У пошуках апазіцыйнай стратэгіі
Выбарчыя кампаніі даюць дадатковыя магчымасці для данясення партыямі сваіх версіяў праўды. Іх можна даносіць як байкатуючы выбары, так і прымаючы ў іх самы актыўны ўдзел. Якую тэхналогію з дзвюх узаемавыключальных варта прызнаць найбольш эфектыўнай, пытанне другаснае.
Студзень-люты — найлепшы час для падвядзення вынікаў. Эканамічная статыстыка даступная. Нішто не перашкаджае зайсці на сайт Белстата ды прааналізаваць і параўнаць тое, што атрымалася па факце, з тым, што абяцала беларусам «дзяржава для народа». Здавалася б, на такога кшталту намаганні псеўдааналітыкаў» павінен быць попыт з боку палітычных актывістаў «пятай калоны».
Аднак усе звароты аўтара «Азбука паліталогіі» ў партыйныя офісы на тэму падвядзення вынікаў скончыліся НІЧЫМ. Асноўная прычына — НЕ ДА ТАГО. Пра якія вынікі гаворка, калі выбары на носе!
Цікавая адгаворка. Атрымліваецца, што выбары кіраўніцтвам апазіцыйных партый разглядаюцца ў якасці выключна тэхнічнага мерапрыемства (вылучэнне кандыдатаў, збор подпісаў і іншае). А як наконт змястоўнага боку выбарчай кампаніі?
У маім архіве ў тэчцы «Апазіцыя» маецца файл «Даносы». Абмяжуюся дзвюма цытатамі, з якіх я свядома выдаліў прозвішчы аўтараў. «Партыя правяла кампанію байкоту зыходзячы не з кан’юнктурных меркаванняў — мы лічылі правільным такія дзеянні. Байкот — гэта праўда, якую мы спрабавалі данесці (вылучана. — С.Н.) да беларускага народа, і стратэгія, якую мы павінны былі ажыццяўляць у існуючых беларускіх умовах». «Крытэрыі эфектыўнасці вызначаюцца толькі рэальнай працай з выбаршчыкамі, якую можна вымераць колькасцю данясенняў (вылучана. — С.Н.) да выбаршчыка ўлётак, асабістых кантактаў, колькасцю назіральнікаў, якія адсочваюць выбарчы працэс».
Як тут не пагадзіцца з расійскім палітолагам Станіславам Бялкоўскім, які сцвярджае, што праўда — гэта версія, якая задавальняе.
Выбарчыя кампаніі даюць дадатковыя магчымасці для данясення партыямі сваіх версіяў праўды. Іх можна даносіць як байкатуючы выбары, так і прымаючы ў іх самы актыўны ўдзел. Якую тэхналогію з дзвюх узаемавыключальных варта прызнаць найбольш эфектыўнай, пытанне другаснае. Бясспрэчна, усялякае дзеянне — гэта добра і карысна, у тым ліку і «даносы праўды», якія ажыццяўляюцца пры дапамозе ўлётак. Але ці істотна, што напісана ва ўлётках?
Заходжу на сайты АГП і Партыі БНФ. Інфармацыі па пытаннях, якія мяне цікавіць, адшукаць не атрымалася. Таму нішто не перашкаджае мне пафантазіраваць на тэму стратэгіі апазіцыі на сучасным этапе развіцця «беларускай мадэлі».
Тры напрамкі
Згодна з першым вершам Евангелля паводле Яна, «напачатку было Слова». З гэтым не паспрачаешся. Кожнай справе папярэднічаюць слова і думка. У прыватнасці, Французскай рэвалюцыі папярэднічаў так званы «час клубаў». Без масавых дыскусій у рэвалюцыі не было б шанцаў стаць вялікай.
Аднак урок, які французы далі свету ў канцы XVIII стагоддзя, намі не засвоены. Тут магчымыя два тлумачэнні: або да стадыі асэнсавання мы яшчэ не дараслі, або гэтую стадыю мы ўжо праскочылі як непатрэбную.
Любая апазіцыйная стратэгія абмяжоўваецца аб’ектыўнымі рамкамі, якія задаюцца базавымі характарыстыкамі грамадства і ўлады.
Беларускае грамадства, як я ўжо неаднаразова адзначаў, можа знаходзіцца як у стане апатыі, так і ў стане палітычнага ўзбуджэння. Першы стан — асноўны. У XX стагоддзі грамадства ўзбуджалася толькі два разы — у 1917 годзе і на піку перабудовы Гарбачова. Двум станам грамадства павінны адпавядаць дзве стратэгіі апазіцыя. Чытайце старазапаветнага «Эклезіяста», бо лепей і не скажаш: «Усяму свой час, і час усякай рэчы пад небам: час нараджацца і час паміраць; час насаджаць і час збіраць пасаджанае; <...> час раскідаць камяні і час збіраць камяні; <...> час вайне і час міру...» Ад сябе дадам: час пазітыўнай і час негатыўнай павесткі.
Апазіцыйная партыя ў Беларусі можа быць толькі рэвалюцыйнай. Не для таго адзіны палітык (АП) у 1994 годзе перамог на дэмакратычных выбарах, каб «насуперак волі народа гэту ўладу аддаць купцы шарлатанаў». А іншых апанентаў — АП у гэтым перакананы! — у яго няма і быць не можа.
