справа ў тым, што тады Расія распачала вельмі няўдалую для сябе чачэнскую вайну. Напэўна, Ельцын зразумеў, у якую авантуру ўвязаўся, але было запозна. Таму, каб неяк нейтралізаваць паразы на чачэнскім накірунку, Ельцын кінуў свой погляд на Беларусь. Тым больш, што ў 1996 годзе ў Расіі былі павінны прайсці прэзідэнцкі выбары, а гульні з Беларуссю маглі б падвысіць ельцынскі рэйтынг, які істотна падаў.
У пачатку студзеня 1995 года ў Мінску высадзіўся цэлы расійскі дэсант у асобах прэм’ер-міністра Віктара Чарнамырдзіна, міністра замежных спраў Андрэя Козырава і старшыні Савета Федэрацыі Уладзіміра Шумейкі. Вынікам стала падпісанне 6 студзеня 1995 года пагаднення аб стварэнні Мытнага саюза.
3 лютага 1995 года Беларусь наведаў кіраўнік Дзярждумы Расіі Іван Рыбкін, які выступіў у Вярхоўным Савеце. Дарэчы, парламенцкая апазіцыя БНФ рашуча выказалася супраць выступлення высокага расійскага госця — прадстаўніка той краіны, якая знаходзілася ў стане вайны.
Аднак кансерватыўная парламенцкая большасць усё ж дала слова Рыбкіну, які казаў аб супольных гістарычных каранях беларускага і расійскага народаў, неабходнасці інтэграцыі, збліжэнні заканадаўства дзвюх краін. Закрануў спікер расійскай Дзярждумы і тэму чачэнскай вайны. Добра ведаючы, што Расія сама развязала чачэнскую бойку, Рыбкін па-фарысейску сцвярджаў, што «на юге России поселилось средневековье».
Такія візіты былі своеасаблівай арт-падрыхтоўкай для прыезду Ельцына ў Беларусь. Ён адбыўся 21 лютага 1995 года. У гэты ж дзень у Мінску быў падпісаны беларуска-расійскі дагавор аб дружбе, добрасуседстве і супрацоўніцтве. За агульнымі фразамі хаваліся сапраўдныя памкненні Расіі: напрыклад, захаваць на тэрыторыі Беларусі свае ваенныя базы (21 лютага 1995 года член парламенцкай апазіцыі БНФ Валянцін Голубеў перадаў у Вярхоўны Савет больш за 800 подпісаў жыхароў г. Ганцавічы Брэсцкай вобласці, сабраных пад патрабаваннем зачыніць расійскі ваенны аб’ект «Баранавічы»).
Безумоўным пашырэннем расійскага ўплыву на Беларусі можна лічыць рэферэндум 14 мая 1995 года, які ініцыяваў Лукашэнка. На рэферэндуме быў зацверджаны дзяржаўны статус рускай мовы, а таксама пытанне аб ухваленні палітыкі беларускага кіраўніка, накіраванай на эканамічную інтэграцыю з Расіяй. Увогуле, ухваленне такога пытання было юрыдычным нонсесам, бо гэта — норма прамога дзеяння.
11 красавіка 1995 года пры абмеркаванні гэтых пытанняў рэферэндуму дэпутат Генадзь Маісееў спытаў Лукашэнку, ці не баіцца той застацца ў ролі расійскага губернатара. Адказ Лукашэнкі быў красамоўным: «Республика есть и будет, чтобы там не говорили руцкие-жириновские».
Сам Лукашэнка сцвярджаў, што ўхваленне пытання аб эканамічнах адносінах з Расіяй — жыццёванеабходнае: «Мы на Западе никому не нужны, кому нужен МАЗ, кому нужен БелАз? Ведь сегодня на Беларусь смотрят как на центр славянского мира, откуда может пойти возрождение этого славянства!».
З пачаткам 1996 года і набліжэннем прэзідэнцкай кампаніі ў Расіі адносіны Масквы і Мінска актывізаваліся. 22 сакавіка 1996 года Вярхоўны Савет Беларусі наведала расійская дэлегацыя на чале з кіраўніком Савета Федэрацыі Ягорам Строевым. Апошні ўздаў «честь и хвалу» Лукашэнку, які «выступает как возмутитель спокойствия на просторах СНГ». Строеў заявіў, што нічога на свеце няма лепш за беларускія трактары і шыны і падараваў беларускім дэпутатам карціну «Храм Христа Спасителя».
Справа ў тым, што Ельцын і Лукашэнка рыхтавалі падпісанне дагавора аб утварэнні супольнасці Беларусі і Расіі з мэтай пераходу на больш высокую ступень інтэграцыі (так было заяўлена афіцыйна). У дэпутатаў Вярхоўнага Савета 13-га склікання, якія былі ў апазіцыі да Лукашэнкі, узніклі натуральныя пытанні наконт мэтазгоднасці такой супольнасці. Напрыклад, 27 сакавіка 1996 года Віктар Ганчар казаў: калі супольнасць не пераследуе палітычныя мэты, навошта яна. Іншыя пытанні: мытныя, грашовыя і інш., па словах Ганчара, прапісаны ў папярэдніх дамоўленасцях, у тым ліку і ў Белавежскіх пагадненнях. Анатоль Лябедзька ўвогуле сцвярждаў, што супольнасць нясе пагрозу беларускай незалежнасці і пытаўся: ці не давядзецца Лукашэнку неўзабаве ўзначаліць партызанскі атрад на Шклоўшчыне.
Лукашэнка эмацыянальна даказваў дэпутатам, што супольнасць — «кость в горле радикалов и политических спекулянтов», а яна патрэбна, каб «адаптироваться к бешеным ценам на энергоресурсы».
Паколькі Вярхоўны Савет Беларусі 13-га склікання быў па сутнасці «чырвона-зялёным» (у ім гаспадарылі камуністы і аграрыі), то Лукашэнка быў падтрыманы. 29 сакавіка 1996 года Вярхоўны Савет зацвердзіў пастанову, у якой ухваляліся намаганні Лукашэнкі на інтэграцыю з Расіяй і краінамі СНД.
Фармат гэтай пастановы, праўда, не задаволіў найбольш гарачыя голавы. Так, кіраўнік фракцыі камуністаў Калякін выказваў незадавальненне тым, што нягледзячы на намаганні камуністычнай фракцыі, не ўдалося паставіць пытанне аб палітычнай і маральнай ацэнцы дзеянняў вышэйшых службовых асобаў, якія ў снежні 1991 года падпісалі Белавежскія пагадненні.
2 красавіка 1996 года пагадненне аб супольнасці Беларусі і Расіі было падпісана. З тэкста дагавора можна зрабіць выснову аб чыста тэхнічным характары супольнасці: шматлікія пытанні, агучаныя ў тэксце, можна было вырашыць нават на ўзроўні міністэрстваў і ведамстваў.
Тым не менш, дагавор аб супольнасці адыгрываў сваю ролю. Ельцыну гэта давала магчымасць рэабілітавацца за развал Саюза і загладзіць комплекс віны, а Лукашэнку — пашыраць свой уплыў у расійскіх рэгіёнах, кантактаваць з губернатарамі і інш.
Незалежныя экспеты і СМІ пачалі абмяркоўваць пытанне, што з дапамогай інтэграцыйных гульняў Лукашэнка хоча стаць кіраўніком Расіі. Гэты факт, дарэчы, не абвяргаў і сам Ельцын. У сваёй кнізе «Президентский марафон» Ельцын сцвярждаў, што першапачатковы тэкст дамовы аб стварэнні саюза Беларусі і Расіі (падпісаны 2 красавіка 1997 года) быў складзены такім чынам, што беларускі кіраўнік на пэўны час станавіўся на чале Расіі. Па словах Ельцына, гэта своечасова заўважыў Анатоль Чубайс. Ельцын прызнаўся, што вымушаны быў звольніць некалькі супрацоўнікаў сваёй адміністрацыі.
Сам Ельцын, напэўна, пачаў адчуваць настроі Лукашэнкі і шукаў нагоду, каб публічна асадзіць беларускага калегу, які занадта зарваўся. Такой нагодай у 1997 годзе стала «справа журналістаў» (калі кіраўнік карпункта ОРТ у Мінску Павел Шарамет і аператар Дзмітрый Завадскій былі затрыманыя беларускімі спецслужбамі на беларуска-літоўскай мяжы). Нягледзячы на патрабаванні Ельцына, Лукашэнка не выпускаў журналістаў. І тады расійскі бок у кастрычніку 1997 года забараніў беларускаму кіраўніку палёт у паветраную прастору Расіі (Лукашэнка накіроўваўся на сустрэчу з яраслаўскім губернатарам).
Паступова Расія пачала змяншаць эканамічныя прэферэнцыі Беларусі, што дало Лукашэнку нагоду заявіць у пачатку ліпеня 1999 года на сесіі парламенцкага сходу саюза Беларусі і Расіі аб неабходнасці пераадолення Беларуссю «дикого крена на Восток».
Аднак Ельцыну было ўжо ўсё роўна. Ён канчаткова вырашыў сысці. Аднак пад канец Ельцын аказаў свайму калеге «мядзведжую паслугу»: 8 снежня 1999 года быў падпісаны дагавор аб стварэнні т.зв. саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі — чарговай хімеры палітыкаў, якія жадалі падмануць адзін аднаго.
Аднак праз дваццаць год гэтую хімеру ўзяўся адрадзіць Уладзімр Пуцін. Ці рыхтавацца Беларусі да «Белоруссии»?