Аднак, як тлумачыць палітолаг Уладзімір Пастухоў, рэвалюцыйная партыя — гэта не тая партыя, якая рыхтуе рэвалюцыю, а тая партыя, якая рыхтуецца да рэвалюцыі. «Зрабіць» рэвалюцыю намаганнямі апазіцыі немагчыма. Рэвалюцыю робіць сама ўлада. Тым, хто ў гэтым сумняваецца, нагадаю словы з інтэрв’ю АП ад 26 сакавіка 2014 года: «Як ні круці, тое, што адбылося на Майдане, — віна толькі дзеючай тады ўлады. А потым ужо амерыканцы, дарадцы, Усход і іншыя — гэта ўсё было потым. Гэта адбываецца там, дзе ёсць для гэтага глеба. А гэту глебу стварыла ўлада Украіны».
Пакуль рэвалюцыя не пачалася (пакуль улада не стварыла рэвалюцыйную сітуацыю), асноўныя задачы рэвалюцыйнай партыі з’яўляюцца непалітычнымі, бо не можа быць палітычных задач там, дзе няма палітыкі.
Непалітычныя задачы рэвалюцыйнай партыі (паводле Пастухова) зводзяцца да трох асноўных напрамкаў: дыскрэдытацыя рэжыму, дыялог з масамі (па тых пытаннях, якія цікавяць масы, а не рэвалюцыйную партыю) і фарміраванне рэвалюцыйнага ядра (па сутнасці, ствалавых клетак будучай новай улады).
Добра, у каго запас на ліхі час
А цяпер звернемся да табліцы. Пасля «ліхіх дзевяностых» на працягу трох пяцігодак рост рэальных наяўных грашовых даходаў беларусаў быў двухзначным. Але да 2011 года «Беларуская мадэль» свой рэсурс вычарпала, што і зафіксавала статыстыка. Апанентам АП такім падарункам грэх было б не скарыстацца. Бо лепшага фону для дыскрэдытацыі рэжыму і не прыдумаць. Гэта вам не заможныя «нулявыя» гады. І чым далей будзе дэградаваць эканоміка, тым прасцей стане апазіцыйным палітыкам весці дыялог з масамі і рэкрутаваць у свае шэрагі неафітаў.
У спіс задач рэвалюцыйнай партыі не ўвайшоў удзел у выбарах. З гэтага не вынікае, што выбары трэба байкатаваць. Наадварот, варта ўдзельнічаць самым актыўным чынам, бо выбары — выдатны інструмент для дыскрэдытацыі ўлады.
Тут я ў чарговы раз не магу ўтрымацца ад цытавання: «Наша апазіцыя — гэта эпігоны пазаўчарашняга еўрапейскага лібералізму. У гэтым сэнсе гэта іх самая вялікая праблема. Яны паўтараюць абсалютна правільныя лозунгі, я падзяляю іх мэты, але яны не робяць вельмі важныя рэчы — яны не спрабуюць прадставіць праблемы большай часткі насельніцтва» (Леў Гудкоў, дырэктар Лявада-цэнтра).
Беларускае выбарчае заканадаўства не ідэальнае, але чыя гэта праблема? Сёння нічыя. Пакуль рэвалюцыя не пачалася, насельніцтва не цікавіцца ні якасцю заканадаўства, ні партыямі, ні іх праграмамі. Таму няма сэнсу разважаць пра каштоўнасці свабоды і дэмакратыі.
Рэвалюцыйная партыя ў адсутнасць рэвалюцыі павінна ўмець быць «нерэвалюцыйнай» і займацца не тым, што цікава ёй, а тым, што цікава грамадству. Адзін прыклад. У канцы 2016 года АП «даручыў у наступным годзе выйсці на адзнаку ў $ 500» сярэдняй зарплаты. І які вынік? У снежні яна склала 995,3 руб. — гэта значыць, што даручэнне выкананае: АП сказаў — АП зрабіў.
Апалітычных беларусаў такая інфармацыя, безумоўна, парадуе. А вось тут самы час растлумачыць, што за кошт прэмій па выніках года ў Беларусі заработная плата ў снежні адносна лістапада ўзрасла прыблізна на 11%, каб потым прыкладна на такі ж працэнт знізіцца ў студзені.
Цяперашні снежань апынуўся рэкордным. Месячная прыбаўка склала 158,4 руб. (+18,9% да лістапада). А што чыноўнікам рабіць? Мае «Азбукі паліталогіі» яны не чытаюць, але пра тое, што АП запатрабаваў «$ 500 — кроў з носу ў гэтым годзе», не могуць не ведаць.
Аднак — і тут АП абсалютна мае рацыю — для павышэння заработнай платы неабходны рост прадукцыйнасці працы. І што ж мы маем па факце? Гадавыя дадзеныя па змене прадукцыйнасці працы па ВУП яшчэ не апублікаваныя, але за студзень-лістапад яе рост склаў 3,6%. Скажам шчыра, не вельмі ўражвае.
І тут варта было б нагадаць выбаршчыкам пра 2011 год з яго трохразовай дэвальвацыяй рубля і трохзначнай інфляцыяй, а заадно і пра тое, па чыёй канкрэтна віне такое стала магчыма ва ўмовах спрыяльнай знешняй кан’юнктуры.
Дарэчы, многія пра магчымыя наступствы снежаньскага атракцыёну «нечуваная шчодрасці» здагадаліся самастойна. Дваццаць тры месяцы беларусы застаюцца чыстымі прадаўцамі наяўнай валюты, але ў снежні перавышэнне продажу над пакупкамі склала ўсяго $ 22 мільёны пры сярэднегадавой «норме» ў $ 200 мільёнаў.
Добра, у каго запас на ліхі час. Жыццё прывучыла беларусаў рабіць запасы ў цвёрдай валюце, а не ў рублях.